Выбрать главу

— Ёсць толькі адна магчымасць праверыць гэта — эксперыментальным шляхам!

— Ты хочаш уступіць у кантакт з пылам, Якуб?

— Так, капітан. Дазволіш?

З аднаго боку, прычын адмаўляць суднаваму лекару ў Бянткоўскага не было, а з іншага — ён не мог не прыслухацца да меркавання работніка службы бяспекі.

— Хто ведае, што мы можам страціць?.. З табой пойдуць Гедройц і Смаляк!

— Дзякуй, камандзір! — расквітнеў ва ўсмешцы суднавы лекар. — Навука цябе не забудзе!

— Едка, возьмеце пісталеты!

— У гэтым няма патрэбы! — запярэчыў Хурда.

— Гэта не абмяркоўваецца, Якуб!.. Што ты скажаш яму?

— Пра людзей, Зямлю, сонечную сістэму. Пра культуру і навуку.

— Думаеш, ён зразумее цябе?

— Носьбіты розуму заўсёды зразумеюць адзін аднаго! — суднавы лекар сапраўды верыў у тое, што казаў. Шчыра, як могуць верыць толькі рамантыкі.

— Табе трэба час на падрыхтоўку?

— У мяне ўсё тут! — Хурда пастукаў сябе пальцам па ілбе.

— Праз гадзіну Разыцень выпусціць вас!

Шэсцьдзясят хвілін здаліся суднаваму лекару вечнасцю. Увесь гэты час Хурда не знаходзіў сабе месца, аднак прасіць Бянткоўскага фарсіраваць падзеі не адважыўся.

Нарэшце знешнія створкі шлюзавай камеры расчыніліся, і суднавы лекар ступіў на борт «Ёгана Кеплера». Пылу дадалося — цяпер яго ўзровень даходзіў да калена.

— Цікава, як ён перасоўваецца?

— Гэта нам яшчэ трэба будзе высветліць, Сцебут.

— А мы не расціснем яго?

— Як можна расціснуць пыл? — толькі загад Бянткоўскага ўтрымліваў Гедройца ад таго, каб дастаць зброю.

Хурда спыніўся ля самай вялікай гары пылу.

— Людская раса вітае вас і працягвае вам руку дружбы! — нічога не адбылося, аднак Хурду гэта не засмуціла. Ён зноў звярнуўся да чужой формы жыцця.

— Падобна да вар’яцтва! — Смаляк адкрыта гнёўся выкананнем загаду кашта­на. На твары інжынера-тэхніка без цяжкасці чыталася ўсё, што ён думае пра кантакт і суднавага лекара. Гедройц моўчкі пазіраў па баках.

Хурда адрасаваў чужой форме жыцця пранікнёную прамову. Ледзь не ў кожным сказе гучалі словы «сяброўства» і «супрацоўніцтва».

Хвіліны цяклі, а пыл заставаўся пылам.

— Не хочуць мець зносіны! — у наступнае імгненне Смаляк рэзка адхіснуўся: гара пылу за метр ад яго пачала імкліва закручвацца спіраллю да столі. Воблака прыняло форму чалавека трох метраў ростам. З-за глянцавага бляску постаць здавалася зацягнутай у чорны латэкс. Затым фігур стала тры.

Вочы суднавага лекара запаліліся захапленнем. Ён сказаў:

— Мы прыйшлі з мірам!

«Як банальна!» — толькі і паспеў падумаць работнік службы бяспекі.

Выхапіць пісталет інжынер-тэхнік не паспеў — за лічаныя долі секунды воблака паглынула яго. Дзікі крык, ад якога стыла ў жылах кроў, аглушыў.

Гедройц вылаяўся і, схапіўшы Хурду за руку, пацягнуў яго да «кішкі» перахадніка, на хаду выдзіраючы зброю. Праўшы аказалася не так проста дзейнічаць левай рукой. Работнік службы бяспекі даў рады. Стрэл прагрымеў у той момант, калі адна з фігур кінулася да ратавальнікаў.

Куля прайшла скрозь пыл, не прычыніўшы яму шкоды, і з непрыемным звонам ударыла ў пераборку.

— Камандзір, на нас напалі! Смаляк забіты! Камандзір?.. Кінбут, ты чуеш мяне? — Гедройц раз за разам націскаў на спускавы кручок. Як і раней, фігуры пераставалі быць маналітнымі. — Д’ябал!

Затвор стаў на затрымку.

Набраць пяць лічбаў на панэлі атрымалася не адразу. Яшчэ некалькі секунд сышло на тое, каб адчыніць знешнія створкі шлюзавай камеры. Увесь гэты час работнік службы бяспекі чакаў удару ў спіну.

Гедройц ударыў па кнопцы. Створкі пачалі стульвацца павольна, нараджаючы жаданне дапамагчы ім. На здзіўленне работніка службы бяспекі, пыл не стаў пераследаваць ратавальнікаў — абедзве фігуры застылі ў дзірцы. Нібы нейкая нябачная сіла не дазваляла ім рухацца далей.

— ...ніклі, Едка?

— Пыл забіў Смаляка, камандзір!

— Што?

— Ён раптам напаў на Сцебута. Мы нічым не маглі яму дапамагчы!

— Д’ябал! Вы цэлыя?

— Так, толькі крыху перахваляваліся!

— Я высылаю да вас Валовіча і Геліча!

— Напэўна, я нешта сказаў ці зрабіў не так! — Хурда не выглядаў спалоханым. Хутчэй збянтэжаным. — Высокаарганізаваныя істоты не могуць нападаць без прычы ны. У гэтым няма ніякай логікі! Паміж мыслячымі стварэннямі не можа быць бездані!

Мацаючы позіркам па пераборцы, Гедройц зарадзіў пісталет.

Апранутыя ў скафандры інжынер-механік і інжынер-радыст чакалі таварышаў за ўнутранымі створкамі. Пад прыкрыццём аўтаматычных вінтовак работнік служ­бы бяспекі адчуў сябе больш упэўненым.