— Апамятайся, пыл заб’е цябе, як Смаляка і экіпаж «Ёгана Кеплера»!
— Я буду дзейнічаць інакш, Едка.
— Ты не толькі заб’еш нас усіх, але і загубіш Зямлю!
— Розум зразумее розум.
— Калі толькі адзін з іх не хворы!
— Замаўчы, Едка! — як ні стараўся суднавы лекар кантраляваць сябе, раздражненне вырвалася вонкі. — Мне надакучыла слухаць тваю бязглуздзіцу! І капітан таксама малайчына — паверыў у гэтыя ідыёцкія балачкі пра злых іншапланецян!
— Можа, таму, што яны не даюць нам падставы думаць інакш?
— Замаўчы! — раздражненне ўзмацнілася шматкроць. Рукі брыдка дрыжалі. — Не прымушай мяне забіваць!
— Ты перастаў быць чалавекам, калі пыл стаў табе даражэйшым за людзей...
— ЗАМАЎЧЫ! — выводзілі з сябе не толькі словы работніка службы бяспекі, але і поўныя спагады погляды таварышаў. — Марш у кают-кампанію!
Страшэнны ўдар патрос зоркалёт. Ратавальнікі паваліліся на падлогу. Праз некалькі секунд рушыў услед другі ўдар. І без паўзы — трэці.
Пыл пайшоў у атаку.