— Чаму сьлініцца? — запытаўся Джэк і нават выпрастаўся на сваім ложку, пачуўшы пра новыя жахі.
— Дык-жа жывое срэбра табе ў кроў пралезе, таму яно так і выходзіць. А дзясны ўсе апухнуць, нібы ў цябе цынга, толькі яшчэ горш, і зубы пачынаюць калыхацца. I на раны паб’е. Так і памрэш пакутнаю сьмерцю. Самы здаровы чалавек, і той доўга не пражыве ў капальнях па здабываньні жывога срэбра.
Усе замоўклі.
— Кепска спрафа, — горка паўтарыў немец. — Кепска спрафа! I чаму я не ў Іокогаме? Га? Гэта яшчэ што?
Судно раптам нахілілася, палуба ўзьнялася. Малая міска з грукатам і звонам скацілася па нахіленай дошцы. Зьверху пачуліся, як захлюпалі парусы і задрыжаў бакавы лік-трос[6]. Потым голас штурмана[7] закрычаў у люк:
— Усе на палубу, стаўце парусы!
Ніколі яшчэ так ня слухаліся такога загаду, як цяпер. Цішыня мінулася. Узьняўся вецер, які адгоніць іх на поўдзень у вольнае мора. З радаснымі крыкамі ўсе кінуліся на палубу. Працавалі скора і акуратна. Пакуль яны зьбіраліся з адпраўкай, туманная заслона разьвеялася і маракі ўбачылі чорны купал неба, усыпаны зоркамі. Калі ўсё было скончана, «Мэры Томас» борзда паімчалася на поўдзень.
— Агні параходу сьпераду, сэр! — крыкнуў вартавы.
Голас яго быў устрывожаны. Капітан паслаў Буба ўніз па начны бінокль. Усе скучыліся на падветраным баку і глядзелі на ня вельмі жаданае для іх, незнаёмае судно. Ужо сталі вылучыцца з цемені яго нявыразныя контуры. У гэтай частцы мора амаль ніхто ня бывае, і мог быць адзін выпадак з тысячы, што перад імі ня рускае патрульнае судно. Шкіпер усё яшчэ з трывогай глядзеў у бінокль, калі на барту незнаёмага судна ўспыхнула полымя, а потым загрымеў гарматны стрэл. Так, гэта было патрульнае судно, якое страляла, каб прымусіць «Мэры Томас» спыніцца.
— Спыніць! — крыкнуў шкіпер рулявому; голас яго зусім перамяніўся. Потым ён аддаў загады камандзе.
Неўзабаве «Мэры Томас» сьцішыла ход.
Крэйсэр падышоў бліжэй і спусьціў шлюпку. Паляўнічыя за цюленямі глядзелі на ўсё гэта з жудасным маўчаньнем. Яны маглі бачыць белыя контуры шлюпкі, што павольна спускалася на ваду. Убачылі і людзей у шлюпцы, а потым да іх вушэй даляцела каманда афіцэраў. Шлюпка рванулася наперад і накіраваліся да іх. Падплыўшы блізка, афіцэр і два матросы па спушчанай вяроўцы ўзьлезьлі на судно. Потым шлюпка адплылася далей, — туды, дзе вада была спакайнейшая; вёслы былі ўзьняты над вадою, а на карме, каля руля, застаўся малады мічман[8].
Афіцэр спусьціўся ўніз са шкіперам «Мэры Томас», каб праверыць дакуманты. Праз некалькі хвілін ён вышаў на палубу. Яго матросы ўжо зьнялі брэзэнт з люку, і ён з ліхтаром спусьціўся ў трум, каб паглядзець на засоленыя шкуры. Перад яго вачыма ляжаў някепскі запас: паўтары тысячы сьвежых шкур — здабыча гэтага плаваньня; і, прымаючы ўсё пад увагу, ён мог зрабіць толькі адно заключэньне.
Вярнуўшыся на палубу, ён загаварыў на сапсутай ангельскай мове да шкіпера шхуны.
— Я вельмі шкадую, але мой абавязак патрабуе, каб я арыштаваў, імем цара, ваша судно, як захопленае ў забароненай вадзе са сьвежымі шкурамі. Вам павінна быць вядома, што гэта вас чакае турма.
Капітан «Мэры Томас» паціснуў плячыма, прыкінуўшыся зусім спакойным. Хоць такія мужныя людзі і ўмеюць хаваць свае пачуцьці, але дарэмная напасьць іншы раз можа давесьці іх траха не да сьлёз. А цяпер перад яго вачыма ўсплыло: маленькі домік у Каліфорніі, жонка і два бялявыя хлапчукі; нейкі дзіўны клубок вырас у горле, і яму стала страшна. Калі-б толькі ён паспрабаваў загаварыць, дык расплакаўся-б.
А на ім-жа была адказнасьць за ўсю каманду. Ён ня мог, не павінен быў паказаць сябе слабым, бо яго абавязак — быць цьвёрдым і мужным да канца, каб падтрымаць іх у бядзе. Ён ужо растлумачыў пра ўсё афіцэру і ведаў, што паратунку няма. Як сказаў «Морскі Законьнік», усе факты былі супроць іх. Капітан адвярнуўся і пачаў хадзіць узад і ўперад гіа шхуне, якою ён ужо не камандаваў.
Рускі афіцэр часова ўзяўся камандваць сам. Ён выклікаў на шхуну яшчэ некалькі сваіх матросаў і загадаў зьняць усе парусы. Калі гэта было зроблена, шлюпка падплыла да крэйсэра і вярнулася назад з цяжкою вяроўкаю; канец гэтай вяроўкі быў прывязаны за шхуну «Мэры Томас». Пакуль гэта рабілася, сумныя матросы стаялі групамі навокал. Нельга было і думаць пра вызваленьне, калі жаралы гарматаў былі так блізка, што ў іх можна было папасьці сухаром. Але памагаць яны адмаўляліся, а стаялі і маўчалі, як анямелыя. Скончыўшы з гэтаю работаю, афіцэр адаслаў сваіх матросаў назад у шлюпку, пакінуўшы толькі чацьвярых. Потым мічман — хлопчык гадоў шаснаццаці,—які выглядаў залішне дарослым і пажным у сваім мундзіры з корцікам, узьлез на борт, каб узяць каманду над захопленаю шхунаю. Перад самым адходам афіцэр выпадкова зірнуў на Буба. Ня кажучы ні слова, ён схапіў яго за руку і спусьціў цераз борт у лодку; потым махнуўшы на разьвітаньне рукою, накіраваўся і сам у лодку.
7
Штурман — праваднік судна, які наглядае за работай рулявых матросаў і загадвае сыгнальнай часткаю.