Выбрать главу

Джэры ўважлiва сачыў за яе тварам.

— Тут сказана, што Цiмi — хлопчык-малпа. Што гэта значыць, мiс Фэлоўз?

Яна схапiла яго за руку, з цяжкасцю стрымаўшы жаданне добра страсянуць яго.

— Нiколi не гавары так, Джэры. Нiколi. Ты разумееш гэта? Гэта брыдкае слова, i ты не павiнен ужываць яго.

Перапалоханы Джэры адчайна вырываўся з яе рук.

Мiс Фэлоўз раз'юшана рвала газету.

— А цяпер iдзi i гуляй з Цiмi.

Нарэшце прыйшла дзяўчына. Мiс Фэлоўз нiколi не бачыла яе. Нiхто з пастаянных служачых Стасiса, што зрэдку падмянялi яе цяпер, у сувязi з наблiжэннем ажыццяўлення праекта, памагчы ёй не мог. Аднак сакратарка Хоскiнса абяцала ёй памагчы знайсцi якую-небудзь дзяўчынку.

— Вы i ёсць тая дзяўчынка, якую прымацавалi да Першай Секцыi Стасiса? стараючыся стрымаць дрыжанне ў голасе, спыталася мiс Фэлоўз.

— Так, гэта я. Завуць мяне Мэндзi Тэрыс. А вы мiс Фэлоўз?

— Правiльна.

— Даруйце, што я крыху спазнiлася. Усюды такая сумятня.

— Я ведаю. Я хачу, каб вы…

— Вы ж будзеце глядзець, праўда? — перабiла яе Мэндзi. На яе прыгожанькiм, тонкiм, але нейкiм пустым твары адбiлася пякучая зайздрасць.

— Гэта не мае значэння. Я хачу, каб вы пазнаёмiлiся з Цiмi i Джэры. Яны будуць гуляць гадзiны са дзве i не наробяць вам нiякага клопату. I м пакiнута малако, у iх многа цацак. Будзе нават лепш, калi вы не будзеце iм перашкаджаць. А цяпер я пакажу вам, дзе што знаходзiцца i…

— Гэты Цiмi — хлопчык-мал…?

— Цiмi — дзiця, якое жыве ў Стасiсе, — рэзка перапынiла яе мiс Фэлоўз.

— Я хацела сказаць, што Цiмi — гэта той, каму нельга выходзiць з дому. Цi ж не так?

— Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.

I калi ёй, нарэшце, удалося пайсцi, услед ёй пачуўся пранiзлiвы голас Мэндзi Тэрыс:

— Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далiбог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.

Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзi, ёй удасца захаваць стрыманасць, мiс Фэлоўз, нават не азiрнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.

* * *

Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабiлася толькi да экрана ў Зале сходаў. Калi б ёй пашанцавала апынуцца паблiзу ад месца, дзе праводзiцца эксперымент, калi б толькi яна магла падысцi да якога-небудзь чуйнага прыбора, калi б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент…

Яна знайшла ў сабе сiлы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора нi да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго i паставяць эксперымент нанава… А ёй нiколi не дазволяць вярнуцца да Цiмi.

Нiшто не магло ёй дапамагчы. Нiшто, апрача натуральнага i прытым непапраўнага правалу эксперыменту.

I ў тыя iмгненнi, калi адлiчвалiся апошнiя секунды, ёй заставалася толькi чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялiзным экране, уважлiва ўзiрацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнiкаў, калi то адзiн, то другi з iх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у iх позiрках выраз неспакою i няўпэўненасцi, як доказу ўзнiкнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленнi эксперыменту, яна нi на секунду не адводзiла вачэй ад экрана…

Але яе надзеi не спраўдзiлiся. Была адлiчана апошняя секунда, i вельмi спакойна, без лiшняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!

У нядаўна пабудаваным новым памяшканнi Стасiса стаяў барадаты сутулы селянiн няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзеннi i драўляных сандалях; ён з тупым жахам азiраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.

I ў той момант, калi ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, мiс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мiтуснi. Яе штурхалi, шпурлялi, ледзь не тапталi нагамi, а яна стаяла сярод натоўпу, якi вiраваў, трыумфаваў, i ўсё больш сцiскалася пад цяжарам страчаных надзей.

I калi скрыпучы голас у дынамiку назваў яе iмя, гэта дайшло да яе свядомасцi толькi пасля трохразовага паўтору.

— Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, вас выклiкаюць у Першую Секцыю Стасiса. Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз…

— Прапусцiце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамiк, нi на секунду не спыняючыся, усё паўтараў i паўтараў адну i тую ж фразу.

Сабраўшы ўсю сваю сiлу, яна адчайна прабiвалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся нi перад чым, пусцiўшы ў ход нават кулакi, раздаючы направа i налева кухталi, яна ўвесь час вязла ў людскiм вiры, але ўсё ж такi рухалася да выхаду.

* * *

Мэндзi Тэрыс рыдала.

— Я проста не магу сабе ўявiць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькi на адну хвiлiнку, каб зiрнуць на той маленькi экран, якi яны паставiлi ў калiдоры. I раптам, перш чым я паспела штосьцi зрабiць… Вы самi сказалi мне, што яны нiчога не наробяць, вы самi параiлi мне пакiнуць iх адных! выкрыкнула раптам Мэндзi, пераходзячы ў наступленне.

— Дзе Цiмi? — гледзячы на яе няўцямнымi вачыма, спыталася мiс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.

Адна сястра працiрала ў Джэры руку дэзiнфiцыйнымi сродкамi, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.

— Ён укусiў мяне, мiс Фэлоўз! — душачыся ад злосцi, крыкнуў Джэры. — Ён укусiў мяне!

Але мiс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагi.

— Што вы зрабiлi з Цiмi? — крыкнула яна.

— Я зачынiла яго ў ваннай, — адказала Мэдзi. — Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару i замкнула яе там.

Мiс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домiк. Яна замарудзiлася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчынiць дзверы i знайсцi ў кутку свайго выродлiвага хлапчука.

— Не бiце мяне, мiс Фэлоўз, — прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелi, вусны дрыжалi. — Я не хацеў гэтага.

— О Цiмi! Чаму ты думаеш, што я буду цябе бiць? — падхапiўшы дзiця на рукi, яна моцна прытулiла яго да сябе.

— Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне бiць, бiць, бiць…

— Нiхто цябе не будзе бiць. Вельмi нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?

— Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я — жывёлiна.

З вачэй у Цiмi палiлiся слёзы.

— Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмi смешны, што я жахлiва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, i я ўкусiў яго.

Цяпер яны плакалi абое.

— Але ж ты ведаеш, Цiмi, што гэта няпраўда, — усхлiпваючы, сказала мiс Фэлоўз, — i ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны i сама харошы хлопчык на свеце. I нiхто, нiхто нiколi цябе ў мяне не адбярэ.

Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабiць. Але дзейнiчаць трэба было хутка, Хоскiнс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын…

Гэта павiнна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калi амаль усе служачыя Стасiса будуць альбо спаць, альбо весялiцца ў сувязi з паспяховым ажыццяўленнем «Праекта Сярэднявечча».

Яна вернецца ў Стасiс у нязвычны час, але ж гэта здаралася i раней. Ахоўнiк добра ведае яе, i яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкiх тлумачэнняў. Ён i ўвагi не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькi прарэпетыравала гэтую такую простую фразу «Гульнi хлопчыкам», а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.

I ён паверыў.

Калi яна зноў паявiлася ў памяшканнi домiка, Цiмi яшчэ не спаў, i яна, як магла, старалася паводзiць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з iм пра яго сны i выслухала яго роспыты пра Джэры.