I потым яе ўбачаць нямногiя, i нiкому не будзе нiякай iцкавасцi да таго клунка, якi яна будзе несцi. I Цiмi будзе паводзiць сябе вельмi спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi.[1] Задуманае здзейснiцца, i якi толк спрабаваць выправiць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. I м абаiм будзе падаравана жыццё.
Яна адчынiла чамадан i выцягнула з яго палiто, шарсцяную шапку з навушнiкамi i яшчэ сёе-тое.
— Мiс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? — устрывожыўшыся, спытаўся Цiмi.
— Я хачу вывесцi цябе адсюль, Цiмi. Мы адправiмся ў краiну тваiх сноў, адказала яна.
— Маiх сноў? — яго твар засвяцiўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.
— Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павiнен баяцца, калi ты са мной. Праўда, Цiмi?
— Праўда, мiс Фэлоўз, — ён прытулiўся да яе галоўкай, i, абняўшы яго, яна адчула пад рукою бiццё яго маленькага сэрца.
Надышла поўнач. Мiс Фэлоўз узяла Цiмi на рукi, выключыла сiгналiзацыю i асцярожна адчынiла дзверы.
I тут з яе грудзей вырваўся крык жаху — яна апынулася тварам у твар з Хоскiнсам, якi стаяў на парозе.
З iм былi яшчэ двое, i, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.
Мiс Фэлоўз апомнiлася на нейкую долю секунды раней за яго i паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такi апярэдзiў яе. Ён груба схапiў яе i адштурхнуў назад у глыбiню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнiм увайсцi ў пакой i сам стаў каля выхаду, засланiўшы дзверы.
— Гэтага я не чакаў. Вы зусiм звар'яцелi?
Калi Хоскiнс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, i Цiмi амаль не ўдарыўся.
— Што здарыцца, калi я вазьму яго з сабой, доктар Хоскiнс? — як малiтву вымавiла яна. — Няўжо страта энергii вам даражэй за чалавечае жыццё?
Хоскiнс рашуча вырваў у яе з рук Цiмi.
— Страта энергii ў такiх памерах прывяла б да страты многiх мiльёнаў даляраў у кiшэнях укладчыкаў. Гэта катастрафiчна затармазiла б работы, якiя вядзе акцыянерная кампанiя «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Гэта азначала б, што ўсiм i кожнаму стала б вядомая гiсторыя жаласлiвай медсястры, якая прычынiла каласальныя страты кампанii ў iмя ўратавання хлопчыка-малпы.
— Хлопчык-малпа! — у бяссiльным адчаi ўсклiкнула мiс Фэлоўз.
— Пад такiм прозвiшчам ён фiгураваў бы ў апiсаннях гэтае падзеi.
А тым часам адзiн з тых, хто прыйшоў з Хоскiнсам, пачаў працягваць праз адтулiны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Мiс Фэлоўз успомнiла шнур, што вiсеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за якi некалi таргануў Хоскiнс.
— Не! — закрычала яна.
Але Хоскiнс апусцiў Цiмi на падлогу i, асцярожна зняўшы з яго палiто, сказаў:
— Заставайся тут, Цiмi, з табою нiчога не здарыцца. Мы толькi выйдзем на хвiлiнку з пакоя. Добра?
Цiмi збялеў, яму заняло мову, аднак ён знайшоў у сабе сiлы сцвярджальна кiўнуць галавой. Хоскiнс вывеў мiс Фэлоўз з лялечнага домiка, трымаючыся на ўсякi выпадак ззаду. На нейкi мiг мiс Фэлоўз страцiла здольнасць супрацiўляцца. Яна тупа сачыла за тым, як замацоўвалi на сцяне канец шнура.
— Мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, — сказаў Хоскiнс, — я ахвотна пазбавiў бы вас гэтага вiдовiшча. Я хацеў гэта зрабiць ноччу, каб вы даведалiся пра ўсё ўжо пасля.
— I ўсё з-за таго, што перапала вашаму сыну, якi замучыў гэтае дзiця так, што яно ўжо не змагло авалодаць сабой?
— Паверце мне, што не ў гэтым прычына. Мне зразумела, што тут сёння адбылося, i я ведаю, што ва ўсiм вiнаваты Джэры. Але гэтая гiсторыя ўжо набыла розгалас, ды iнакш i быць не магло пры такой колькасцi карэспандэнтаў, якiя сабралiся тут у такi дзень. Я не магу рызыкаваць i дапусцiць, каб iлжывыя чуткi пра нашу неахайнасць i так званых «дзiкiх неандэртальцаў» трапiлi ў друк i прынiзiлi значэнне поспеху «Праекта Сярэднявечча». Так цi iнакш Цiмi ўсё роўна павiнен неўзабаве знiкнуць, дык чаму б яму не знiкнуць цяпер, стрымаўшы тым самым iмпэт ахвотнiкаў да сенсацый i зменшыўшы тую колькасць бруду, якi яны на нас пастараюцца вылiць.
— Але ж гэта не тое самае, што адправiць у мiнулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.
— Гэта не забойства. Ён нiчога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам i трапiць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём…
— Якое ж гэта жыццё? Яму ўсяго сем гадоў, i ён прывык, каб яго кармiлi, адзявалi, аберагалi. Ён будзе адзiнокi, за гэтыя ж чатыры гады яго племя магло пайсцi з таго месца, дзе ён яго пакiнуў. А калi нават племя яшчэ там, дзiця нiхто не пазнае, ён вымушаны будзе сам пра сябе клапацiцца, а яму ж не было дзе навучыцца гэтаму.
Хоскiнс бездапаможна пахiтаў галавою.
— О Божа, няўжо вы лiчыце, мiс Фэлоўз, што мы не думалi пра гэта? Хiба вы не разумееце, што мы вызвалi з мiнулага дзiця толькi таму, што гэта была першая чалавечая цi, дакладней, паўчалавечая iстота, якую нам удалося зафiксаваць, i мы баялiся адмовiцца ад гэтага, бо не былi ўпэўнены, што нам удасца так жа вось удала паўтарыць тую спробу? Як вы думаеце, няўжо мы трымалi б Цiмi так доўга, калi б нас не бянтэжыла неабходнасць адаслаць яго назад у мiнулае?! Мы робiм гэта цяпер таму, — у яго голасе загучала рашучасць адчаю, што мы не можам больш чакаць. Цiмi можа паслужыць прычынай той шумiхi, якая скампраметуе нас. Мы цяпер на парозе вялiкiх адкрыццяў, i мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, але мы не можам дапусцiць, каб Цiмi перашкодзiў нам. Не можам. Я вельмi шкадую, мiс Фэлоўз, але гэта так.
— Ну што ж, — журботна вымавiла мiс Фэлоўз. — Дазвольце мне хоць развiтацца з iм. Дайце мне пяць хвiлiн, я больш нiчога не прашу.
— Iдзiце, — пасля пэўнага вагання сказаў Хоскiнс.
Цiмi кiнуўся ёй насустрач. Апошнi раз ён падбег да яе, i яна апошнi раз прытулiла яго да сябе.
Нейкае iмгненне яна моўчкi тулiла яго, сцiскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку i села.
— Не бойся, Цiмi.
— Я нiчога не баюся, калi вы са мною, мiс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмi злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?
— Не. Ён проста нас з табою не разумее… Цiмi, ты ведаеш, што такое мацi?
— Гэта як мама ў Джэры?
— Ён расказваў табе пра сваю мацi?
— Зрэдку. Мне здаецца, што мацi — гэта жанчына, якая пра цябе клапоцiцца, якая да цябе добра ставiцца i робiць табе шмат добрага.
— Правiльна. А табе калi-небудзь хацелася мець мацi, Цiмi?
Цiмi адкiнуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволi працягнуў руку i пачаў гладзiць яе па шчацэ i валасах, як некалi даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасiсе, яна сама гладзiла яго.
— А хiба ты не мая мацi? — спытаўся.
— О Цiмi!
— Вы злуецеся, што я так спытаўся?
— Не, што ты, вядома, не.
— Я ведаю, што вас завуць мiс Фэлоўз, але… iншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нiчога кепскага?
— Не, не! Я нiколi не пакiну цябе, i з табой нiчога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапацiцца пра цябе. Скажы мне: «Мама». Але так, каб я чула.
— Мама, — задаволена вымавiў Цiмi, прытулiўшыся шчакой да яе твару.
Яна паднялася i, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму i крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапiлася за працягнуты ў сцяне шнур i ўсiм цяжарам павiсла на iм.
Стасiс быў прарваны. Пакой апусцеў.