Пакуль Хоскiнс даваў тлумачэннi, карэспандэнты штосьцi дзелавiта страчылi ў сваiх блакнотах. З усяго сказанага яны нiчагусенькi не зразумелi i былi перакананыя, што тое ж самае будзе i з iх чытачамi: аднак усё гучала вельмi навукова, а менавiта гэта i было патрэбна.
— Вы зможаце сёння вечарам даць iнтэрв'ю? — спытаўся прадстаўнiк «Таймс-Геральд». — Яно будзе перадавацца па ўсiх каналах.
— Думаю, што змагу, — хутка адказаў Хоскiнс, i карэспандэнты пайшлi.
Мiс Фэлоўз моўчкi глядзела iм услед. Усё, што было сказана пра Стасiс i пра часавыя сiлавыя лiнii, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоiла цвёрда: Цiмi (яна злавiла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цiмi) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасiса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскiнса. Вiдаць, i сапраўды немажлiва было выпускаць яго адсюль. Нiколi.
Беднае дзiця. Беднае дзiця.
Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, i яна паспяшалася назад, каб супакоiць яго.
Мiс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскiнса. Хоць ягонае iнтэрв'ю перадавалася не толькi ў сама аддаленых куточках Зямлi, а нават на станцыi на Месяцы, яно не пранiкла ў маленькую кватэрку, дзе жылi цяпер яна i выродлiвы хлапчук.
На ранiцу Хоскiнс спусцiўся да iх, ззяючы ад трыумфу.
— Iнтэрв'ю прайшло ўдала? — спыталася мiс Фэлоўз.
— Выключна ўдала. А як маецца… Цiмi?
Пачуўшы, што ён назваў хлопчыка па iмю, мiс Фэлоўз была прыемна здзiўлена.
— Усё ў парадку. Iдзi сюды, Цiмi, гэта добры чалавек, ён цябе не пакрыўдзiць.
Але Цiмi не захацеў выйсцi з другога пакоя, i з-за дзвярэй быў вiдаць толькi касмыль яго злямцаваных валасоў ды час ад часу нясмела паказвалася адно блiскучае вока.
— Хлопчык надзiва хутка прывыкае да новых абставiн, што нi кажы, ён даволi кемлiвы.
— Вас гэта здзiўляе?
— Так. Баюся, што i я спачатку палiчыла яго за дзiця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.
— Кiм бы ён там нi быў, а пакуль што ён вельмi шмат зрабiў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Мы цяпер на канi, так, мы на канi.
Вiдаць, яму не цярпелася падзялiцца з кiм-небудзь сваiм трыумфам, хай сабе нават з ёй, з мiс Фэлоўз.
— Як жа вам удалося гэта зрабiць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскiнсу магчымасць выказацца.
Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Хоскiнс працягваў:
— Дзесяць гадоў мы працавалi, маючы вельмi абмежаваныя сродкi, дабываючы дзе толькi можна лiтаральна кожны пенс. Мы былi проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставiць на карту. Запэўнiваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклiкаць з глыбiнь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усiх грошай, якiя ўдалося назбiраць, дзе пазычаючы, а дзе i крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлi сродкi, асiгнаваныя на iншыя мэты. Iх мы скарысталi без дазволу. Калi б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.
— Таму ў домiку няма столi? — перапынiла яго мiс Фэлоўз.
— Што вы сказалi?
— Вам не хапiла грошай на столь?
— А! Бачыце, гэта было не адзiнай прычынаю. Па праўдзе кажучы, мы не маглi адгадаць дакладны ўзрост неандэртальца. Нашы мажлiвасцi дакладнага выяўлення асаблiвасцей аб'екта, так аддаленага ад нас у часе, пакуль што абмежаваныя, i ён мог аказацца iстотаю велiзарнага росту, а ў гэтым выпадку нам давялося б мець зносiны з iм на адлегласцi, як з пасаджанай у клетку жывёлаю.
— Але паколькi ваша боязь не апраўдалася, вы маглi б цяпер, здаецца мне, наслаць столь.
— Цяпер так. У нас цяпер многа грошай. Усё гэта цудоўна, мiс Фэлоўз. Усмешка не сыходзiла з яго шырокага твару, i калi ён павярнуўся, каб пайсцi, здавалася, што нават спiна яго ўсмiхаецца.
«Ён даволi прыемны чалавек, як забудзецца i скiне маску адлучанага ад усяго зямнога вучонага», — падумала мiс Фэлоўз.
Ёй раптам захацелася даведацца, цi жанаты ён, але, спахапiўшыся, яна адагнала ад сябе гэтую думку.
— Цiмi, — паклiкала яна, — iдзi сюды, Цiмi!
За прайшоўшыя з таго дня месяцы мiс Фэлоўз усё больш i больш пачынала адчуваць сябе неад'емнай часткай аб'яднанай кампанii «Стасiс». Ёй быў дадзены асобны невялiчкi кабiнет, на дзвярах якога красавалася таблiчка з яе iмем. Кабiнет быў даволi блiзка ад лялечнага домiка (так яна называла камеру Стасiса, у якой жыў Цiмi). Плацiлi ёй цяпер намнога больш, чым спачатку, а ў лялечным домiку наслалi, нарэшце, столь i палепшылi ўнутранае абсталяванне: быў зроблены другi туалетны пакой, i, мала таго, яна атрымала ўласную кватэру на тэрыторыi Стасiса, i часам ёй удавалася нават там начаваць. Памiж лялечным домiкам i гэтай яе новай кватэраю правялi ўнутраны тэлефон, i Цiмi навучыўся iм карыстацца.
Мiс Фэлоўз прывыкла да Цiмi настолькi, што нават менш стала заўважаць яго пачварнасць. Аднойчы на вулiцы яна злавiла сябе на тым, што нейкi хлопчык, што трапiўся ёй на дарозе, здаўся ёй надзвычай непрывабным — у яго быў высокi выпуклы лоб i з рэзкiмi абрысамi падбародак. Ёй давялося зрабiць над сабой намаганне, каб пазбыцца гэтага наслання.
Куды больш прыемна было прывыкаць да выпадковых наведванняў Хоскiнса. Было зусiм вiдавочна, што ён з задавальненнем расставаўся на нейкi час са сваёй роллю кiраўнiка акцыянернай кампанii «Стасiс», якая яго стамляла, i што дзiця, з паяўленнем якога быў звязаны цяперашнi росквiт, абуджала ў iм нешта накшталт сентыментальнасцi. Але мiс Фэлоўз здавалася, што яму было прыемна гутарыць з ёй. (За гэты час яна даведалася, што Хоскiнс распрацаваў метад аналiзу адбiцця мезоннага промня, якi пранiкаў у мiнулае, яго вынаходнiцтвам быў i сам Стасiс. Халоднасць яго была чыста вонкавая, ёю ён спрабаваў замаскiраваць прыродную дабрыню, i — о, так, так — ён быў жанаты.)
Да чаго мiс Фэлоўз нiяк не магла прывыкнуць, дык гэта да думкi, што яна ўдзельнiчае ў навуковым эксперыменце. Нягледзячы на ўсе намаганнi, яна ўсё больш адчувала сябе асабiста далучанай да ўсяго, што адбываецца, i не раз даходзiла да адкрытых сутычак з фiзiёлагамi.
Аднойчы, спусцiўшыся ўнiз, Хоскiнс убачыў яе ў такiм гневе, што здавалася, яна ў той момант здольная забiць чалавека. Яны не мелi права, яны не мелi права… Нават калi гэта быў неандэрталец, усё роўна гэта быў чалавек, а не жывёла.
Яна сачыла за фiзiёлагамi праз адчыненыя дзверы. Ледзь не аслепшы ад гневу, яна прыслухоўвалася да ўсклiкаў Цiмi. Раптам яна заўважыла побач з сабою Хоскiнса.
— Можна ўвайсцi? — спытаўся ён.
Злёгку кiўнуўшы, яна заспяшалася да Цiмi, якi прытулiўся да яе, ашчаперыў яе сваiмi маленькiмi крывымi i ўсё яшчэ вельмi худымi ножкамi.
— Вы ж ведаеце, што яны не маюць права праводзiць такiх доследаў над чалавекам, — сказаў Хоскiнс.
— А я рашуча заяўляю, доктар Хоскiнс, што яны не маюць права вырабляць гэта i з Цiмi. Вы неяк сказалi мне, што з'яўленне Цiмi дало жыццё Стасiсу. Калi вы адчуваеце хоць кроплю ўдзячнасцi, вы павiнны ўратаваць бедака ад гэтых людзей, ва ўсякiм разе да той пары, пакуль ён не падрасце настолькi, што пачне хоць крыху больш разумець. Пасля iх манiпуляцый ён не можа спаць, яго душаць кашмары. Я папярэджваю вас, — яе раз'юшанасць дасягнула кульмiнацыi, — што я iх больш сюды не пушчу! — Да яе свядомасцi дайшло, што яна перайшла на крык, але яна ўжо не валодала сабой. — Я ведаю, што ён неандэрталец, — крыху супакоiўшыся, працягвала яна, — але мы iх у многiм недаацэньваем. Я чытала пра неандэртальцаў. У iх была свая культура, i некаторыя з найвялiкшых чалавечых адкрыццяў, такiя, як, напрыклад, прыручэнне жывёл, вынаходнiцтва кола i розных тыпаў каменных жорнаў, былi зроблены менавiта ў iх эпоху. У iх, без сумнення, былi нават духоўныя патрэбы. Гэта вiдаць з таго, што пры пахаваннi яны клалi нябожчыку яго асабiстыя рэчы — значыць, яны верылi ў тагасветнае жыццё, магчыма, у iх ужо была нейкая рэлiгiя. Няўжо гэта не дае Цiмi права на чалавечныя адносiны?