Выбрать главу
Ясна, відочна выблісне думка ў паўсне. “Ранкам згадаю…” Прачнешся на досвітку – знікла без следу! Шкада…
* * *
Вусце Жодзінкі. Адарваў аерыну – гаркавы прысмак пяшчотнага парастка нагадаў мне маленства.

Лета

* * *
Утульны дворык... Першыя кроплі дажджу – пахне асфальтам.
* * *
Сад занядбаны, дол у пялёстках вішань. Ветраны вечар.
* * *
Апала вішня – і ў шарую гадзіну дзень абярнуўся.
* * *
Ледзь дакрануўся да дзьмухаўца – і адчуў: вецер над светам.
* * *
Вадасховішча... Вяслую ўздоўж чароту – лапочуць качкі.
* * *
Стаю ў лоджыі. Скончыўся цыганскі дождж. Рыпіць фрамуга.
* * *
Сярод палеткаў валуны пры трох дубах. Рэзкі крык сойкі…
* * *
Закінуў вуду – выпрабоўваю ўдачу. Чакаю знаку…
* * *
Вільготны вецер. Лунае цюль фіранкі. Гучыць Вівальдзі.
* * *
Знікае ў цемры ды зноў пад лампіёнам кажан крыляе.
* * *
Валошку згледзеў -- і рады той сустрэчы ў чужой старонцы.
* * *
Які шкіпінар выгнаў цябе з-пад зямлі, крот-небарака?
* * *
Закіпае джэм… Восы апаноўваюць мядовы вечар.
* * *
За каласочак схапіўся для падтрымкі ў хвіліну расстання.
* * *
Бензінавыя вясёлкі на асфальце -- прайшла залева.
* * *
Мятлікаў палёт абуджае паляну ў сонечных промнях.
* * *
Вясёлка знікла, і падалося раптам – сябрук пакінуў.
* * *
Перад дажджом паспеў накрыць дрывотню рубероідам.
* * *
Зумкае ў цемры камарыха-крывасмок… Якая прыкрасць!
* * *
Ступіў у цемру з-пад паветкі веранды… Пах медуніцы!
* * *
Спякотны дзень. Вераб’і купаюцца у пясочніцы.
* * *
Натоўп вірлівы… Пух ліпне, твар казыча – цвітуць таполі.
* * *
Пакой паўцёмны, напяты вэлюм гардзін – дынная поўня.
* * *
Абрысы хмарак відаць і праз шчыліны. Ляжу ў адрыне.
* * *
Ускраек мора… Аскепачкі бурштыну знаходжу зрэдку.
* * *
Батанічны сад… Углыб сажалкі адплыў спалоханы карп.
* * *
Мелісы й мяты назбіраў на гарбату ў суботні вечар.
* * *
Перапыніся – шапоча штось лістота пад сонцам жніўня.
* * *
Усміхаюся, скрозь вейкі пазіраю на Барселону.
* * *
Мяккая ўсмешка – павучок уверх папоўз ліпеньскім ранкам.
* * *
Сонца з-за хмары няпэўна пазірае. Спорны грыбасей.
* * *
Фольгу з дзьмухаўцом пад пляшачным аскепкам – “сакрэцік” ў пяску – паказваў я сяброўцы… Колькі мінула гадоў?!
* * *
Белыя перлы ружовымі сталіся ў сонечных промнях: на парэчках зіхацяць кроплі грыбнога дажджу.
* * *
Сарваны ветрам з вясельнага картэжу паветраны шар па бетоне паскакаў, а на газоне… лопнуў!
* * *
Па-над кар’ерам пры Валоўшчыне Малой скавыча вецер. Замаркочаны пясок струменіцца між пальцаў.
* * *
Заслаўскі кірмаш віруе гаманліва. Дзесь непадалёк сном тысячагадовым забылася Рагнеда.

Восень

* * *
Імжысты ранак... Зноўку пішу краявід на пустым пляжы.
* * *
Густа чмель гудзе ў медунічным водары. Вечар верасня.
* * *
Можа прачнешся, станеш спадарожнікам, сонны матылёк?
* * *
Занядбаны сад суседняга лецішча… Бабця хварэе.
* * *
Збуцвелі кветкі. Ападае насенне, нібыта слёзы.
* * *
Асенні вечар. Засунуў юшку ў печы. Адпачываю…
* * *
Калючы ржэўнік. Мусібыць да лецішчаў палёўкі імкнуць.
* * *
Амаль нячутны далёкі гул ад шашы… Позняя восень.