Выбрать главу

Анатоль Вярцінскі

Высокае неба ідэала

Літаратурная крытыка і публіцыстыка

Падрыхтаванае на падставе: Анатоль Вярцінскі. Высокае неба ідэала. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Мінск. «Мастацкая літаратура», 1980.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ТРЫ СУСТРЭЧЫ З СУРНАЧОВЫМ

Тройчы сустрэўся я з Міколам Сурначовым. Не асабіста, вядома. Асабіста сустрэцца мы з ім ужо не маглі. Хаця б па той простай прычыне, што ён, мужны воін і паэт, спачывае вось ужо шаснаццатую вясну ў адной з братніх магіл, што пад самым Берлінам. Паэт, праўда, прасіў, на той выпадак, калі ён загіне ў баі з ворагам:

Таварыш! Мяне пахавай, Акружы мой курган агарожай, А пасля перамогі вазьмі мой прах, Пранясі праз рэкі і горы... На маёй Беларусі прасторы!

Верш называецца «Запавет салдата». «Таварыш», а дакладней: маці-радзіма не засталася глухой да гэтага запавету, гэтай апошняй волі. Яна зрабіла намнога больш таго, аб чым прасіў салдат. Але прах яго ўсё ж застаўся ў чужой зямлі...

Дык вось — я сустракаўся з Сурначовым. Упершыню гэта адбылося незадоўга пасля вайны. Я прачытаў верш Міколы Аўрамчыка, прысвечаны яго намяці. Верш быў напісаны як успамін аўтара аб былым таварышу, у ім жыва трапятала памяць сэрца, — і гэта рабіла радкі асабліва пранікнёнымі і хвалюючымі, а тое, аб чым у ім гаварылася, — асабліва верагодным. Верш глыбока ўзрушыў мяне, васемнаццацігадовага юнака. Я не ведаў, хто такі Сурначоў, нічога не ведаў аб абставінах яго смерці, невядома мне было нават, што такое баравая сурма. Але вобраз «лейтэнанта з забінтаванай галавой», які, іграючы на сурме баравой, кліча ў наступленне роту, доўга не даваў мне пакою...

Пазней мне трапілася ў рукі тоненькая, у таннай, шэранькай вокладцы кніжка — «Мікола Сурначоў. На сурмах баравых». «Гэта ён! — адразу здагадаўся я. — Гэта ён! Значыць, ён быў і паэтам». Я з хваляваннем раскрыў кніжачку, прабег вачыма прадмову. Тое, аб чым я даведаўся з яе, прымусіла яшчэ раз успомніць верш, прысвечаны Сурначову. Толькі цяпер вобраз «лейтэнанта з забінтаванай галавой» стаў для мяне больш акрэсленым і канкрэтным. Дадам яшчэ: і больш блізкім.

Але Сурначоў быў не толькі сапраўдным салдатам. Ён быў і паэтам. Таксама сапраўдным. За прадмовай ішлі вершы, аб якіх баявыя сябры паэта пісалі з Берліна: «Жывыя натхнёныя словы паэзіі Сурначова, яго баявыя песні, якія ён тварыў пад гукі мін і снарадаў, будуць вечна жыць у нашых сэрцах». «Жывыя натхнёныя словы», «баявыя песні» — гэта высокая і ў той жа час вельмі верная ацэнка паэзіі Сурначова. Адразу ж кідалася ў вочы адна асаблівасць зборнічка — пераважная большасць вершаў была напісана ў гады вайны, пад імі значыліся нават назвы розных франтоў. Яны ўяўлялі сабой своеасаблівы паэтычны дзённік салдата. І пагэтаму ў вершах, як і ў салдацкім дзённіку, не заставалася месца для чаго-небудзь занадта асабістага, дробязнага. Яны прысвячаліся самаму дарагому, самаму запаветнаму, самаму свяшчэннаму, гучалі гневам і суровай мужнасцю воінскай прысягі. «Я губы ад гневу калёнага сцяў і сэрцам, Радзіма, табе прысягаю», — піша Сурначоў у вершы «Прысяга ў акопах». Пад вершам стаіць подпіс: «1942 год. Данскі фронт».

Апошні яго верш быў напісаны ў 1944 годзе на румынскай зямлі... Сніцца паэту ўсё тое, што запала ў сэрца з дзяцінства — суніцы, сцяжынка ў хмызняку, мурожны луг, прысады «вакол варшаўскае шашы», — і ён гаворыць:

І так заўжды перад вачыма: Густы хмызняк, разбег дарог... Такою я цябе, радзіма, У дні суровыя збярог.

На жаль, Сурначову не ўдалося ажыццявіць адну з самых запаветных сваіх задум — прысвяціць верш Дню Перамогі, таму дню, аб якім ён марыў са сваімі баявымі сябрамі і да якога пракладваў шлях штыком і пяром...

Нядаўна я сустрэўся з Сурначовым у трэці раз. Дакладней: сустрэўся з яго бацькамі, з домам, дзе ён нарадзіўся, з яго роднай вёскай Слабада, што недалёка ад той варшаўскае шашы, аб якой паэт успамінае ў апошнім вершы. Слабада пры ўсім яе падабенстве да другіх такіх жа вёсачак на Рагачоўшчыне мае ў той жа час і сваю адметную адзнаку — у ёй многа садоў. Што ні двор — то сад, то яблыні і вішні. Хораша, напэўна, у вёсцы, калі сады зазелянеюць ды зацвітуць! Можа, менавіта яны і навеялі колісь басаногаму Міколку жаданне напісаць першы верш?

Ёсць сад і ў бацькі паэта Міколы Яфімавіча Сурначова — састарэлага, але яшчэ даволі моцнага і жвавага чалавека. Даведаўшыся, што я хачу пагутарыць пра сына, Мікола Яфімавіч гасцінна запрашае ў хату.

І вось мы ўспамінаем. Дакладней, успамінае стары, а я толькі слухаю ды пытаю. «Дужа душэўны быў у мяне Коля, — расказвае Мікола Яфімавіч. — У маці быў увесь. Яна такая ж... Тады яшчэ, бывала, з-за мяжы ці з-за патравы з суседам паспрачаешся, дык Коля і пачне казаць: «Не трэба, тата... Ну што з таго, што ў цябе на адну баразну зямлі больш будзе. Не трэба спрачацца з-за такой дробязі...» Малыя былі, а ўжо разумелі больш за нас, старых, — працягвае Мікола Яфімавіч. — Добрыя сыны былі ў мяне. І вось...»