Выбрать главу
І цяпер, прыгадаўшы пару, Як стаяў на парозе адчаю, Смерці моц пад сумненне бяру, Кожны рух свой жыццю прысвячаю.

Натуральна, што жыццелюбівая, чалавечная, мудрая паэзія С. Дзяргая ваяўніча настроена ў адносінах да старога свету, свету «фальшывага і варожага», да сіл зла і цемры, якія «намагаюцца, пнуцца... варожаць, — як крыніцу жыцця знічтожыць?».

Адна хвіліна, Хвіліна жалобнага маўчання У памяць таго, што было, — Гэта вельмі мала, Хірасіма. Вечным маўчаннем гармат, Цішынёй вечнага міру Ушануем памяць Ахвяр тваіх, Хірасіма. (“Хірасіма”)

Наогул зборнік «Чатыры стыхіі» вельмі багаты і разнастайны па свайму зместу, вызначаецца надзвычай шчодрай палітрай. Можна было б гаварыць і аб такіх цудоўных лірычных вершах, як «Неспакойная ноч», «Брат мой, дзень мой», «Ранішні прамень», можна было б спыніцца і на творах, дзе паэт так умела, па-майстэрску выкарыстоўвае скарбы народнай творчасці («Казка», «Ой, дзяўчо», «Ой, бяда салаўю, бяда!», «Свацця»); можа было б асобна разглядаць і творы, якія паэт сціпла назваў «Фрагментамі» і ў якіх тым не менш зроблена ўдалая спроба асэнсаваць гістарычнае мінулае беларускага народа. Але ў рамках кароткай рэцэнзіі гэта немагчыма зрабіць, немагчыма даць поўную характарыстыку кнігі «Чатыры стыхіі». Яна, паўтараю, надзвычай ёмістая, надзвычай насычаная.

Таму дазволю сабе яшчэ толькі адну заўвагу. У зборніку «Чатыры стыхіі» ёсць некалькі вершаў, дзе гаворыцца пра мастацтва, пра сілу мастацкага слова, дзе, інакш кажучы, выкладаецца эстэтычнае крэда паэта. Гэта — вершы «Мысль і слова», «Каб соль не страціла...», «Словы» і інш. У адным з іх («Словы») паэт, адганяючы словы «агідныя, халодныя, ілжывыя, атрутныя», заклікае:

Прыйдзіце, словы Мужныя, Надзейныя, Праўдзівыя, Важкія, Гартаваныя.

Вось такія словы і прыходзяць да паэта. Прыходзяць і робяць яго вершы сапраўднай паэзіяй — усхваляванай, чалавечай, мудрай.

1963

ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ

Праходзяць цёплыя красавіцкія дажджы. Тыя, што зганяюць апошні снег і што пояць першыя травінкі.

Гэта ўжо не прыкметы вясны, не прадвесне. Гэта ўжо — сама вясна, пара абнаўлення, пара новай сяўбы, пара новых надзей.

І яшчэ — пара светлых усенародных свят, вельмі сугучных вясноваму абудяжэнню.

Вечарам 12 красавіка мы слухалі салют у гонар Дня касманаўтыкі.

22 красавіка — дзень параджэння Леніна. Ленінскія дні.

Першамай.

9 мая — Дзень Перамогі.

Сапраўды красныя дні.

Зорныя дні парода.

Зорныя дні чалавецтва.

«Нашы вучоныя, — расказваў у газеце Валерый Быкоўскі напярэдадні Дня касманаўтыкі, — ажыццявілі радыёлакацыю планеты Венеры, удакладніўшы пры гэтым маштабы сонечнай сістэмы, і прынялі пасланыя з Зямлі і адбітыя планетай радыётэлеграфныя сігналы, якія мелі словы: «Ленін», «СССР», «Мір». Гэта былі першыя ў свеце тэлеграфныя перадачы паміж планетамі сонечнай сістэмы».

Такім чынам, першае слова ў першай радыётэлеграме, пасланай далёкай зорцы Венера, — слова Ленін. Вучоныя не памыліліся. Яны выбралі слова, вартае прадстаўляць нашую чалавечую мову па другой планеце.

Ленін гучыць як — Чалавек. Гэтае параўнанне прыйшло, калі я нядаўна перачытаў паэму Ул. Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін».

Но сатрапья твердость, триумфаторской коляской мнущая тебя, подергивая вожжи. Он к товарищу милел людскою лаской. Он к врагу вставал железа тверже.

Паэту больш за ўсё імпануе ў Леніне — гістарычным дзеячы новага тыпу, новай філасофіі — яго, так сказаць, зямное паходжанне, яго еднасць з людзьмі, яго чалавечнасць. І ён, рады свайму адкрыццю, сваёй сустрэчы з гуманістычным ідэалам, настойліва падкрэслівае: «самы зямны», «самы чалавечны».

Цяжка пераацаніць заслугу паэта, «рэвалюцыяй мабілізаванага і прызванага», які сорак год таму назад так верна, так смела і дальнабачна раскрываў сапраўдны, глыбока чалавечны сэнс Кастрычніка, новага ладу, новай улады. І які, з другога боку, надоўга, па наш сённяшні і заўтрашні дзень, задаваў тон нашай літаратуры, прадвызначаў яе галоўны пафас, прадвырашаў праблему яе галоўнага, цэнтральнага героя — чалавека зямнога, чалавечнага, з «людскою лаской», і ў той жа час непрымірымага ў сваёй барацьбе за высокія ідэалы, за шчасце, за справядлівасць.