Выбрать главу

Аб гэтым думаеш, у прыватнасці, калі чытаеш новыя вершы нашых майстроў паэзіі, змешчаныя ў апошніх кніжках часопіса «Полымя», — вершы Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка. Думаеш аб гуманістычнай традыцыі Маякоўскага. Думаеш яшчэ, чытаючы гэтыя пафасныя, усхваляваныя, чалавечныя творы, што сапраўды, як піша Пімен Панчанка, праходзяць часы «падробак», часы, калі «было ў нас калісьці шмат» «языкачосаў безадказных», «многаступеньчатых дурняў і дэмагогаў усіх сартоў», а ў літаратуры — «пустой рыторыкі» і «пышных» слоў і гукаў»; што зноў вярнуўся да нас самы мудры і самы чалавечны чалавек — Ленін, ці, як гаворыць Пятрусь Броўка ў адным з вершаў цыкла «Верасень», —

У кожнага ў душы з праменняў Гарыць маленечкі касцёр, А твой; касцёр, паж родны Ленін, Узняўся ўвысь да самых зор. І колькі нас на ўсёй планеце, Шчаслівых, што яго знайшлі, — Гарыць касцёр такога сэрца, Што грэе ўсіх людзей зямлі.

З такім жа прыкладна пачуццём, з пачуццём, што гарыць касцёр вялікага ленінскага сэрца, што справядлівасць перамагае і павінна перамагаць, чытаеш і многія творы нашай прозы апошняга часу — апавяданні з кнігі Алены Васілевіч «Я з вамі» і аповесць Алеся Асіпенкі «Абяшты кут», «Альпійскую баладу» Васіля Быкава і «Вясеннія ліўні» Уладзіміра Карпава, «Палескую хроніку» Івана Мележа і раман Піліпа Пестрака «Серадзібор», раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» і іншыя. Гэта — розныя творы, розныя на сваёй тэматыцы, па сваіх сюжэтах і вобразах, па часе і месцы дзеяння, па сваіх жанравых асаблівасцях і па асаблівасцях творчых манер іх аўтараў. Але ёсць у іх і нешта агульнае. І калі спрабуеш яго, гэтае агульнае, вызначаць, дык разумееш, што гэта — высокі маральны пафас, дух жыццесцвярджэння, чалавечнасць.

Чалавек — гучыць горда! Гэтыя горкаўскія словы маглі б быць эпіграфам для многіх твораў сучаснай літаратуры. Бо ў іх катэгарычна адмаўляюцца бесчалавечнасць, няпраўда, несправядлівасць і гэтак жа катэгарычна, рашуча сцвярджаюцца супрацьлеглыя катэгорыі і паняцці.

Калі чытаеш працяг «Палескай хронікі» Івана Мележа, сустракаешся са знаёмымі ўжо героямі і ўзнаўляеш у хгамяці старонкі «Людзей на балоце», — яшчэ раз пераконваешся: не самамэта для пісьменніка — гэтае вось дэталёвае раскрыццё ўнутранага свету людзей, гэтая грунтоўная разведка самых глыбінь псіхікі героя. Пісьменнік, калі можна так сказаць, шукае ў чалавеку чалавека, яго сапраўдную чалавечую сутнасць. І, знаходзячы яе, гэтую сутнасць, гэтае чысцейшае зерне, ён адмятае ад яго дзікае пустазелле бесчалавечнасці. Іншымі словамі, ідэйная накіраванасць рамана — ва ўслаўленні чалавечнага чалавека, у змаганні за чалавека як за вышэйшую каштоўнасць, за чуйныя, справядлівыя адносіны да яго.

Таму так акрэслены ў творы аўтарскія сімпатыі і антыпатыі, таму з такой ашчаднасцю і ўвагай раскрывае пісьменнік душэўныя скарбы людзей, накшталт Ганны Чарнушкі, і таму з такой паслядоўнасцю выкрывае ён індывідуалізм, уласніцкую псіхалогію, так выразна паказвае людзей пустых, чэрствых, пазбаўленых высокіх маральных якасцей.

Адзін з персанажаў Івана Мележа, начальнік міліцыі Харчаў, заяўляе пасля таго, як арыштаваў невіноўнага чалавека (маецца на ўвазе эпізод з арыштам Васіля Дзятліка): «Няма чаго міндальнічаць... Аднаго пасадзіш — другі баяцца будзе!» Прыкладна так — няма чаго міндальнічаць, няма чаго разводзіць сентыменты — разважае і персанаж новага рамана Івана Шамякіна старшыня гарсавета Гукан. Прынамсі, яго паводзіны вызначаюцца іменна такім перакананнем. І раман, можа быць, і каштоўны перш за ўсё тым, што ў ім даецца рашучы бой гуканам і гуканаўшчыне. Змаганне герояў рамана за выратаванне Зосі Савіч — гэта змаганне за добрае імя, за гонар і годнасць, за правы і інтарэсы ўсіх, каго незаслужана прыніжалі ці маглі прынізіць, барацьба за павагу да чалавека, за ленінскую праўду і справядлівасць. Погляды станоўчых герояў рамана скіраваны ў будучыню, у грамадства, дзе, як гаворыць адзін з іх, «не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных».

Глыбока чалавечныя і ў той яна час аптымістычныя ноты гучаць і ў творах востра драматычных, нават трагічных, у творах, дзе паказваюцца падзеі мінулай вайны і дзе савецкі чалавек пастаўлены тварам да твару з яго кроўным ворагам — з фашызмам. Герой аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада» Іван Цярэшка, якому ўдалося ўцячы з лагера смерці, думае: «Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты перш вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнай поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам...