Выбрать главу

Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе шчасце. Прыйдзе час — спазнаюць людзі вялікую радасць кахання і адданасці...»

Вось гэтая нянавісць да дзікай воўчай маралі, да несправядлівасці, да вайны — з аднаго боку, а з другога — сцвярджэнне права чалавека на мірную працу, па каханне, на шчасце, на жыццё, светлае і справядлівае, — і складае ідэйную дамінанту лепшых твораў нашай літаратуры апошняга часу.

Але для чалавека мала проста ненавідзець. Для чалавека мала проста любіць. Для чалавека мала быць проста сумленным. І проста чалавечным мала быць для чалавека.

Чалавек яшчэ павінен адчуваць адказнасць за лёс другіх людзей, жыць для другіх, змагацца за агульныя інтарэсы і ідэалы. Ён мусіць — прывяду зноў тыя ж словы Маякоўскага — «к товарищу милеть людскою лаской», «к врагу вставать железа тверже».

Думаю, што не перабольшу, калі скалеў, што іменна такі чалавек і становіцца героем нашых лепшых твораў — як вершаваных, так і празаічных. У вершы, які так і называецца «Чалавечнасць», Пімен Папчанка піша:

Колькі пастак мне ты прыхавала, Добрае, не дробнае жыццё! То сляпіла даль парахавая, То глушыла юнкерсаў выццё. Вернасць адарала шчодрай мерай. Часам здрада секла з-за пляча. То свяціла яспым сонцам вера, То нявер'е кідала ў адчай. Часта крывадушныя мяшчане З-за драбніц ушчэнт мяне знішчалі, Часам і надзейныя сябры Ласкава штурхалі пад абрыў...

Здавалася б, што перажытае павінна было б падламіць героя верша ці — што яшчэ горш — азлобіць яго, пасеяць у сэрцы глыбокую крыўду на свет і людзей. Ды не. Ён толькі яшчэ больш стаў цаніць цяпло сапраўднай дружбы.

Стаў дабрэй, і даўняя наіўнасць Варухнула крыллем над табой. Лечыцца трава ад спёкі ліўнем, Людзі ласкай лечацца людской.
Мо бяда каму здушыла горла, Можа, хтось не можа ўжо дыхнуць? Не забудзь туды раней за гора Хоць на дзве хвіліны заглянуць.

Гэтае вось разуменне, што трэба ісці не ад людзей, а да людзей, усведамленне свайго абавязку перад людзьмі — характэрная якасць станоўчага героя лепшых новых твораў. І ён, гэты герой, імкнецца рабіць дабро, гатовы працаваць на карысць агульнай справы, змагацца. Такія, як мы помнім, героі раманаў «Сэрца па далоні» І. Шамякіна і «Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча, такія героі твораў Я. Брыля, М. Лобана, А. Марціновіча, І. Пташнікава, Б. Сачанкі. Такі Янка Сітоў — герой аповесці А. Асіпенкі «Абжыты кут», — чалавек другога пакалення і ўзросту. Ён, учарашні дзесяцікласнік, па сутнасці, толькі яшчэ пачынае жыць, толькі пачынае, як ён кажа сам, задумвацца пад сэнсам жыцця. І хоць ён бачыць вакол сябе яшчэ нямала благіх людзей, несправядлівасці, несумленнасці, няшчырасці, і хоць у самым пачатку самастойнага жыцця ён сутыкаецца з першымі нягодамі і няўдачамі, ён не пазбываецца веры ў лепшае. І яшчэ ён пачынае ўсведамляць, што сэнс жыцця трэба шукаць у жыцці другіх, у працы, у змаганні. І ён займае сваё месца ў страі. «Апякаючы ногі аб расу, бягу на брыгадны двор. Там, да тоўстага сука векавечнай ліпы, прывязаны вагонны буфер. Па ім ляжыць тоўсты кавалак жалеза. Хапаю яго ў рукі і з усяе сілы б'ю аб буфер. Над Зарэччам плывуць у ранішняй цішы звонкія гукі «блям-блям-блям».

Званю я хутчэй таму, каб упэўніцца, што я ўжо прачнуўся, што для мяне настае дзень, поўны беганіны, клопатаў, а яшчэ таму, каб адчуць: я — брыгадзір».

Гэты ўрывак з аповесці — апавяданне ў ёй вядзецца ад першай асобы — добра перадае настрой героя, яго, так сказаць, жыццёвы тонус. Вобраз Янкі Сітова можна, мне здаецца, з поўным правам аднесці ў актыў нашай прозы, прысвечанай сённяшняй вёсцы, яе людзям.

Аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада» заканчваецца пісьмом італьянкі Джуліі Навелі, якое адрасавана родным і знаёмым героя аповесці Івана Цярэшкі. «Конечно, — піша Джулія (піша на рускай мове, якую яна ведае), — вы не забыли то страшное время в Европе — черную ночь человечества, когда, приходя зачастую в отчаяние, тысячами умирали люди. Одни, уходя из жизни, принимали смерть как благословенное освобождение от мук, уготованных им фашизмом — это давало им силы достойно встретить финал и не преступить совести. Другие же в героическом единоборстве сами ставили смерть на колени, являя человечеству высокий образец мужества, и погибали, удивляя даже врагов, которые, побеждая, не чувствовали удовлетворения — столь относительной была их победа.