Выбрать главу

Таким человеком оказался ваш соотечественник Иван Терешко, с которым воля провидения свела меня на трудных путях неравной борьбы и утрат...»

Заканчваецца пісьмо словамі: «С благодарением всем — родившим, воспитавшим и знавшим Человека, истинно русского по доброте и достойного восхищения в своем муннестве. Спасибо, спасибо за все».

Пісьмо гэтае, як і ўся аповесць, — плён творчай фантазіі пісьменніка. Але аповесць — твор праўдзівы. Да таго ж, мы знаем цяпер, як многія нашы без вестак прапаўшыя суайчыннікі, нашы землякі сапраўды змагаліся ў лагерах смерці, у атрадах італьянскіх, югаслаўскіх, французскіх партызан. І, можна быць, таму пісьмо італьянкі Джуліі ўспрымаеш не проста як праўду мастацкую, а як жывы чалавечы дакумент. І, можа, таму чытаеш яго з асаблівым пачуццём, з камячком у горле і з гордасцю за свайго, можна быць, аднавяскоўца, за свайго суайчынніка — «достойного восхищения в своем мужестве».

У вялікай барацьбе за новы свет, за Мір, Працу, Роўнасць, Свабоду, Братэрства і Шчасце народаў вырастаюць новыя людзі.

Людзі, пра якіх трэба сказаць, што ў іх жыве Ленін.

Людзі, якія становяцца героямі аповесцей і паэм. Людзі, за якімі будучае — у жыцці і ў літаратуры.

1964

ШТО ПАТРЭБНА Ў ЖЫЦЦІ?

Гэта ўжо амаль правіла: пасля таго як паэт выдасць свой першы зборнік, ён на нейкі час змаўкае (у сэнсе — не друкуецца), перажывае, так сказаць, перыяд «міжкніжжа». Відаць, асэнсоўвае першы этап і развітваецца, як развітваюцца з дзяцінствам ці юнацтвам, са сваімі першымі вершамі, відаць, рыхтуецца да новага, больш складанага этапа, якім з'яўляецца другая кніга. Такая ж падрыхтоўка патрабуе пэўнага часу — гэта як зборы ў дарогу, цяжкасці якой ужо нейкім чынам разведаны.

Былі такія зборы, такая «паўза» і ў Д. Бічэль-Загнетавай пасля таго, як яна выпусціла сваю першую кнігу «Дзявочае сэрца». І паўза, трэба сказаць, недарэмная, плённая. Аб гэтым сведчаць новыя вершы паэтэсы, з якімі яна выступіла нядаўна ў перыядычным друку.

Асабліва цікавай і характэрнай здалася мне падборка вершаў, змешчаных у красавіцкай кніжцы «Маладосці». У «Дзявочым сэрцы» былі ўсхваляваныя, напоўненыя эмацыянальна вершы, добрыя, свежыя паэтычныя замалёўкі. Усё гэта было. І ў той час аўтару не хапала яшчэ глыбіні погляду, не хапала роздуму над жыццём. Што ж да новых вершаў паэтэсы, то яны якраз і вызначаюцца тым, што ў іх пачынае гучаць такі роздум. Адчуваеш, што паэтэса абдумвае і свой асабісты жыццёвы вопыт і больш пільна прыглядаецца да навакольнага жыцця, да людзей, пачынае аналізаваць, параўноўваць, нешта адмаўляць і нешта сцвярджаць. І калі ў пранікнёным, цікавым увогуле вершы «Хлопцы», якім адкрываецца нізка, вясковыя хлопцы паказваюцца яшчэ вельмі абагулена, без якіх-небудзь канкрэтных маральна-псіхалагічных ацэнак, то верш «Іншы з самага святога рання...» — другога плана. У ім паэтэса спрабуе падысці да чалавека больш патрабавальна, з пэўнай маральнай меркай. І тады яна заўважае, што іншы

Пройдзе рэчку — ногі не намочыць Ды, сухі, лавіруе далей, — Так, каб і не крыўдзіць вельмі іншых І каб быць за гэтых іншых вышай, І каб гэтак хлёстка справы выйшлі, Што не ступлена ні пядзі лішняй...

Даўшы даволі трапную характарыстыку пародзе людзей, якіх называюць яшчэ прыстасаванцамі, аўтар супрацьпастаўляе ім чалавека, які,

Як ратай вясною па раллі, З добраю трывогай чалавечай Днём і ноччу, днём і ноччу крочыць...

Паэтэса задумваецца над пытаннем: як жыць? Спрабуе акрэсліць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці, высветліць маральны ідэал. Лясны спакой, лясная ціш (верш «У цішыні», ён, дарэчы, блізкі па свайму пастрою да «Паэмы майго лесу» Пімена Панчанкі, надрукаванай адначасова ў «Полымі») паводзіць на думку, што

Развучыліся роўна жыць, Усё бяжыць, імчыцца, спяшыць. Ідэалы, падзеі, пачуцці — Ўсё займела касмічную хуткасць. Мастакі і паэты ў вершы Стрымгалоў адкрываюць навейшае, Без аглядкі бягуць у вечнасць, Баючыся, што вольных месцаў Там, у вечнасці, не застанецца.

Аўтару яўна не да спадобы мітусня яе некаторых сяброў па пяру, іх славалюбівыя турботы, «Служенье муз не терпит суеты». Яна лічыць, што