Выбрать главу
Чалавеку патрэбна ў жыцці, Хоць часамі — такая ціш. Гэта вечная навізна — Сон-трава, крыніцы, сасна, Цішыня адкрыццяў завершаных, Цеплыня, узаемнасць, вернасць. Хай, як сёння, гэтак навечна Над зямлёю пахам сасновым Разальецца ціша вясновая! Адкрываць, і кахаць, і сніць Без паспешнае мітусні!

Ёсць у той жа падборцы і верш, дзе паэтэса як бы дае кавалачак жыцця «без паспешнае мітусні!». Гэта верш пра тое, як «шаткавалі капусту двое», пра сямейны мір і лад, пра людское «шчасцейка». Не пра шчасце ў яго мяшчанскім ці абстрактна-рамантычным сэнсе, а іменна пра шчасцейка — па-зямному здаровае, трывалае, надзейна забяспечанае дружнай працай, блізкасцю да прыроды, узаемнай любоўю. Верш атрымаўся надзвычай светлы, сонечны.

Як вядома, з творчым ростам прыходзяць і новыя мастацкія сродкі. Гэтае правіла дае знаць аб сабе і ў дадзеным выпадку. Бічэль-Загнетава смела абнаўляе, у прыватнасці, рыфму. Праўда, не ўсе знойдзеныя ёю рыфмы ўдалыя, некаторыя з іх вельмі ўжо прыблізныя (сціплыя — апусціліся, шуме — падумалі, двое — восень), але тое, што паэтэса шукае новыя магчымасці фанетычна-гукавой выразнасці радка, гэта, безумоўна, добра. Гэта таксама сведчыць аб тым, што талент яе сталее.

1964

ШТОДЗЁННАЯ ПЕСНЯ

Вось і яшчэ адзін паэтычны зборнік.

У ім ёсць радкі: «Я пра неба пішу ўсё больш: неба — радасць мая і боль». У кнізе сапраўды знойдзеш вершы, прысвечаныя «небу», космасу. Інакш і не можа быць, бо, як піша паэт, «сёння ёсць у людзей патрэба рвацца ў неба». Паэзія ж тым больш адчувае такую патрэбу. І ўсё ж гэта кніга — пра зямлю, пра зямное жыццё-быццё, пра зямныя, блізкія кожнаму з нас справы і рэчы.

А перш за ўсё — гэта кніга пра чалавека...

Пра самы найпершы яго дар — пра пяць пачуццяў, якія дазваляюць яму піць уволю «мясцінаў родных звонкае паветра», слухаць разам з «дрэвам, сонцам яркім» песню, захапляцца «дажджом верасовым», чуць, як «гудуць трапічныя ліўні на кантыненце чорным», любавацца «горадам заснежаным, у лёгкім інеі», адчуваць боль за «зялёнае сонца», бо «тапор нечы сонца гэтае можа ссекчы».

Пра яго настрой, вясновы і восеньскі («Для мяне сум — гэта роздум аб нечым. А табе як даводзіцца сумаваць?»).

Пра яго рукі, якія так многа ўмеюць і так многа робяць:

Рукі, якія рукі У гэтых пражэктараў! Можна дацягнуцца да месяца блізарукага Такімі жэрдкамі... А дзе цяпло? Дзе цяпло, як ад гулкай грубкі? Калі саграюць нават гукі? Вераць месяц і зоркі толькі ў чалавечыя рукі.

Пра яго сэрца, якое можна лёгка пакрыўдзіць, лёгка параніць (і тады «сэрца плача наўзрыд, як дзіця малое»), якое часам «разрываецца... ў прадчуванні бяды» і ў той жа час можа быць мужным і цвёрдым, якое настойліва вядзе сваю «справядлівую вайну».

Словам, пра чалавека. Пра людское наша жыццё. Ці, як гаворыць сам аўтар:

З радасцю я рукавы закасаю, З радасцю песню я заспяваю. Песню бадзёрую, Песню будзённую, Песню аб працы, штодзённую.

Той, хто сочыць за самай маладой нашай паэзіяй, ужо, вядома, здагадаўся, аб якой кнізе, аб чыёй «песні» ідзе гаворка. Гаворка ідзе пра першы зборнік вершаў Рамана Тармолы «Асколкі і росы».

Адкрываецца зборнік вершам «Справядлівая вайна». Гэта, відаць, не выпадкова. Што да мяне асабіста, то менавіта па гэтым вершы я (а я тут, відаць, не выключэнне) пазнаёміўся з Тармолам як паэтам. Чытаў я і да гэтага некаторыя яго вершы. Але яны не рабілі асаблівага ўражання, не запаміналіся. А вось верш «Справядлівая вайна» зрабіў уражанне. Не кояшаму, магчыма, ён спадабаецца. (Прызнаюся, не ўсё прымаю і я ў ім, як і ў некаторых іншых вершах Тармолы.) Але запомніцца ён, напэўна, кожнаму, хто любіць паэзію! Запомніцца сваёй навізной.

Кожнага маладога, яшчэ малавопытнага паэта, які бярэцца пісаць верш пра вяспу, падсцерагае небяспека: або збіцца на штамп, на вытаптаную сцяжынку, альбо задаволіцца каляндарнай адпіскай, або напісаць параўнаўча неблагую пейзажную замалёўку. Раману Тармолу ўдалося абысці ўсе гэтыя «небяспечныя мясціны». Ён па-свойму павярнуў тэму, па-свойму ў новым, нечаканым ракурсе апаэтызаваў вясну. І ў выніку верш перарастае рамкі звычайнай пейзажнай замалёўкі, набывае больш глыбокі змест, значнае ідэйна-грамадскае гучанне.

Верш «Справядлівая вайна», бадай, характэрны для зборніка «Асколкі і росы». І ў другіх сваіх вершах, у прыватнасці, у такіх, як «Песню слухаем...», «Сонца ўзышло над зямлёй...», «Лес», «Зялёнае сонца», «Летні дзень», «Веснавыя замаразкі», Тармола звяртаецца да таго ж прыёму — збліжае рознапланавыя рэчы і з'явы, напрыклад, з'явы прыроды і з'явы маральнага, сацыяльнага раду, прыводзячы іх да агульнага «назоўніка» — вобраза. Вось, да прыкладу, верш «Лес», які вельмі блізкі па сваёй вобразнай фактуры да верша «Справядлівая вайна». Крумкач, які «на яліну стромкую ўзлез і каркае: ка-р-р-р, ка-р-р-р...», нагадаў аўтару фашыста,