Выбрать главу
Што некалі выхваляўся якраз вось так: «Нават лес будзе расы чыстай...» І пачаў ён выломліваць рукі бярозам І расстрэльваць у гнёздах яшчэ птушанят...

Не ведаю, наколькі трывалая тут сувязь-кладка паміж крумкачом і фашыстам, але далей знойдзены вобраз развіваецца паслядоўна і пераканаўча:

Па-ранейшаму лес, ты, як бацька родны, Адпачыць к сабе клічаш з дарогі дальняй. Ты — такі ж магутны і многапародны, Нібы многанацыянальны. Бачу я: сплёўшы рукі, цвёрда стаяць Сосны, елкі, дубы, пышны клён, дзікі бэз. Мне здаецца, што ў гэтым сіла твая, Лес.

Няцяжка здагадацца, што размова ў гэтых радках ідзе не толькі пра лес, а і пра нешта іншае — пра чалавечую еднасць, пра вечнасць зямнога жыцця.

Мы часта ўжываем выразы «вобразнае асэнсаванне», «вобразна мысліць» і гэтак жа часта скажаем альбо падмяняем гэтыя паняцці. Па-першае, акцэнтуем увагу толькі на першым слове гэтай формулы («вобразнае», «вобразна») і забываем, такім чынам, тую істотную акалічнасць, што мысленне і вобразнасць, думка паэта, ідэя верша і яго вобраз — гэта нешта непарыўна цэлае, арганічна адзінае. Па-другое, часта зводзім вобразнасць да метафары, да тропа, а то, што яшчэ горш, да эфектнага параўнання, да трапнага слоўца. Між тым, роля і прызначэнне вобраза намнога большыя. Калі мы гаворым, што паэт павінен мысліць вобразамі, што верш павінен несці пэўную думку, то мы мусім ісці далей і прызнаць, што вобразнасць непарыўна звязана з мысленнем паэта, з пафасам і ідэйным зместам верша.

Лепшым вершам Тармолы якраз і ўласціва тая сапраўдная вобразнасць, калі вобраз узнікае сінхронна з задумай, з галоўнай думкай верша і калі яны потым ідуць побач: ідэя арганізуе і асвятляе вобраз, а вобраз праяўляе і ўвасабляе ідэю.

Але тут жа я мушу зрабіць і сур'ёзную крытычную заўвагу. Справа ў тым, што Тармола аддае перавагу знешнім фарбам, зрокаваму (альбо гукавому) вобразу. І хаця часам сам па сабе такі вобраз і ўдалы, і свежы (прыклады я прыводзіў), усё адно адчуваеш, што вершу нечага бракуе, нечага не стае. Калі спрабуеш разабрацца, чаго ж менавіта не стае, прыходзіш да вываду: непасрэднасці пачуцця, цёплага дыхання эмоцый. Так, напрыклад, у вершах пра вясну («Справядлівая вайна», «У чаканні вясны», «Веснавыя замаразкі») ёсць цікавыя дэталі і вобразы, але вось вясновае светаадчуванне, сапраўды вясновы настрой яны, гэтыя вобразы, не перадаюць у поўнай меры. І ўзнікае жаданне звярнуцца да аўтара з яго ж словамі з верша «Настрой»:

Пастой! Прашу: па свой настрой мяне настрой.

На чыста зрокавых вобразах і знешніх асацыяцыях пабудаваны і некаторыя іншыя вершы, дзе, здавалася б, абавязкова павінна было прысутнічаць пачуццё, — «Наташы і маладзіку», «Патоп», «Музыка», «Ліпень-лівень», «Бабіна лета» і г. д.

Вось верш «Ліпень-лівень». Твор цікавы, своеасаблівы. Але ў ім яўна праглядвае сузіральнасць. Паэт падае, так сказаць, аб'ектывізаваны малюнак, спакойна расказвае пра тое, што ён бачыў, але не перадае таго адчування, таго псіхалагічнага стану, які можа выклікаць бурны ліпеньскі лівень. І таму ў вершы самога цёплага ліпеня-ліўню, па сутнасці, няма.

Нядаўна мы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з перакладзенымі на рускую мову ўзорамі паэзіі амерыканскага паэта Роберта Фроста. У прадмове да зборніка прыводзяцца і выказванні Фроста аб паэзіі. «Верш, — піша ён, — пачынаецца камяком у горле. Гэта выклікана імкненнем знайсці ўвасабленне задумы». Дасканалы, на думку Фроста, толькі такі верш, у якім «пачуццё здабыло думку, а думка здабыла слова». У тых вершах Рамана Тармолы, пра якія я гаварыў, ёсць думка, якая «здабыла слова», ёсць вобраз, але вось пачуцця не хапае. І не заўсёды адчуеш, чытаючы іх, той самы «камяк у горле», з якога верш павінен пачынацца.

Але ёсць у «Асколках і росах» і вершы, якія — гэта нельга не адчуць — і з «камяка» пачынаюцца і ў якіх выступаюць у адзіным сплаве пачуццё і думка. Я маю на ўвазе такія рэчы, як «Балада», «Сэрца», «Маміны крокі не забываюцца», «Дождж верасовы». Вось апошні з іх: