Выбрать главу

Па-другое, відавочны той факт, што «звычайны» чалавек не пануе непадзельна на старонках нашых сённяшніх раманаў і аповесцей. І не толькі не пануе, а займае ў колькасных адносінах, бадай, тую ж плошчу, што і дзесяць — пятнаццаць гадоў назад. Узяць, да прыкладу, герояў рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», пра якіх таксама гаворыцца ў артыкуле І. Навуменкі. Адзін з гэтых герояў — пісьменнік, другі — масціты хірург, трэці — старшыня гарсавета і г. д. Хто яны — простыя людзі ці не простыя? Здаецца, не зусім простыя. Хаця ўвогуле можна паглядзець на гэта інакш, больш шырока. Помню, адзін стары настаўнік-праўдалюб усё дапытваўся ў мяне (не без хітрынкі, вядома): «Скажы вось ты мне, як гэта разумець: «адказны работнік»? Выходзіць, што і я, і ты, і большасць з нас — работнікі безадказныя?» Я нічога пэўнага не мог адказаць. Дык гэта ў жыцці так. У літаратуры пытанне яшчэ больш складанае.

Тым больш што тут яно мае яшчэ адзін, эстэтычны, бок — магчыма, І. Навуменка і меў яго на ўвазе. Гэта — як паказваць так званага простага чалавека. Бо яго сапраўды можна паказаць так, што ён будзе выглядаць не толькі простым, а нават прасцейшым, «аднаклетачным» — як амёба. (Дарэчы сказаць, такія «аднаклетачныя», пазбаўленыя сапраўдных чалавечых здольнасцей і страсцей, героі працягваюць жыць і сёння на старонках некаторых нашых твораў.) І можна падысці да яго, простага чалавека, так, што і каханне яго будзе «пограндиознее онегинской любви», і раўнаваць ён будзе мацней, чым Атэла, і ўсё яго жыццё будзе адухоўленым, поўным вялікага сэнсу. І на самай справе — ці такая ўжо простая Ганна Чарнушка, гераіня І. Мележа? Альбо Руневіч з рамана Я. Брыля, ці Лазняк з «Трэцяй ракеты» В. Быкава? Альбо героі рамана А. Адамовіча? Нягледзячы на сваё самае што ні на ёсць «дэмакратычнае паходжанне», яны як бы пераўтвараюцца пад пяром пісьменніка, становяцца і глыбокімі, і складанымі, і звязанымі моцна з часам, з самой гісторыяй.

Словам, я хачу сказаць, што сацыяльнае (ці службовае) становішча героя — не той крытэрый, якім можна вызначаць ступень народнасці твора ці з якім трэба ўвогуле звязваць рост літаратуры. Справа ж не толькі і, можа быць, не столькі ў прататыпах, колькі ў характарах і абагульненнях, не столькі ў грамадскай кваліфікацыі героя, колькі ў пазіцыях пісьменніка, у тым, наколькі дэмакратычны, чалавечны яго погляд, наколькі блізкія яму ідэалы людской еднасці, сацыяльнай справядлівасці. Раман Івана Мележа «Людзі на балоце» з'явіўся значным дасягненнем нашай прозы не проста таму, што пісьменнік зрабіў сваімі героямі звычайных вясковых людзей (пісаў Мележ пра гэтых людзей і раней), а таму, што гэтыя людзі — тут Іван Навуменка мае рацыю — паўсталі «на ўвесь свой духоўны рост». І яшчэ, можа быць, таму, што Апейка, асабліва калі меркаваць па новых раздзелах «Палескай хронікі», — герой крыху іншага маштабу.

Ды і ці не пара нам увогуле перастаць захапляцца тым, што пісьменнік звяртаецца да лёсу радавога чалавека, прытым яшчэ метафізічна зразуметага ставіць яму ў заслугу гэты факт. Хіба гэта не павінна быць нормай, заканамернасцю літаратурнага працэсу нашых дзён? Хіба не «выйшлі мы ўсе з народа» — чытачы, пісьменнікі і іх героі? Гогалю, я разумею, трэба было ў свой час аддаць належнае за яго «Шынель», за яго ўвагу да «маленькага» чалавека, трэба было тое самае зрабіць і ў адрас графа Талстога, да якога, як сказана, і сапраўднага мужыка ў рускай літаратуры не было. А вось што датычыцца заслуг нашага сённяшняга літаратара, дык тут патрэбны крыху іншыя меркі і патрабаванні. Яму, як кажа прымаўка, «сам бог велел» пісаць пра простага, звычайнага чалавека, яму інакшым быць супрацьпаказана.

Трохі спрэчным здалося мне і яшчэ адно сцвярджэнне Івана Навуменкі (зноў-такі важнае з метадалагічнага пункту гледжання). Я маю на ўвазе тое месца артыкула, дзе гаворыцца, што «новыя якасці беларускай прозы, вядома, не з неба зваліліся. Яны закладзены ў тым лепшым, што было напісана ў папярэднія гады». Калі тут гаворка ідзе аб тым, што сучасны празаік не павінен ігнараваць вопыт папярэднікаў, а браць яго на ўзбраенне з тым, каб ісці далей, дык тады я магу пагадзіцца з аўтарам артыкула. Але калі ён хоча сказаць, што ёсць нейкія нязменныя, спадчынныя якасці, ёсць нейкі пэўны дасягнуты класікамі «потолок», вышэй якога наўрад ці варта ўзнімацца, то з гэтым, вядома, пагадзіцца нельга. Між тым такую логіку я заўважыў у разважаннях І. Навуменкі аб пераемнасці, асабліва там, дзе ён параўноўвае творчасць Васіля Быкава і Кузьмы Чорнага. Ніхто не адмаўляе той факт, што наша проза мае ўжо значны вопыт, мае сваю гісторыю, свае традыцыі. Але ж ці правамерна ставіць вось так творчасць аднаго пісьменніка ў залежнасць ад творчасці другога, так катэгарычна сцвярджаць, што В. Быкаў ледзь не цалкам і поўнасцю знаходзіцца пад уплывам ваенных раманаў К. Чорнага («няхай сабе яны незавершаныя...»). Мне здаецца, што І. Навуменка занадта жорстка фармулюе закон пераходу аднаго пісьменніка ў другога. Гэта з'ява больш складаная, больш праблематычная, чым здаецца на першы погляд.