Выбрать главу

З часу таго знамянальнага дыялога двух пісьменнікаў прайшло больш дваццаці гадоў. І сёння мы бачым, наколькі былі праўдзівыя меркаванні і прагнозы нямецкага паэта, наколькі больш шырокай і слушнай была яго канцэпцыя. Узяць хаця б адзін даволі красамоўны факт. Аб жахах мінулай вайны, аб злачынствах фашызму, аб барацьбе з «карычневай чумой» расказваюць горы дакументальнай літаратуры — мемуары, дзённікі, нататкі, рэпартажы, эсэ і г. д. і да т. н. Іх пісалі (і пішуць сёння) літаратары-прафесіяналы і проста відавочцы, пішуць на розных мовах свету. Але ці азначае гэта, што тэма вайны, тэма фашызму стала манаполіяй дакументальнага жанру? Не. Наадварот, ідзе — тут зноў напрошваецца параўнанне са спаборніцтвам — інтэнсіўнае мастацка-эстэтычнае асваенне той жа тэмы, таго ж матэрыялу, «занадта страшнага для непасрэднага мастацкага ўвасаблення». Зноў-такі напісаны горы вершаў і апавяданняў, паэм і раманаў, кароткіх навел і шматтомных эпапей, выкарыстаны кіламетры кінастужкі, а мы ўсё чакаем новых і новых твораў, якія б да канца раскрывалі нам трагедыю мінулай вайны. І калі мы бываем часам незадаволеныя, загортваючы яшчэ адзін раман ці выходзячы з кіназалы, дык справа тут не ў тым, што раманіст ці сцэнарыст, можа быць, узяліся за «забароненую» тэму, а ў тым, што яны альбо збіліся на штучнасць, альбо трапілі ў «сферу плоскай «натуральнасці».

Характэрна, што нават такі стары, як свет, сюжэт: «мужчына знаёміцца з жанчынай, яны ўлюбляюцца адзін у аднаго, завязваецца раман» — служыць сваю службу, паспяхова выкарыстоўваецца, набываючы, вядома, новыя гучанні, у паказе вайны. Я ў гэтым пераканаўся яшчэ раз, калі глядзеў фільм «Пасажырка» — незакончаную работу таленавітага польскага рэжысёра Анджэя Мунка. Ці ўзяць, напрыклад, аповесці Васіля Быкава, асабліва яго «Альпійскую баладу». Каханне двух вязняў канцлагера, італьянкі і беларуса, не толькі не зніянае пафасу твора і не здрабняе яго матэрыялу, а, наадварот, яшчэ больш падкрэслівае трагізм часу, ненатуральнасць вайны.

Словам, няма аб'ектыўных прычын для таго, каб гаварыць аб нежыццяздольнасці літаратуры і, у прыватнасці, яе вядучых празаічных жанраў, перад новымі гістарычнымі ўмовамі. (Дарэчы, размовы аб крызісе рамана з'яўляюцца, на маю думку, адной з разнавіднасцей гэтай «тэорыі», яны маюць, несумненна, самую прамую сувязь з тымі песімістычнымі поглядамі, якія некалі выказаў Стэфан Цвейг.) Ало ёсць усе прычыны і падставы для таго, каб гаварыць аб новых, больш складаных задачах, якія паўстаюць сёння перад пісьменнікам, аб новых, больш строгіх патрабаваннях, якія прад'яўляе яму паш час, аб «новай сіле, новай значнасці» мастацкага твора.

І Іван Навуменка — я зноў пасля свайго, можа быць, занадта вялікага экскурсу ў гісторыю літаратуры вяртаюся да прадмета размовы — мае, безумоўна, рацыю, калі ўзнімае пытанне «аб прымітыўна зразуметым рэалізме». Што грахі таіць, ёсць яшчэ такі рэалізм у некаторых творах нашай прозы — як ваеннай, так і мірнай. Чытаеш іншы такі твор і разумееш: аўтар не толькі не ўзвысіўся над прыродай, не ўзняўся над жыццём, а нават не стаў упоравень з ім, з яго галоўнымі працэсамі і тэндэнцыямі — ходзіць недзе ля падножжа гэтай аграмадзіны. І натуральна, што не знойдзеш у яго ні буйных характараў, ні глыбокай праўды жыцця, ні смелых, адзначаных яркай фантазіяй, абагульненняў. Вось і атрымліваецца, што не ўсе тыя дванаццаць леташніх нумароў «Полымя», дзе было змешчана аж сем раманаў, аднолькава зацікавілі чытача. І магчыма, што асобныя нумары ён проста адклаў убок, а ўзяўся чытаць часопіс з дакументальнай аповесцю.

Якім бы мне, чытачу, хацелася бачыць наш раман — калі гаварыць не аб асобных творах, а аб рамане ў цэлым?

Такім, як ён праяўляецца ў лепшых сваіх узорах, — і яшчэ крышку лепшым.

Наш «сярэдні» раман яшчэ вельмі захапляецца расказам пра тое, як было і як бывае, а я хачу пачуць ад яго, чаму так было, чаму так бывае.

Наш «сярэдні» раман не вызначаецца яшчэ здольнасцю засяродзіцца па новых уражаннях, на новых з'явах жыцця, у прыватнасці жыцця духоўнага, — а я хачу, каб ён рэагаваў на гэтыя з'явы.

Наш «сярэдні» раман умее добра апавядаць, у яго добрая памяць і добрая назіральнасць. А я хачу, каб ён яшчэ набыў такія якасці, як вялікая ўнутраная сіла, як інтэлектуальная значнасць.