Выбрать главу

Іншымі словамі, я хачу, каб наш раман быў для мяне не проста больш ці менш цікавым чытаннем, а нечым большым — сапраўдным падручнікам жыцця. Каб яго аўтар быў для мяне тым тонкім і мудрым настаўнікам, аўтарытэт якога ставіш вышэй за ўсё.

Што ж датычыцца пытання, які тып рамана мне, чытачу, больш даспадобы, які стыль больш перспектыўны, — дык яно мяне не вельмі турбуе. Любы тып добры, апрача сумнага, любы стыль добры, апрача нуднага. Няхай гэта будзе раман-споведзь, раман-маналог, няхай гэта будзе лірычная эпапея, няхай гэта будзе проста эпапея — але няхай гэта будзе сапраўдны раман.

Л. Талстой пісаў А. Фету ў той час, калі працаваў над раманам «Вайна і мір»: «Сапраўдныя мае пісьмы да вас — гэта мой раман, якога я вельмі многа напісаў. Як нейкі француз сказаў: твор ёсць не што іншае, як пісьмо, звернутае да ўсіх нашых невядомых сяброў». Вось хай той раман, які з'явіцца заўтра на старонках «Полымя» ці іншага часопіса, і будзе тым хвалюючым пісьмом, што адрасавана і мне, і табе, і яму, адрасавана нашым сэрцам і нашаму розуму.

1964

КАЛІ РАДОК ХВАЛЮЕ

Свой новы зборнік Ніл Гілевіч адкрывае словамі: «Бальшак» — мая чацвёртая кніга лірыкі. У ёй — няпоўны адбітак таго, чым я жыў, што мяне турбавала і непакоіла ў апошнія гады. Буду вельмі рады, калі маё хваляванне хоць у нейкай меры перадасца чытачам».

Анатацыя гэта аблягчае маю задачу як рэцэнзента. Па-першае, паэт сам падкрэсліў, што ён — лірык і што яго новая кніга — кніга лірыкі. І мне, такім чынам, не трэба будзе спецыяльна спыняцца на гэтай асаблівасці яго паэзіі. Па-другое, анатацыя падказала мне і той ключ, тую мерку, з якой лепш за ўсё падысці да разгляду зборніка. І сапраўды, давайце паглядзім, што «турбавала і непакоіла» паэта ў апошнія, яшчэ свежыя ў памяці гады, як адбівалася наша непаўторнае жыццё ў яго сэрцы і яго радках. І давайце тут жа ўсвядомім тое, наколькі перадалося нам, чытачам, яго хваляванне, у якой меры гэта хваляванне стала і нашым пачуццём — нашай радасцю, нашым болем, нашай трывогай.

Калі чытаеш, а потым перачытваеш паэтычны зборнік «Бальшак», пераконваешся: аўтара «турбавала і непакоіла» перш за ўсё тое, чым жылі ўсе мы, уся краіна. Яго новыя вершы за выключэннем двух-трох, якія гучаць, магчыма, занадта асабіста («Як хачу я вярнуцца ў той вечар...», «Манатонна, жаласна і сумна...»), народжаны грамадскім неспакоем паэта, яго роздумам над сённяшнім жыццём, у прыватнасці над тымі з'явамі і зменамі, якія пачаліся, «калі форум партыйны дваццаты бурліў у Крамлі».

Асабліва характэрныя ў гэтых адносінах такія вершы першага раздзела кнігі, як «Я не знаю, дзе вашы магілы», «Сустрэчы ў снах», «Эстафета прынята», «Пра дзядоў і зямлю», «Дарыце сонца». Яны закранаюць розныя грані адной і той жа па сутнасці тэмы, дапаўняюць і ўзмацняюць адзін аднаго. «Я не знаю, дзе вашы магілы» — верш-зварот да «герояў Кастрычніка», «байцоў рэвалюцыі». А верш «Эстафета прынята» адрасаваны ўжо тым, каму працягваць справу «герояў Кастрычніка», несці запаветную эстафету далей.

Не Накідаюць нас абыякавымі «Сустрэчы ў снах» — верш, напісаны з глыбока чалавечным болем і грамадзянскім хваляваннем і прысвечаны памяці «песняра пралетарскага Чарота».

Зазначу тут жа і яшчэ адну «турботу» паэта. Яна праявілася ў вершах «Размова з калегам аб рыфмах і хлебе надзённым», «Не адбірайце музыкі ў паэта», у адным з раздзелаў паэмы «Сто вузлоў памяці» («Студзёная вясна») — словам, у тых радках, дзе гутарка ідзе «аб месцы паэта ў рабочым страі». Радкі гэтыя палемічныя, яны з'яўляюцца водгукам на тыя дыскусіі, якія вяліся і вядуцца ў апошні час вакол праблем развіцця нашай паэзіі. Палемізуючы, у прыватнасці, з калегам, які «выхваляецца «рыфмай — самай навейшай», Н. Гілевіч піша:

Толькі... знаеш: сама па сабе Гэта рыфма — каму яна трэба? Ёю ў сэрцах людскіх Не заменіш надзённага хлеба.

У паэме аўтар зноў вяртаецца да гэтай размовы. Толькі тут ён выказваецца больш катэгарычна. «Я пазнаў, зразумеў, што ў песні можна ўсё дараваць паэту, нават рыфму: сабака — хата, а тым болей: рука — нага. Толькі фальшу, і грама фальшу не даруе чытач нікому, нават тройчы лаўрэату, узмакрэламу ад вянкоў». Нельга не пагадзіцца з такім поглядам на паэзію.

Якія ж яшчэ тэмы «турбавалі і непакоілі» аўтара «Бальшака»? У другім раздзеле зборніка (я гаварыў да гэтага ў асноўным пра вершы першага раздзела «Рыхтуйце сэрцы да палёту»), які называецца «Мой сіні бор», аб'яднаны творы, прысвечаныя «сіняму бору», г. зн. роднай прыродзе, і творы, што можна аднесці да жанру інтымнай лірыкі («Ноч. Цішыня...», «Як ты грымела, як бабахала» і г. д.). Трэці раздзел («За ціхім Дунаем») — тэматычна цэласны. Ён уключае вершы, звязаныя з балгарскімі ўражаннямі паэта («Хіба я забуду братэрскі той кроў...»). І, нарэшце, паэма «Сто вузлоў памяці», прысвечаная ўспамінам дзяцінства, апаленага вайной, першым жыццёвым выпрабаванням паэта («Сто вузлоў памяці» — рэч аўтабіяграфічная ў самым дакладным сэнсе гэтага слова).