Так выглядае новы зборнік Ніла Гілевіча з пункту гледжання таго, што «турбавала і непакоіла» паэта, якія тэмы больш за ўсё хвалявалі яго. А цяпер давайце паглядзім, як здзейснілася спадзяванне аўтара, што яго «хваляванне хоць у нейкай меры перадасца чытачам», выкажам яму сваю чытальніцкую думку.
Уласна кажучы, я ўжо дзе-нідзе падыходзіў і да ацэнкі вершаў да размовы аб тым, перадалося ці не перадалося мне паэтава хваляванне. Гаворачы, напрыклад, пра верш «Сустрэчы ў снах», я не ўтрымаўся, каб не заўважыць, што верш не пакідае нас абыякавымі. Тое самае мне хочацца сказаць і пра такія вершы зборніка, як «Я не знаю, дзе вашы магілы», «Пра дзядоў і зямлю», «Спадчына», «Вы шуміце, шуміце», «Ноч. Цішыня...», «Балгарская сіняя раніца» і інш. Яны хвалююць праўдзівым, сапраўды жыццёвым зместам, той «праўдай сэрца» (словы паэта), без якой няма сапраўднай паэзіі.
Перадалося мне, чытачу, хваляванне аўтара, яго думкі і пачуцці і ў паэме «Сто вузлоў памяці», прынамсі, у такіх яе найбольш эмацыянальных і моцных па мастацкай сіле раздзелах, як «У спелым жыце», «Чырвоны снег», «Перамога», «Спякота над лугамі», «Дзіна». Перадалося і выклікала ў сэрцы жывы водгук. Я не магу, напрыклад, заставацца абыякавым да лёсу гераіні паэмы Алены — брыгадзіра і, як свае ўласныя, паўтараю ўслед за аўтарам яго словы пра песню, што «захлынулася слязамі».
Словам, на спадзяванне паэта, выказанае ім у анатацыі, можна ў заключэнне адказаць так. Тваё хваляванне, твой неспакой знайшлі свайго адрасата, перадаліся нам, чытачам. Калі ж некаторыя вершы асабліва і не кранулі нас, то прычына тут адна — у вершах гэтых было мала хвалявання. Праўда, іх у зборніку зусім нямнога, і ў цэлым ён знаходзіцца, несумненна, на магістралі нашай сённяшняй паэзіі, на яе «бальшаку». Так што назва кнігі апраўдана і ў гэтым сэнсе.
1965
ГЭТА БЫЛО З ПАКАЛЕННЕМ..
Амаль усе тыя творы, якія складаюць зборнік Івана Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю», я чытаў раней, калі яны друкаваліся ў газетах і часопісах. У зборніку я толькі перачытваў іх. Апавяданне «Бульба», якім адкрываецца кніга, я неяк не заўважыў раней і чытаў упершыню. Чытаў і хваляваўся, чытаў і, што называецца, суперажываў з яго юным героем, пазнаваў у яго дзяцінстве сваё, у хлапчуку — самога сябе тых ваенных гадоў. «Уранні прыйшлі нашы...» І далей: «У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат... Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я». Тут аўтар гаворыць не толькі ад самога сябе і ад імя двух сябрукоў свайго дзяцінства, а і ад імя соцень і тысяч такіх яна хлапчукоў, і ад імя пакалення. У кожнага з пас, аднагодкаў аўтара, быў той вечар, калі нашы адыходзілі, адступалі, а потым, праз некалькі гадоў вайны, было тое ранне, калі «прыйшлі нашы».
Здавалася б, Іван Чыгрынаў расказаў пра нешта вельмі асабістае, непаўторна-канкрэтнае, проста падзяліўся ўспамінам дзяцінства (я атаясамліваю героя апавядання з асобай аўтара). Але, аказваецца, не проста падзяліўся ўспамінам: асабістае, непаўторна-канкрэтнае стала нашым, агульназначным.
Дарэчы, для аўтара зборніка «Птушкі ляцяць на волю» вельмі характэрная гэтая вось якасць: як быццам бы проста апавядаць, проста згадваць тое, што было ў жыцці, было ў сапраўднасці, і ў той яна час адцяняць ледзьве прыкметна — праз дэталь, праз псіхалагічны штрышок — самае істотнае, сацыяльна важнае, натуральна пераводзіць жыццёвую з'яву, жыццёва верагодны факт у мастацка-эстэтычны рад. Калі чытаеш, напрыклад, такія апавяданні зборніка, як «Адна ноч», «Апавяданне без канца», «Па дарозе дамоў», «Птушкі ляцяць на волю», «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», то не можаш не адзначыць іх падабенства з нарысам, з замалёўкай з патуры — словам, з творам дакументальнага жанру. «На золаку, калі яшчэ спявалі пеўні, я пакінуў Брады, каб да сонца выйсці праз расцяроб на Пычаў бераг. Дарога ішла паўз лясное возера...» — так пачынаецца «Апавяданне без канца». «У Залужжы мне сказалі: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку» — гэта пачатак другога апавядання («Птушкі ляцяць на волю»). А вось першыя радкі «Вадалазаў Сухавых...»: «Я чуў ад людзей, дзе пракладваюць нафтаправод, і таму ўпэўнена ішоў ад вусця Жадунькі, маленькай, ціхай рачулкі, проста паўз Беседзь — па той бок, за якога паўкіламетра ад вусця, быў высечаны лес, і ладная прагаліна, як на шырокую шашу, адкрылася позірку яшчэ здаля...» Усе тры прыклады наглядна сведчаць аб адным і тым яна: у сваіх апісаннях Іван Чыгрынаў часта карыстаецца прыёмамі нарысіста. Так жа, як, скажам, у дарожных нататках ці ў дзённіку, ён строга прытрымліваецца жывога пазірання, апісвае ўбачаную па свае вочы мясцовасць, дакладна вызначае час дзеяння. Няцяжка заўважыць, што па сваёй «тапаграфіі» апавяданні І. Чыгрынава прывязаны да яго родных мясцін — з іх прыродай, з іх геаграфічнымі назвамі і, відаць, з прозвішчамі людзей. Той, хто ведае самы ўсходні куток нашай Беларусі, можа пацвердзіць, што і Жадунька, і Саматэвічы, і Бялынкавічы, і Студзянец і г. д. — усё гэта сапраўдныя назвы. Недасведчанаму чытачу можа нават часам здацца, што празаік толькі тое і робіць, што апісвае ўбачанае і пачутае. Але гэта, як я ўжо казаў, далёка не так.