Выбрать главу

Ёсць у паэзіі закон, адкрыты Блокам: чым цяжэйшае нараджэнне гуку, тым больш ясную форму імкнецца ён набыць. «Гук» у С. Яўсеевай, асабліва ў яе лірычных вершах, як правіла, глыбінны. І, натуральна, шукае найбольш выразнага выяўлення, найбольш яснай матэрыяльна-вобразнай абалонкі, і часта знаходзіць.

Але ў некаторых выпадках адчуваеш толькі яшчэ самі гэтыя пошукі, толькі само імкненне да яснасці, але канчатковага выніку гэтага імкнення няма. Асноўная думка верша «И опять я начинаю рейс» выканана ў двух апошніх радках:

Я бы вымерла, да не умру, Слишком много рек в меня впадает!

Сказана добра. Свежа і вобразна. Але ці да гэтага, менавіта, вобраза імкнуўся ў дадзеным выпадку «гук»? Сумняваешся таму, што паэтэса прыпадабняе сябе на працягу верша і поўнаму трамваю, які вось-вось з'едзе з рэек, і спалоханаму гарнастаю, і сіраце. Комплекс асацыяцый, як снежны камяк, расце, у вершы з'яўляюцца і яшчэ і «дуплистые дубы», і «низкие стрелы». Словам, што ні страфа — то свая метафара, свой вобраз. І ў выніку верш пазбаўляецца адзінства вобраза. Змест яго даходзіць, можна зразумець паэтэсу, яе хваляванне, яе думку (яна яе растлумачыла ў апошніх радках), але яснасці, завершанасці формы, да якой імкнуўся трудны «гук», няма.

Трапляюцца ў кнізе — па той жа, відаць, усё прычыне, а магчыма, і з-за недахопу густу — вобразы крыху штучныя, надуманыя. Напрыклад — моль у аднайменным вершы. Моль тут яўна не вытрымлівае той сэнсавай нагрузкі, якую на яе ўскладаюць, не «цягне» ў якасці ворага прагрэсу. Так жа, як не можа быць сур'ёзным увасабленнем прагрэсу і сучасны гардэроб («висит прогресс — капроновый, стеклянный...»).

Дакараеш часам паэтэсу, чытаючы яе новыя вершы, і за свядомую яўна схільнасць да залішняй, неапраўданай метафарычнасці і вычварнасці. Асабліва калі апошнія паварочваюцца перламі, накшталт: «И теперь мои ресницы — со слезами не на ты». Або: «Вам нравилось радовать нас, пробивать будни гвоздиками своих улыбок». Або (пра зялёныя вочы): «Опіі всегда препятственного цвета».

Не магу не адзначыць і недастатковую патрабавальнасць паэтэсы да рыфмы. Побач з рыфмамі свежымі, што называецца сучаснымі, даволі часта мільгаюць і застарэлыя (лесов — стволов, снегами — городами, такие — роковые, враг — табак, ресницы— задымится), и занадта прыблізныя, такія прыблізныя, што ўжо не маюць практычнага значэння. Напрыклад: отдала — плода, небеса — да, потом — пород і г. д...

...Сваю кнігу С. Яўсеева адкрыла вершам «Восхожденье» («Узыходжанне»).

Восхожденье! Что ни день, то вышка. Крым потом, пока еще Сибирь. Я еще не родила мальчишку, Я еще не растеряла сил. Первый дом еще по получила, Первый долг еще не отдала. Сад возделала — не надкусила Первого плода!

Верш, як бачым, характэрны для паэтэсы — і рыфмамі, і сваёй сутнасцю. І ў першую чаргу гэтым вось праграмным: «Крым потом, пока еще Сибирь». Крым — гэта спакой, спачын, ціхі плёскат хвалі і пляжнае забыццё (глядзіце верш «На пляже»). Сібір — гэта нязведанасць, дарога, цяжкасці, пошукі, гэта — узыходжанне. І хочацца пажадаць С. Яўсеевай, каб узыходжанне яе працягвалася, каб яна заўсёды верыла так, страсна і непарушна, у тую светлую зорку, пра якую яна піша ў паэме. Бо паэзія — таксама вера. У самым зямным і самым чалавечым сэнсе гэтага слова.

1965

ПАЭЗІЯ ЗЯЛЁНАГА ЛЕСУ

Вясной мінулага года з'явіліся адначасова ў нашым перыядычным друку тры сугучныя вершы: «У цішыні» Дануты Бічэль-Загнетавай, «Паэма майго лесу» Пімена Панчанкі і верш Аляксея Пысіна «І чаму не стаў я лесніком...». «Незвычайна ўсё было, пахла верасам і смалой...» — пісала Д. Бічэль-Загнетава. «На цябе, мой лес, як на цуд, гляджу», — пачынае свой верш Пімен Панчанка. І ў другім месцы ўсклікае: «Лес мой, цуд мой». А Аляксей Пысін звяртаецца да лесу са словамі: «Лес мой, брат мой...»

Здавалася, што тры «харошых і розных паэты» прынялі ўдзел у нейкім невядомым для чытача, закрытым, конкурсе на пэўную тэму.

Але ўражвала не толькі і, можа быць, не столькі знешняе падабенства вершаў. Наадварот, яны вызначаліся яўнай невыпадковасцю, арганічнасцю іх з'яўлення, глыбока вынашаным лірызмам. Уражвала ў вершах унутраная агульнасць, духоўная — маральная і філасофская — блізкасць. (Усе тры вершы можна з поўным правам аднесці да жанру філасофскай лірыкі.) «Трыо» гучала на дзіва суладна і аднадушна, кожны з галасоў як нельга лепш дапаўняў два іншыя.