Выбрать главу

«Паэма майго лесу» напісана ў форме размовы паэта з лесам. Уласна каянучы, гаворыць адзін паэт, яго «зялёны дружа» больш шуміць ды «сумна гудзе». Ды гэта — не перашкода для шчырай размовы. У «субяседнікаў» затое шмат агульнага. Ім «патрэбны ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці». І ўвогуле, гаворыць паэт,

Усе мы дрэвы: Хто клён, хто рабіна, хто дуб. Цягнемся да сонца, Шалясцім ліствою. Грымне навальніца — Сагнёмся ад дум, А зрэжа маланка — Заснём пад жарствою. Горш другое, Мой зялёны дружа: Не звяліся людзі, Што паскудзяць нам; Тлушчам заплылі І раўнадушшам, Здрадзілі загінуўшым сябрам.

Гнеўна, на высокай выкрывальнай ноце вядзе далей паэт свой расказ. Ён нічога не ўтойвае ад свайго мудрага і ўдзячнага «субяседніка», гаворыць усю праўду і нічога, акрамя праўды.

І колькі непадробнага лірызму, колькі цеплыні і сапраўды сяброўскай шчырасці ў заключнай частцы верша:

Лес мой, Цуд мой, Акіян мой зялёны і сіні, Захавальнік магіл, і прысяг, І роздумаў добрых людскіх, Я перадам нашу дружбу Дачушцы і сыну, Каб іх рукі ніколі Галін не ламалі тваіх. Сінім вераснем ці лістападам Я спынюся ў цябе На апошні начлег. І мы зноў пашумім, А пасля Паразмаўляем без слоў: Пра надзеі загінуўшых хлопцаў, Пра зорныя спадарожнікі, Пра чырвоныя журавіны і белы снег, Пра журботны голас зязюлі І трывожны клёкат буслоў, Пра каханне і смутак І пра шчасце, Якое Так цяжка уладкаваць на зямлі.

Такія радкі цяжка каменціраваць і пераказваць. І мне толькі хочацца выказаць радасць, што такія радкі ёсць у нашай паэзіі, што яна дасягае такой глыбіні пачуцця і думкі, так пранікнёна і мудра ўмее гаварыць пра чалавечае прызначэнне і чалавечы лёс, пра іх непарыўную сувязь і еднасць з зялёным другам, з роднай прыродай.

1965

АБ ЖЫЦЦІ, АБ ЛЮДЗЯХ, АБ САБЕ...

«Паэты — усе адной крыві...»

Гэта і так, і не так: кроў можа мець розную тэмпературу — і нармальную, і павышаную, і вельмі высокую, у залежнасці ад грамадзянскага тэмпераменту паэта.

Але ёсць паэты «высокага раўнадушша», як нехта сказаў пра Баратынскага, якія ў сваім алімпійскім спакоі праходзяць над жыццём, як праходзіць над зямлёй ціхамірнае беласнежнае воблака. Ёсць паэты, якія на небасхіле жыцця мільгаюць і згараюць метэорам, пакінуўшы альбо не пакінуўшы след у нечай душы. І ёсць паэты, якіх ніяк не параўнаеш з беласнежным кучаравым воблакам, затое з поўным правам параўноўваеш з навальнічнай хмарай. Яны праходзяць не столькі над зямлёй, колькі па зямлі, па яе «градах» і «весях», праходзяць, як навальніца, якая прыносіць зямным жыхарам нямала турбот і нават страху, але пасля якой затое намнога лягчэй і свяжэй дыхаецца і аб якой надоўга застаецца памяць.

Словам, паэты — не адной крыві.

І гэта прыгадалася мне ў сувязі з ураянаннямі ад новай кнігі Пімена Панчанкі «Пры святле маланак» — кнігі, якую мы чакалі і прадбачылі, кнігі, у якой, мы ўжо ведалі, ёсць вершы «Чалавечнасць», «Капайце у сэрцы маім магілу...», «Сумленне», «Родная мова», «Паэма майго лесу», «За вогненнымі вякамі», «Мітынгі вялікай рэвалюцыі», і якая, з'явіўшыся да нас, апраўдала нашы прадбачанні і спадзяванні.

Скажу адразу: кніга «Пры святле маланак» прадыктавана сапраўднай любоўю паэта да жыцця і людзей — той любоўю, якая не можа мірыцца са злом, — і напісана яна, кніга, гарачай крывёю.

Дастаеўскі гаварыў, што не можа быць чалавек шчаслівым, што яго душа не прыме ніякай «сусветнай гармоніі», пакуль праліваецца недзе хоць адна сляза нявінна замучанага дзіцяці. Не можа жыць у шчаслівай лагоднасці і лірычны герой П. Панчанкі. Не можа. Не мае права. Не хоча. Толькі ў сне мроіцца яму часам,

Што жыў калісьці Па законах музыкі Сусвет...

Але сон ёсць сон. Мроі застаюцца мроямі. А жыццё застаецца жыццём — ва ўсёй яго супярэчлівасці, складанасці і трудпасці. З усімі яго трывогамі і пытаннямі. «Мучыць сумленне і памяць аб загінуўшых...», аб «самым страшным» (верш так і называецца — «Самае страшнае», і яно, гэтае «самае страшнае» — не адна сляза, а безліч слёз, пралітых і малымі, і дарослымі ў горкія дні мінулай вайны). Не дае спакою трывожнае пытанне: «Што нам прынясуць наступныя гады? Толькі б не сышлася сіла з сілай, толькі каб не сталі гарады атамнаю брацкаю магілай». Ну, і, вядома, прыходзіць усё часцей гэтае вось «праклятае» пытанне: «А па якой рацэ плыве к нам столькі пошасці? Як мельнік у муцэ, свет у хлусні і пошласці».