Выбрать главу

Няцяжка здагадацца, што абуджэнне ў паэта часта кантрастуе з яго снамі (дарэчы, калі паэт гаворыць пра свае сны — то, гэта значыць, што ён спрабуе разгадаць сны народа). Ён якраз пра гэта і піша ў вершы «І неба не праяснілася...»:

Прачнуўся. На сэрцы — дрэнна. Трывога ў сэрца б'е. Няўжо пражыты дарэмна Гады агнявыя мае?

Гэтая трывога, гэтая неспакойная думка пра сэнс жыцця, пра тое, як жыць, каб гады не былі пражыты дарэмна, — вельмі характэрныя для кнігі. Заўважу, што ў паэта, у яго лірычнага героя — гэта таксама адна з асаблівасцей кнігі, — няма жыцця без жыцця народа, свае «гады агнявыя» ён ні на мінуту не аддзяляе ад гісторыі народнай.

Праграмным творам кнігі, нават яе своеасаблівым канспектам з'яўляецца верш «Жыццё маё...». Пачынаецца верш радкамі:

Жыццё маё, ты — як цягнік бясконцы: Святло і цень, То змрок, то светласць рос. І людзі з-за мільгаючых аконцаў Не бачаць ні пакут маіх, ні слёз.

Гэта радкі, гаворачы словамі другіх твораў зборніка, пра «добрае, не дробнае жыццё», пра жыццё, у якім было ўсё — і «даль парахавая», і вернасць, што «адарала шчодрай мерай», і здрада, што «секла з-за пляча», дзе былі вера і нявер'е, узлёты і тлум. Словам, радкі пра нялёгкае жыццё. Пра нялёгкі вопыт. Пра нялёгкі, аплочаны вялікай цаной, набытак душы.

Натуральна, што далей паэт адмяжоўваецца катэгарычна ад «ныцікаў» (я прыводжу верш цалкам, радок за радком):

Я добра знаю ныцікаў мізэрнасць, Не страчу моцнай веры Ад няўдач...

З «малаверамі, песімістамі, ныцікамі, скептыкамі і нігілістамі худасочнымі» паэт ужо палемізаваў у вершы «Добры настрой». Палемізаваў з усёй шчырасцю, пераконанасцю і доказнасцю. Прызнаваўся ў канцы, што і ў самога на сэрцы бывае «журботна і трывожна» і ўсё ж ён стаіць на сваім. («Патрэбна зубы сцяць, змагацца з муццю звыклай»), І ў «Жыцці маім...» ён звяртаецца да гэтай тэмы як бы мімаходзь, як бы для таго, каб яшчэ раз пацвердзіць сваю пазіцыю. (Яна была добра выказана ў вершы «Сумленне»: «Што ты зробіш?» — А рынемся ў бой.)

Гарантыю і ўмову поспеху ў змаганні з «муццю звыклай», крыніцу сіл і надзей аўтар «Жыцця майго...» бачыць у сувязі з другімі людзьмі, у еднасці з жыццём народа. Ідуць радкі прызнання:

І тапаліны пах, і шорах зерня, І над труною горкі матчын плач, І выкрык развітальны паравоза, І галасы з касмічных караблёў, І смех дзяцей, І ворагаў пагрозы — Жыццё сваё навек я з вамі сплёў.

Прызнанне невыпадковае і паказальнае. Чытаеш кнігу «Пры святле маланак» (я ўсё гавару «кнігу», бо слова «зборнік» неяк не стасуецца з вельмі адзінай, унутрана цэльнай кнігай паэта) і адчуваеш трапятанне жыцця, гарачую, чалавечую і грамадзянскую зацікаўленасць паэта, яго нястомны, напружаны роздум «аб жыцці, аб людзях, аб сабе».

Зазначу мімаходзь, што вастрыня ўспрыняцця жыцця і звязаная з ёй тэматычная разнастайнасць вызначаюць і разнастайнасць інтанацый, танальнасці вершаў, разнастайнасць іх рытмікі, іх моўна-стылёвыя асаблівасці. Мова ў П. Панчанкі вельмі гнуткая, экспрэсіўная, як кажуць, эмацыянальна афарбаваная, з лексікай самых розных стылёвых пластоў.

Але чытаем далей «Шыццё маё...»:

Мой белы свет, Мой свет цяжкі ды мілы, Я ведаю, як трэба шмат рабіць, Каб нам было бліжэй, чым да магілы, Да шчасця і да сонечных арбіт. Таму крывінкай кожнай ненавіджу Я раўнадушных, Чэрствых, Прагных, Хіжых...

Гаворачы пра «жыццё сваё», паэт не мог не сказаць — на споведзі гавораць усю праўду — пра тое, пра што ён пачынаў ужо гаварыць у вершах «Чалавечнасць», «Мы выцерпелі многа», «За вогненнымі вякамі» і асабліва ў «Паэме майго лесу», не мог не сказаць пра тое, што набалела. А набалела многа, бо «сэрца паэта ўмясціла ўвесь боль чалавечы і плач» («Памяці М. Святлова»).

«Дзе няма злосці і смеху, — пісаў у артыкуле «Генрых Гейнэ» Д. Пісараў, — там няма і надзеі на абнаўленне. Дзе няма сарказмаў, там няма і сапраўднай любві да чалавецтва. Калі хочаце пераканацца ў гэтай ісціне, прыпомніце, напрыклад, цудоўныя сарказмы супраць кніжнікаў і фарысеяў. Тады вы ўбачыце, да якой ступені неразлучныя з сапраўднай любоўю нянавісць, абурэнне і пагарда».