Выбрать главу

Любоў і спагада да чалавека, засяроджаная ўвага да рухаў яго душы, да яго духоўнага быцця — гэта, можа быць, першае, што ўражвае ў кніжцы, што характарызуе яе, робіць яе такой цэльнай і аднароднай.

Важкім довадам гэтай думкі можа быць апавяданне «Перад дарогай», якое заключае кніжку. Яно не вылучаецца ні спрытна «закручаным» сюжэтам, ні складанымі сітуацыямі і перыпетыямі, ні выключнымі падзеямі. Што, уласна, адбываецца ў апавяданні? Прыехалі гараджане ў вёску па грыбы і, пабыўшы ў лесе, сядзяць у вясковай хаце, на кухні, чакаюць, пакуль сціхне дождж, які перашкаджае вярнуцца ў горад. І гавораць героі апавядання мала, так, перакідваюцца час ад часу словамі. Гаспадыня дома не пачынае асабліва гаворкі, бо баіцца, каб «не так што сказаць». Шафёр Сямён Захаравіч увогуле не з гаваркіх. Тым больш што тут, дзе «зусім, як у вёсцы», ён настроіўся на лірычны, летуценны лад, на роздум. Праўда, жонка мае звычку ўстаўляць «дзе не трэба свае тры капейкі», але і яна падпарадкавалася добраахвотна агульнаму настрою. Такім чынам, нічога значнага на першы погляд у апавяданні не адбываецца.

І тым не менш яно надзвычай змястоўнае, яно многа гаворыць і розуму, і сэрцу. Яго, як добры верш, можна некалькі разоў перачытваць, і кожны раз у ім будзеш знаходзіць нешта новае, не заўважанае раней. У чым тут сакрэт? Перш за ўсё ў тым, што ў фокусе аўтарскай увагі — жывы чалавек. Той, хто чытаў апавяданне, не мог не прыкмеціць і не адчуць, як паказаны ўзаемаадносіны паміж персанажамі. На кухні, дзе яны сядзяць, слухаючы шапаценне дажджу і трэск дроў у печы, пануе атмасфера незвычайнай блізкасці, узаемнай чуласці і добразычлівасці.

У атмасферы, што пануе ў вясковай хаце, праяўляецца духоўная накіраванасць аўтара, яго глыбокая чалавечная пазіцыя. І калі жонка Сямёна Захаравіча ўсё ж не зразумела свайго мужа, які сказаў летуценна: «Яно, маці, і тут добра, зусім як у вёсцы». І калі вясковая жанчына не можа адказаць сабе, што ёй так падабаецца ў гарадскім шафёру — тое, як ён вось так прыкурвае ад вугольчыка, ці нешта большае. І калі бухгалтару Саўчанку крыху няўцям, чаму Сямён Захаравіч не хоча расказваць пра вайну, — то ўжо аўтару, як кажуць, відней. Ён усё бачыць і разумее. Ён ведае, што жыццё яго героя ў нечым «сыходзілася з чужым. Было многа падобнага, але было і тое, чаго, ён ведаў, не будзе ніколі». Ведае, які сэнс тоіцца за словамі: жыццёвы вопыт, жыццёвы лёс. І ў маленькім апавяданні раскрываецца вялікі свет чалавечага сэрца — такі дзіўны і непаўторны. У ім і мінулае і сучаснае, нягоды і радасці, доўг сыноўні і доўг бацькоўскі, павага і любоў да чалавека, які ідзе ў жыцці побач, і да чалавека, з якім выпадкова сустрэўся. У ім, гэтым свеце, — і вайна — «страшная штука, замешаная па чалавечым жыцці і смерці», і мір, «тыя, спакойныя хвіліны», якія часам трымаюцца ў памяці больш, чым «страшнае і цяжкое». Пад Севастопалем, у зацішшы пасля бою, краналася душы Сямёна Захаравіча «пакутная нейкая яснасць, адкрываўся яму, здаралася, краёчак таго, звычайнага і амаль недаступнага ўжо жыцця. Ён бачыў мора: яно ляжала спакойнае, сіняе, светлае, ахутанае ўдалечы ласкавай смугой, дэльфіны куляліся на рэдкіх хвалях, і, здавалася, не было навокал ні вайны, ні смерці, ні спякотнага неба, белага, як выцвілы брызент, ні свежай крыві, што цьмяна блішчала на сонцы».

І, нарэшце, у жыццё героя апавядання ўвайшоў вось гэты дзень — з падарожжам у вёску, з грыбамі, з дажджом, з вясковай кухняй, з ціхай гамонкай, з роздумам і ўспамінамі. Адзін з тых дзён, якія нібыта абнаўляюць чалавека, прымушаюць яго неяк па-новаму паглядзець на сваё жыццё, на сваё месца ў жыцці.

Як бачым, М. Стральцоў не задавальняецца адналінейным, аднамерным паказам чалавека. Ён разумее, які багаты ўнутраны свет сучасніка, і імкнецца паказаць гэтае духоўнае багацце, складанасць інтэлектуальнага і эмацыянальнага зместу чалавека. Гэта можна было ўжо заўважыць нават у першых апавяданнях «Дома», «Мацеевы дровы».

Пачынаеш чытаць апошняе з іх з пэўным недаверам: ці мала пісалася ўжо аб тым, як селянін едзе на дровы, і пісалася прыблізна так жа — «Завіхурыла адразу пасля каляд», «Старому неспакойна. Выйдзе на двор, каб кінуць карове мурагу...» Але вось спыняешся на радках, якія перадаюць стан старога, што толькі прачнуўся: «Стала прыемна ад нейкай асаблівай глыбокай і мяккай цішыні, што панавала ў хаце. І была яшчэ думка аб тым, што вось як добра прачнуцца ў такі глухі і, напэўна, перадранішні час, моўчкі глядзець у цемень і ведаць, што за вокнамі праходзіць ноч». Перад намі — тонкі экскурс у свет чалавечай псіхалогіі.

Лепшае з таго, што было ў першых апавяданнях, у прыватнасці здольнасць паказаць «дыялектыку душы», яе рухі яшчэ прыкметней праявілася ў пазнейшых рэчах М. Стральцова — у апавяданнях «Двое ў лесе», «Блакітны вецер» і, як мы ўжо бачылі, у апавяданні «Перад дарогай».