Выбрать главу
Помніце пра ўсе зямныя мукі, Напрацуйцеся, каб забалелі рукі, Не выдумвайце праблем галаваломных, Хай вас раўнадушша не саб'е. І галоўнае, Галоўнае, Галоўнае — Не хлусіце ні народу, ні сабе...

У сваіх нататках пра сустрэчу з Міхаілам Святловым, змешчаных у леташнім нумары нашага «Дня паэзіі», Б. Бур'ян прыгадвае, як М. Святлоў сказаў, адкрываючы кнігу П. Панчанкі: «Давайце і мы разам з ім «пополним запас доброты». Мне таксама хочацца звярнуцца да чытача: давайце возьмем кнігу «Пры святле маланак» і «пополним запас доброты».

1966

ЯК ТЫ ЧЫТАЕШ, ЧЫТАЧ?

Чытач!.. Юны і дарослы... Патэнцыяльны і рэальны... Шырокі і масавы... Патрабавальны і ўважлівы... Які яшчэ? З якімі яшчэ эпітэтамі ўжываем мы гэтае слова — чытач? Якімі яшчэ станоўчымі якасцямі надзяляем яго, чытача?

Самымі рознымі. І гэта натуральна. Без чытача няма літаратуры. Без добрага, сапраўднага чытача няма добрай, сапраўднай літаратуры. Ён тут патрэбен гэтак жа, як і пісьменніцкі талент.

Але чытач — імя агульнае. Нават занадта агульнае. І, ужываючы яго, мы часам проста злоўжываем ім, забываем, што маем справу з вялікім мноствам разнастайных імён, забываем, што чытач — такі яе розны і шматаблічны, як чалавек наогул, што ёсць чытач і чытач. Патрабавальны і непатрабавальны. Падрыхтаваны і непадрыхтаваны. Дасведчаны і недасведчаны.

Не бяруся разглядаць праблему ў цэлым. Гэта справа сур'ёзнага сацыёлага. Хачу толькі спыніцца — з канкрэтнай нагоды — на катэгорыі чытачоў, якіх я б назваў актыўнымі.

Што я маю на ўвазе пад актыўным чытачом? Чытача, які пэўным чынам рэагуе на прачытанае — выказвае свае ўражанні, шле свой водгук аўтару, піша ў рэдакцыю. У адрозненне ад свайго антыпода — чытача пасіўнага (не захапляецца і не абураецца, водгукаў і пісем не пасылае), актыўны чытач адкрыта выказвае сваю чытацкую волю, спрабуе ўмешвацца ў літаратурны працэс.

Не трэба, думаю, даказваць, што чытацкая актыўнасць — рэч сама па сабе добрая. Асабліва калі яна зыходзіць ад чытача разумнага, эстэтычна выхаванага, добразычлівага. Такі чытач, як ужо гаварылася ўпачатку, толькі і патрэбен літаратуры — як апора, як надзея, як мэта.

Іншая справа — актыўнасць, не падмацаваная пэўнай эстэтычнай падрыхтаванасцю, разуменнем мастацкага твора. У такім разе ўсе водгукі і прэтэнзіі недарэчы ці, у лепшым выпадку, не маюць прамога дачынення да справы.

Актыўнасць такога роду праяўляецца па-рознаму, мае некалькі разнавіднасцей.

Назіраецца, напрыклад, «прафесіянальна-вытворчы» ці «цэхавы» падыход да мастацкага твора. Чытач сустракае на старонках кнігі свайго калегу, калега гэты паказваецца як адмоўны персанаж, чытач абураецца, успрымае такі паказ як асабістую абразу, як выпад супраць яго прафесіі і г. д. Чытач скардзіцца ў рэдакцыю. Перада мной некалькі пісем, якія атрымала ў розныя часы газета і сярод якіх ёсць падобнае пісьмо. Адзін мінскі інжынер прачытаў верш пра ліліпутаў (напісаны, дарэчы, са спачуваннем) і абразіўся. «У нас, на гадзіннікавым заводзе, — піша ён, — працуе некалькі ліліпутаў. Працуюць яны механазборшчыкамі. Уявіце, калі б хто-небудзь сказаў ім: «Вы ліліпуты і крыху механазборшчыкі...» Я раз дваццаць прачытаў верш, углядваўся ў кожную літару, але, уявіце сабе, апрача знявагі ліліпутаў, нічога не заўважыў». І гэта пра верш, у якім няма ніякай знявагі, які, як я ўжо зазначыў, напісаны з пачуццём спагады.

Другая разнавіднасць — чытач, ахоплены псеўдапедагагічным клопатам: «Як бы чаго не выйшла». Помню, калі я глядзеў фільм «Хлопчык і дзяўчынка», то чуў, як адна глядачка ўсклікнула: «І гэта будуць глядзець школьнікі!» Такую ж рэакцыю выклікаў у аднаго з чытачоў (таксама мінчаніна) верш Р. Тармолы «Бацькаўшчына». Можа, параўнанне грому з ровам «адкормленага гарачага бугая» і не вызначаецца асаблівай мастацкасцю, але чытача абурае не столькі гэта, колькі страх, што «гэтыя радкі могуць быць прачытаны школьнікамі». Спалохаў аўтара пісьма і другі, ужо зусім нявінны, з пункту гледжання выхавання, вобраз (чалавек «днём і ноччу, ноччу, днём, усё жыццё гарыць. І нарэшце згарае нябачным агнём»), «Вось табе і раз! — усклікае ён з абурэннем. — Гарэў, гарэў чалавек і згарэў нарэшце нябачным агнём! Ды хіба пра гэта вершы патрэбны нашым чытачам? Ды ў іх сцвярджэнне бессэнсоўнасці чалавечага існавання. Такія вершы могуць быць па душы хіба толькі буржуа, які, нічога не робячы, жывучы на чужы кошт, сапраўды не бачыць сэнсу ў жыцці. А мы, савецкія людзі, камунізм будуем, і нам чужыя падобныя ідэі».

Бачыце, як катэгарычна і як беспадстаўна, зусім не па сутнасці, пратэстуе чытач. Не зразумеў, што да чаго, і пратэстуе.