«Цнатлівы юнак з дапытлівым розумам», «хворы на душэўную чэснасць» — гэта сам Ігар Хадановіч. Менавіта ён так абвострана і глыбока адчуваў другога чалавека, сваю сувязь з людзьмі, сваю адказнасць за ўсіх.
Ён, як і гераіня яго нарыса «Чалавек з маёй біяграфіі», настаўніца адной з мінскіх школ, Яўгенія Васільеўна Перавозная, марыў пра Чалавека з вялікай літары, хацеў бачыць людзей «шчодрымі, прыгожымі» (гавару словамі яго нарыса).
Думаю, што менавіта гэтае імкненне падказала яму ўзяцца за пяро, дыктавала яму яго артыкулы і нарысы, яго апавяданні. Быў, натуральна, талент. Але я ўжо казаў, які гэта быў незвычайны талент у Ігара Хадановіча — талент, арганічна звязаны з яго асобай, з яго маральна-духоўнай сутнасцю, з яго перакананнем, што жыць трэба лепш, што «ў чалавеку ўсё павінна быць прыгожым».
Калі чытаеш апавяданні І. Хадановіча, то не можаш не звярнуць увагу на тое, як настойліва малады аўтар шукае разам са сваімі героямі сэнс жыцця, як нецярпіма ставіцца ён да ўсяго эгаістычнага, груба-інстынктыўнага, пошлага, як змагаецца за Чалавека ў чалавеку. Такое па свайму зместу і духу адно з першых яго апавяданняў «Полем ідзе чалавек», якое сам аўтар не прапаноўваў у зборнік, лічачы, відаць, недасканалым, але якое чытаеш з цікавасцю. Такія і два апошнія яго творы — «У кватэры заставаўся хлапчук» і, асабліва, «На досвітку».
У апавяданні «На досвітку», у значнай меры аўтабіяграфічным, мы застаём героя ў крытычны для яго час: ён пакутліва вырашае, як быць, як жыць далей. Працягваць верыць у свой адметны, свой непадобны на іншыя лёс? Паспрабаваць быць супермэнам? Ці — пайсці да людзей і ў адзінстве з імі шукаць сваё прызначэнне? «І падумалася, што, можа, усё тое, над чым пакутаваў ноч, — надуманае і ўяўнае, а трэба — проста жыць і радавацца кожнаму выпадку, нанова адчуць асалоду жыцця. Памагаць людзям — няхай у дробязі, у самым непрыкметным, — але каб толькі адчуваць, што жывеш не для сябе...»
Апавяданні І. Хадановіча вызначаюцца тонкімі назіраннямі, дэталямі, псіхалагічнымі штрыхамі. Ён добра ведаў вёску, яе побыт, псіхалогію вясковага чалавека. Як будзеце чытаць апавяданні, вы гэта заўважыце ўжо па дзвюх дэталях — як дзядзька Ігнат у «Ранніх яблыках» мажа калёсы ці як стары Гарвась («За акном дождж») назірае праз акно за сваім суседам.
Але не толькі ў дэталях тут справа. Дэталі, як вядома, не самамэта. Веданне вясковага жыцця, любоў да чалавека працы, уменне пранікнуць у яго ўнутраны свет далі І. Хадановічу магчымасць стварыць жывыя характары, узняцца да абагульненняў. Да такіх абагульненняў яму ўдалося, мне здаецца, узняцца ў апавяданнях «Юзік» і «Пятая хата». Першае з іх не зусім закончанае, аўтар яго не ўключаў у зборнік, але паглядзіце, як выпісаны гэты шматпакутны Юзік, як глыбока і шырока бярэ аўтар, з якім пранікненнем у чалавечы лёс расказвае ён пра свайго героя.
Да значнага абагульнення ўзнімаецца І. Хадановіч у «Пятай хаце». Яго Язэп, які вымушаны будаваць ужо пятую хату, не здаецца і не хоча ніякіх паблажак. Ён верыць у свае сілы, ён захоўвае сваю чалавечую годнасць. Невялічкае апавяданне, а як многа сказана ў ім — пра народны аптымізм, народную правату, народную сілу.
Няма сумнення, што ў асобе Ігара Хадановіча ішоў у нашу літаратуру сапраўдны талент, ішоў мастак-псіхолаг, мастак-даследчык...
Ігар Хадановіч шмат ведаў, шмат умеў, шмат хацеў, шмат мог зрабіць. І ён шмат зрабіў бы, бо меў надзвычай добрае сэрца і гэтакую светлую галаву. І адно толькі можа быць суцяшэннем, калі даводзіцца гаварыць пра яго ў мінулым часе, — усё-такі ён паспеў нешта зрабіць, у тым ліку пакінуць нам вось гэтую кнігу.
1966
ВЕРШ ТВОЙ - СПОВЕДЗЬ ТВАЯ
Нататкі пра першыя зборнікі маладых
І. «Паэтычны тыдзень». «Баравікі» і «сыраежкі». А калі без метафары? Што галоўнае? Праблема першай кнігі. Не трэба шукаць «плепорцыю». Талент — з'ява арганічная. Свет паэта.
— Дык што, сапраўды «ёсць яшчэ адзін куточак запаветны, дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты»?
— Панчанку цытуеш, яго «Край паэтаў»?
— Так, Панчанку.
— А што ты хочаш сказаць?
— Хіба не здагадваешся? Сем першых зборнікаў вершаў на працягу якога-небудзь паўгоддзя — гэта што, не грыбы пасля дажджу-грыбасея?
— Бадай, грыбы... Але няўжо сапраўды сем?
— Так, сем. Давай будзем лічыць. «Крэсіва» Васіля Зуёнка, «Жывіца» Міколы Кусянкова, «Азбука» Анатоля Сербантовіча...