Выбрать главу

Можа, менавіта тут, у недастаткова выразнай акрэсленасці некаторых вобразаў і тоіцца прычына таго, што асобныя апавяданні М. Стральцова гучаць крышку «камерна». Гэты эпітэт, дарэчы, падказаны мне адным маладым літаратарам, з якім нядаўна мы гутарылі аб кнізе «Блакітны вецер». Тады я не пагадзіўся з яго заўвагай, а цяпер вось думаю, што доля праўды ў ёй ёсць. Хаця дзеля справядлівасці трэба сказаць, што апавяданне «Перад дарогай» сведчыць аб тым, што аўтар яго паспяхова пераадольвае пэўную «прыглушанасць» сваіх першых твораў.

Некалькі слоў аб форме апавяданняў М. Стральцова, у прыватнасці аб іх кампазіцыйнай тканіне. Відаць, усё-такі правільна заўважаюць некаторыя, што апавяданням часам не хапае дынамікі дзеяння — асабліва знешняга, сюжэтнага. Часткова гэта, відаць, тлумачыцца тым, што яны пабудаваны ў асноўным на псіхалагічным матэрыяле. Але справа не толькі ў гэтым, а хутчэй за ўсё ў той прычыне, аб якой ужо гаварылася, а іменна: у залішнім перанясенні паэтычных сродкаў і метадаў на глебу празаічнага жанру. Вось проза і помсціць аўтару.

Увогуле ж, недахопы кніжкі «Блакітны вецер» не выклікаюць асаблівай патрэбы ў павучаннях, рэкамендацыях, перасцярогах. Харошую кнігу напісаў Міхась Стральцоў. Светлую, чалавечную, таленавітую. Яна паводзіць на роздум, выклікае пачуцці, выхоўвае.

1962

ЧАТЫРЫСТА «ЧАМУ»

Нельга ўвайсці двойчы ў адзін і той самы паток... Літаратура ўносіць у гэтую формулу — формулу беззваротнасці часу — істотную папраўку. Калі мы чытаем глыбока рэалістычны твор, то ўваходзім — праўда, не фізічна, а духоўна — у жывую плынь, жывы паток пэўнага часу. Калі ж мы пазней зноў гартаем гэтую цудадзейную кнігу, то зноў, двойчы і тройчы, акунаемся ў тую ж паўнаводную, бурлівую раку — з яе берагамі і бязмежнымі разлівамі, з яе быстрыпямі і плёсамі, з яе хваляваннем і спакоем.

У чым жа тут сакрэт?

Уласна кажучы, пытанне гэта чыста рытарычнае, бо, як вядома, сакрэту ніякага тут няма. Крытыкі і літаратуразнаўцы нямала зрабілі, каб тайнае было яўным, загадкавае — ясным. Сакрэту пяма. Ёсць проста адна важная, калі не абавязковая, умова, без захавання якой твор можа ўяўляць з сябе, што хочаце — мутнаватую ці празрыстую рачулку, перасыхаючую канаву, славутую сажалку з лебедзямі, толькі не сапраўдную жыццёвую плынь. Гэта ўмова — вернасць мастака свайму часу, яго зоркасць, яго ўменне заўважаць і схапіць тое, што складае своеасаблівасць часу, яго, так сказаць, спецыфіку. У Аляксандра Блока ёсць выраз: «трапятанне жыцця». Вось гэтае «трапятанне жыцця», яго гарачы пульс і напаўняюць у творы тую раку, у якую можна ўвайсці двойчы.

Але, здаецца, пачаў я занадта шырока, відаць, падвяла метафара. Таму тут жа «рэціруюся» і ўношу яснасць: я не крытык, і задача ў мяне больш сціплая. Проста мне хочацца падзяліцца думкамі, якія прыходзяць часам, калі чытаеш новыя творы, прысвечаныя нашаму сённяшняму дню, або глядзіш у тэатры п'есу на сучасную тэму. А яшчэ дакладней: хочацца пагаварыць пра тое, як паказваецца часам у нашай літаратуры тое новае, што нараджаецца штодзённа ў жыцці, як новы жыццёвы матэрыял становіцца новым «будаўнічым матэрыялам» для пісьменніка.

«Літаратура, — гаварыў Аляксандр Твардоўскі, — заклікам сродкамі мастацкага адлюстравання пацвярджаць і замацоўваць у свядомасці людзей усё тое новае, што ўваходзіць у нашу рэчаіснасць у пярэдадзень камунізма, тым самым уладна ўздзейнічаючы на псіхалогію гэтых людзей, на іх душэўную арганізацыю, склад мыслення, характар». З такой пастаноўкі пытання нам трэба і зыходзіць, відаць.

Чым больш у творы надзённага зместу, чым мацней ён звязаны з жыццём, тым больш розумаў і сэрцаў настроіцца па яго хвалю, тым шырэйшы яго рэзананс. І, наадварот, чым далей твор ад сапраўдных радасцей і трывог часу, чым менш у ім нашага жыццёвага «сёння», тым менш — тут прама прапарцыянальная залежнасць — у яго шанцаў закрануць сэрца чытача, накінуць у ім след.

Гэта ясна, як двойчы два чатыры.

Іншая справа — як паказваць новае, сучаснае ў жыцці. Тут нельга не пагадзіцца з Іванам Мележам, які ў сваёй аўтабіяграфіі «Трохі згадак і думак» зазначае: «У літаратуры і жыцця — не простае сваяцтва».