Выбрать главу

Так, не зусім простае, хаця і вельмі блізкае, кроўнае. Справа ў тым, што можна дваяка падыходзіць да жыццёвай з'явы. Можна задаволіцца яе знешнімі прыкметамі і «ничтоже сумняшеся» апісаць гэтыя прыкметы так, як робіцца вопіс у інвентарнай кнізе, — холадна, механічна, без творчага гарэння. І тады застаецца толькі ўсклікнуць услед за Піменам Панчанкам:

Пра ўсё мы пішам так прачула: Пра лёс і лес, пра лён і лом. Эклектыка, ты нас кранула Сваім запыленым крылом.

І можна паспрабаваць заглянуць з «рэнтгенаўскай бязлітаснасцю погляду» за знешнюю абалонку з'явы, даследаваць яе, разгледзець яе пільна ва ўсіх сувязях з іншымі падобнымі з'явамі, дакапацца да яе сутнасці, да кораня.

Розныя метады даюць розныя вынікі. Першы, рэгістрацыйна-інвентарызацыйны, дае фармальную, чыста знешнюю актуальнасць, стварай толькі выгляд яе, другі, даследча-творчы, — дае актуальнасць сапраўдную.

У апрацоўцы металаў ёсць два спосабы — халодны і гарачы. Часцей ужываецца гарачы. Але ў некаторых выпадках звяртаюцца і да больш прымітыўнага, халоднага. Што ж датычыць літаратуры, то для яе халодны спосаб строга супрацьпаказаны. Застаецца толькі адзін — гарачы.

Наша жыццё — у няспынным руху, развіцці, абнаўленні. І яно ставіць перад пісьменнікам мноства пытанняў. Нехта падлічыў, што дзіця на працягу дня задае дарослым каля чатырохсот «чаму». Жыццё задае мастаку не менш сваіх «што», «чаму», «для чаго». І сярод гэтых пытанняў шмат вострых, «закавырыстых», а то і «праклятых».

Літаратура, безумоўна, не можа праходзіць міма гэтых «чаму», прапускаць іх міма вушэй. Інакш яна дрэнна выконвала б свой кроўны грамадзянскі абавязак. Таму не выпадкова, што ў творах нашых пісьменнікаў гучаць пытальныя інтанацыі. «Вучоны таварыш, ты дык, можа, знаеш, моладзь чаму ад зямелькі ўцякае?.. Чаму? Бо не чуюць любві да зямлі, адбілі яе ў іх ці вы не далі?!» — пытаецца герой «Дарожнага дзённіка» Алега Лойкі. «Няўжо таксама падлічана, колькі на свет патрэбна барвовых пякельных выбухаў і радыеактыўных хмар, каб спапяліць у калысках сотні Эйнштэйнаў і Рэпіных, мільёны ўсмешак і песень, пацалункаў, сустрэч і мар?» — гэта, таксама не рытарычнае, пытанне з верша Генадзя Бураўкіна «Вучоныя — разумныя людзі...». «Чаму атрымоўваецца так, што дысертацыі эканамісты абараняюць, атрымоўваюць вучоныя званні, а карысці вытворчасці ад гэтага ніякай?» — над гэтым пытаннем пачынаюць задумвацца героі аповесці Лідзіі Арабей «Экзамен», змешчанай у вераснёўскім нумары «Маладосці».

А колькі пытанняў закранаецца ў новым рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні»! Чаму мы часам ставімся абыякава да памяці людзей, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму? Чаму яшчэ блытаюцца пад нагамі народа гуканы і да іх падобныя? Як мы ўсё ж павінны выхоўваць дзяцей? Чаму ёсць яшчэ вёскі, дзе «быццам бы і не раслі людзі, не жаніліся, не аддзяляліся ад бацькоў, не заводзілі свайго кутка, не дбалі, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскі?..» А вось і яшчэ адно «чаму». «Славік, — чытаем у рамане, — неяк сказаў у часе абеду сваім хлопцам:

— Архімеды, растлумачце мне, чаму ў нас не могуць увесь час вось так працаваць — роўна, рытмічна, каб не псаваць людзям нерваў? А толькі перад святамі. Звычка ці рыса нацыянальнага характару?»

І «архімеды», члены брыгады, у якой працуе Славік, пачынаюць «варушыць мазгамі», разважаць, спрачацца — пытанне пастаўлена сур'ёзнае.

Словам, пытанні, пытанні, пытанні — цэлых чатырыста «чаму». І няцяжка зразумець героя таго ж рамана І. Шамякіна пісьменніка Шыковіча, які думае: «Як усё пераплялося — старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і будзённае, коснае і перадавое! Што ж галоўнае для яго — услаўляць ці выкрываць? Пісаць пра мінулае ці пра заўтрашні дзень?»

Так, сапраўды, «як усё пераплялося», сапраўды ёсць над чым задумацца. Але задача пісьменніка, «галоўнае для яго», пэўна, і заключаецца ў тым, каб разбірацца ў гэтым складаным «перапляценні», каб вывучаць і даследаваць новыя жыццёвыя з'явы, тэндэнцыі і праблемы, каб смела ставіць пытанні і адказваць на іх. Ён не мае права выбіраць шлях, «чтобы протоптанней и легше», не можа гэта рабіць «па абавязку сваёй службы».

На жаль, мы яшчэ бываем нярэдка сведкамі таго, як новыя з'явы нашага жыцця паказваюцца паспешлівым пяром, без належнага асэнсавання і ўвагі да іх, як некаторыя «чаму» альбо зусім абыходзяцца, альбо калі і закранаюцца, то застаюцца без больш-менш поўнага адказу. Так, напрыклад, у паказе сённяшняй вёскі праглядвае шаблон, паводле якога новае зводзіцца да чыста вонкавых праяў і прыкмет — да новага камбайна, новых хат, новага клуба. Вонкавы выгляд вёскі, яе будынкі становяцца часта галоўным аб'ектам пісьменніцкай увагі. А між тым пазнаваць і паказваць новае ў жыцці — значыць, пазнаваць і паказваць новае ў чалавеку, новага чалавека. Іншымі словамі, пісьменнік закліканы шукаць і адкрываць новыя рысы, новыя характары, новыя тыпы.