Выбрать главу

Трэба сказаць, што жыццё наша, надзвычай разнастайнае і поўнае навізны, дае ў гэтым сэнсе багацейшы матэрыял. Толькі бяры яго, даследуй ды ляпі з гэтага матэрыялу, гэтай выдатнейшай «гліны», самыя розныя характары.

Але бяда зноў-такі ў тым, што матэрыял гэты часам мы выкарыстоўваем няўмела, нятворча, танцуем не ад той печкі, якая называецца жыццём. То мы глядзім паверх галавы сучасніка, не давяраем яму, то падыходзім да яго так, як падыходзіць да кліента кравец — усё з тым жа старым сантыметрам, то прыкладаем усе намаганні, каб уціснуць яго, новага чалавека, у жорсткае пракрустава ложа схемы.

Ці ўзяць хаця б такую, вытворную ад названых, з'яву, як наклейванне на герояў ярлыкоў-характарыстык. Замест таго каб самому як след разабрацца ў сваім героі, грунтоўна «пазнаёміцца» з ім, а потым яшчэ пакінуць магчымасць і чытачу падумаць над лёсам героя, мы выстаўляем адразу свайго персанале на авансцэну або як закончанага падлюгу (і самі тут жа плюём яму ў твар), або як анёла (і самі ж пляскаем у ладкі).

Між тым, сапраўдныя героі і негероі нашых дзён не заўсёды яшчэ становяцца героямі і негероямі нашых твораў, часцей яны ходзяць недзе там, пад вокнамі літаратуры.

Прывяду два прыклады.

З таго дня, калі ў нашай краіне пачаўся рух за тое, каб вучыцца жыць і працаваць па-камуністычнаму, напісана нямала твораў на гэтую тэму — як празаічных, так і вершаваных. Але як часцей за ўсё паказваўся член брыгады камуністычнай працы? Вельмі спрошчана, плакатна — не чалавек, не жывая асоба, а хадзячы плакат, хадзячыя запаведзі. А гэта ж такі ўдзячны матэрыял, такі каштоўны аб'ект для назіранняў пісьменніка!.. Калі сапраўды ў нашым жыцці ёсць людзі, якія працуюць па-камуністычнаму і імкнуцца гэтак жа жыць, дык што ж яшчэ трэба — табе, пісьменніку, як кажуць, усе карты ў рукі. Бяры і паказвай такога чалавека на ўвесь яго рост, ва ўсёй яго велічы. Паказвай, але не стаў яго на хадулі, не малюй яго такім, як быццам бы ён не высокія запаведзі засвоіў, а палку праглынуў і не можа натуральна ступіць, зрабіць звычайны чалавечы жэст, усміхнуцца толькі яму ўласцівай усмешкай. Словам, пакажы яго, героя сучаснасці, так, каб чытач палюбіў яго, узяў яго ў свае спадарожнікі. Калі ж ты пераканаўся, вывучаючы свайго героя, што не такі ён ідэальны, што не ўсё ў яго ідзе так проста і гладка, што прыняць і вывесіць у цэху абавязацельствы намнога лягчэй, чым на самай справе працаваць і жыць па-камуністычнаму, то, зноў-такі, ідзі ад жыцця, стварай праўдзівы характар, паказвай свайго героя ў змаганні, у станаўленні, а не фальсіфікуй яго...

Другі прыклад.

У адзін цудоўны дзень у пашу літаратуру ўвайшоў у якасці адмоўнага персанажа так званы стыляга. І хаця нас павучылі паважаць анкету, па гэты раз мы яўна недаацанілі яе, не прапанавалі новаму персанажу адказаць па пытанні аб часе і месцы параджэння, аб сацыяльным паходжанні і г. д. А дарэмна. Трэба было адразу пацікавіцца ўсур'ёз, хто ж ён такі, гэты «вывіхнуты», эксцэнтрычны малады чалавек, што ён з сябе ўяўляе. Бо калі ён, стыляга, — з'ява несур'ёзная, нехарактэрная для нашага жыцця, то тады, можа, не варта аддаваць яму столькі ўвагі, траціць па яго шмат выкрывальніцкага пораху. Калі ж ён — пэўны сацыяльны тып, народжаны пэўным часам, то тады, будзьце ласкавы, і разглядайце яго так, пакажыце яго вытокі, яго сутнасць, а не абмяжоўвайцеся павярхоўнымі шаржыкамі і карыкатурамі, узятымі напракат з сатырычнага часопіса.

Між тым бедны стыляга менавіта так, карыкатурна, і паказваўся ў многіх творах — як сатырычных, так і «сур'ёзных». І, абыходзячы яго чалавечую і грамадскую сутнасць, мы не звярталі ўвагі на тую элементарную акалічнасць, што ёсць стыляжніцтва духоўнае, унутранае, і стыляжніцтва знешняе (як манера апранацца і трымацца); і што ўвогуле за стыляжніцтва прымаліся іншы раз схільнасць да фразы, бравада і іншыя такія нязменныя спадарожнікі юнацтва.

Інакш падышоў да гэтай з'явы Іван Шамякін, які паспрабаваў разабрацца ў адной з разнавіднасцей стыляжніцтва. Я маю на ўвазе вобраз Славіка ў рамане «Сэрца на далоні». Вобраз гэты — адзін з лепшых, найбольш паўнакроўных у творы. І ўдаўся ён таму, што пісьменнік ствараў яго не па гатовым узоры, а ішоў ад жыцця.

У свой час я ўжо выказваўся наконт вобраза Леўкіна з «Белазёрскага дзённіка» Ул. Дадзіёмава. Думаю, што гэты вобраз — добры прыклад таго, як трэба даследаваць новае ў жыцці — станоўчае яно або адмоўнае. І тут я не зусім згодзен з Уладзімірам Юрэвічам, які, прызнаючы, што «вобраз Леўкіна — бясспрэчная ўдача пісьменніка» («Літаратура і мастацтва», 1963, 20 верасня), у той яна час сцвярджае, што Леўкіна трэба было паказваць у нейкім іншым ракурсе. Крытык лічыць, што ў нарысе «няма калектыву, які б змагаўся за чалавека», няма выхавання, «перакоўкі» лжэўдарніка працы Леўкіна. Папрокі гэтыя, на мой погляд, не зусім слушныя. Па-першае, калектыў у нарысе ўсё ж існуе. А па-другое, ставіць так пытанне — значыць патрабаваць ад пісьменніка рабіць тое, што не ўваходзіла ў яго планы.