Выбрать главу

Іншая справа, што вобраз Леўкіна крыху статычны, што не паказваецца «дыялектыка» яго душы. Не хапае і роздуму пра тыя прычыны, якія параджаюць леўкіных. Тут я згодзен з У. Юрэвічам. Пісьменнік павінен быў дакапацца да сутнасці.

Гаворачы аб «галоўнай задачы прэсы ў час пераходу ад капіталізму да камунізме», Ленін заклікаў больш звяртаць увагу на тое, «як рабочая і сялянская маса на справе будуе нешта новае ў сваёй будзённай працы», больш правяраць, «наколькі камуністычна гэта новае». Гэтая ленінская запаведзь мае самае непасрэднае дачыненне і да пісьменніцкай справы, падказвае той галоўны напрамак, якога павінна трымацца літаратура ў ідэйна-эстэтычным даследаванні сучаснага жыцця, у паказе яго вызначальных з'яў, працэсаў і тэндэнцый.

1961

...І СТЫХІЯ ПАЭЗІІ

Ёсць кнігі, якія, калі іх чытаеш, абуджаюць у цябе «пачуцці добрыя», робяць цябе, здаецца, лепшым і мудрэйшым, а потым, калі яны прачытаны і «засвоены», становяцца неад'емнай часцінкай твайго духоўнага свету.

Да такіх кніг можна з поўным правам аднесці і новы зборнік паэзіі Сяргея Дзяргай. Зборнік называецца «Чатыры стыхіі». Назва гэта так расшыфроўваецца ў анатацыі: «Наведаўшы Дрэздэнскую галерэю, аўтар азнаёміўся з карункамі французскага мастака Франсуа Рэнье пад агульнай назваю «Чатыры стыхіі».

Паэта зацікавіла задума мастака, і ён паспрабаваў перадаць яе словам. Так з'явіліся вершы: «Паветра», «Вада», «Агонь» і «Зямля» пад той жа назваю «Чатыры стыхіі».

Але «Чатыры стыхіі» як назва зборніка — нешта большае. Пад гэтым сімвалам трэба разумець — пачуцці чалавечыя, справы чалавечыя, мары чалавечыя, здзейсненыя і няздзейсненыя.

Гэта кароткае аўтарскае тлумачэнне можа быць у нейкім сэнсе ключом для разумення асноўнага зместу зборніка, яго вызначальнага пафасу. Кніга сапраўды прасякнута любоўю да чалавека, верай у яго высокае прызначэнне, у яго светлае заўтра. Пафас чалавечнасці і жыццесцвярджэння — галоўны пафас «Чатырох стыхій». Пра гэта сведчаць нават ужо назвы раздзелаў зборніка і асобных яго твораў: «Зерні праўды», «Дарагое маё», «Крыніца жыцця», «Светлае», «Ранішні прамень», «Сапраўднае», «Лжывая вада», «Над спакоем крыніц», «На ласкавым хлебе» і г. д.

Яны гучаць светлай, радаснай, як сонечная раніца, музыкай.

Характэрны ў гэтых адносінах адзін з лепшых твораў зборніка верш «А чаму б і не?».

Хіба ты ўсе слёзы выплачаш? Хіба ты ўсе крыўды выбачыш? Хіба сэрца сваё выдарыш? Хіба зло з карэннем выдзерыш? Адкажы ты мне, Адкажы ты мне! — пытае паэт. І тут жа адказвае: А чаму б і не? А чаму б і не? Калі ўсюды твары ветлыя, Калі нават цені светлыя, Калі любіцца, кахаецца, Калі сэрца не вагаецца, Калі лёс, як воўк, не крадзецца, Калі сябар з сябрам радзяцца, Калі зорка ўжо засвечана, Калі дужасць-моц засведчана, Калі лёгка, не бядуецца, Калі новы свет будуецца, — А чаму б і не? А чаму б і не?

Гэта аптымістычнае «А чаму б і не?» гучыць як упэўнены выклік розным скептыкам і малаверам, як спрэчка з усімі, хто не верыць, што «новы свет будуецца», хто сумняваецца ў высакароднасці людзей, у іх светлым будучым. «Радасць сходзіць на лёс чалавечы», — сцвярджае паэт. Сцвярджэнне гэтае, вера ў нашу справу і нашу вялікую праўду, што «па сусвету велічна ідзе», гучыць лейтматывам і ў цыкле вершаў, прысвечаных Леніну (імі, дарэчы, адкрываецца зборнік), і ў такіх творах, як «Цымлянскае мора», «Сілы міру», «Родная мова», «Акупацыя» і інш.

Светлым, жыццярадасным светаадчуваннем вызначаецца і філасофская лірыка паэта, у прыватнасці такія вершы, як «Светлае», «Крыніца жыцця», «Зерне», «Казка», «Чатыры стыхіі», «Філосаф мае сілагізм». У іх услаўляецца краса і веліч зямнога быцця, яго неўміручасць. Герой верша «Светлае» гаворыць, пасля таго як яму ўдалося перамагчы смерць: