Калі грыбоў насабіралі брат з сястрычкай поўны кошык, спыніліся каля мурашніку. Петрык зацікавіўся: вунь яны якія працавіценькія, мурашкі! Сапраўды, імкліва так снуюць узад-уперад, кожная спяшаецца некуды. А сястрычка сказала Петрыку:
– Годзе, нам пара дахаты. Дождж будзе.
– А ты адкуль ведаеш, што ён будзе? – стала цікава хлопчыку.
– Мурашкі зачыняюць свае вокны і дзверы, – патлумачыла яму Ала.– Бачыш, усё меней і меней дзірачак у мурашніку робіцца... А калі пачнецца дождж, усе яны пахаваюцца ў сваіх пакойчыках, і дождж будзе ім ні па чым.
Ала ўзяла кошык, і яны пайшлі дамоў.
Дождж забарабаніў па даху, калі Петрык з Алай перабіралі грыбы. І раптам Петрык заўважыў вялікую мурашку, якая бегла па ножцы баравічка – уцякала ад яго.
– Глядзі, Ала! – гукнуў хлопчык.
– Што там у цябе? – падняла на Петрыка вочы сястрычка.
– Мурашка…
– Ну, бачу, што мурашка.
– Ды нічога ты не разумееш,– Петрык надзьмуў шчокі, а твар ягоны зрабіўся надзвычай сур’ёзным.– Гэта ж мурашка з таго мурашніку, каля якога мы былі. Там усе такія вялікія. Пакуль стаяў кошык з грыбамі, яна, канешне, і залезла ў яго. Хіба ты не разумееш? Таму што непаслухмяная… А мо і лянівая? Калі ўсе вокны і дзверы зачынялі, яна гуляла недзе… А мо мурашка проста рашыла пацікавіцца, колькі ў нас грыбоў у кошыку?
– Відаць, так і было, – пагадзілася сястрычка.
– А ўсё роўна мне яе шкада, – пасядзеўшы крыху моўчкі, прамовіў хлопчык.– Яе ж, відаць, там ужо шукаюць мама з татам. А яна ў нас… А?
Ала паглядзела на брата, усміхнулася:
– Дык што ж ты прапаноўваеш?
Петрык уздыхнуў, паціснуў плячыма і пацікавіўся:
– А заўтра зноў пойдзем мы ў лес?
– Абавязкова. Грыбоў жа багата, чаму ж не пайсці?
– Тады добра! – засвяціўся твар у хлопчыка.– Сёння я і сам крыху стаміўся… А заўтра я аднясу гэтую непаслухмяную мурашку ў мурашнік. Уяўляю, як дастанецца ёй ад мамы з татам!..
Петрык узяў у куфры маленькі слоік і асцярожна апусціў туды мурашку. Ён не ведаў, чым яны, мурашкі, сілкуюцца, але цвёрда верыў, што да раніцы наступнага дня з ёй нічога не здарыцца.
ЦІХАЯ МЯСЦІНКА
Дзеці пайшлі ў лес на экскурсію. Здаецца, і блізка лес, але пакуль дайшлі – стаміліся.
– Зараз адпачнём, – сказала выхавальніца.– Вось толькі ціхую мясцінку знойдзем.
На зялёнай палянцы прыселі адпачыць. Сядзелі моўчкі, любаваліся прыгажосцю летняга лесу. І раптам Ігарок загаварыў:
– Надзея Канстанцінаўна, а мясцінка наша не ціхая.
– Чаму ты так рашыў, Ігарок? –паглядзела на хлопчыка выхавальніца.
– Я чую, як птушкі спяваюць, як лісточкі на дрэвах перашэптваюцца… Прыслухайцеся!
Надзея Канстанцінаўна прыслухалася. І ўсе дзеці таксама.
Спявалі птушкі.
Перашэптваліся лісточкі.
Звінеў камарык.
Шапацеў у траве жучок.
Стракаталі конікі…
Па дарозе ў дзіцячы сад выхавальніца сказала:
– Бачыце, дзеці, цяжка знайсці ў лесе ціхую мясцінку. Як і на ўсёй нашай зямлі, вялікай і прыгожай. А ты, Ігарок, малайчына, што першы заўважыў гэта…
ПАСТКА
На летніку Максімка жыў з дзядулем Сцяпанам. І неяк той сказаў:
– Збірайся, унучак, будзем вяртацца ў горад.
А што тут збірацца? Далі наказ кату Антону, каб далёка не адыходзіў, а то яшчэ, чаго добрага, зусім ад свайго жытла адаб’ецца. Паабяцалі неўзабаве зноў прыехаць і прывезці яму ласунак – свежую рыбіну. Напакавалі сумкі садавіной і гароднінай, прыселі перад дарогай на лаву. І тут Максімка ўбачыў птушачку, якая неяк ушчамілася паміж рамамі падвойнага акна і там спалохана трапяталася, білася то ў адну шыбіну, то ў другую: прасіла , каб вызвалілі з палону. Разумела, недарэка, што самой з пасткі не выбрацца— цесна, аніяк крыльцы не распраміць.
Дзядуля пакруціў галавой, сказаў:
– Бачыш, ражок у шыбе адламіўся, на зямлю ўпаў. І трэба ж было верабейку патрапіць у гэтую шчылінку? Чуеш, просіць у нас паратунку.
Дзядуля асцярожна засунуў руку паміж рамамі, злавіў верабейку, падаў Максімку:
– На, падкінь яго, цікаўнага, у неба, няхай парадуецца, што вызвалілі.
– Трэба, дзядуля, шкло памяняць на цэлае,– выпусціўшы верабейку, сказаў Максімка. – А то зноў заляціць у гэту пастку якая-небудзь птушка. Хто тады выратуе? Нас жа тут ужо не будзе.
Дзядуля прынёс новае шкло, паставіў яго на месца пабітага, сказаў унуку:
– А ты, Максім, здагадлівы хлопчык. Малайчына. Верабейка якраз і прасіў нас гэта зрабіць.