НЕ ХАЦЕЛАСЯ Ў САДЗІК
–Уставай, сынку, у садзік пара ісці, – кранула мама за плячо Юраську. Хлопчык пацягнуўся, пазяхнуў, а калі мама схавалася за дзвярыма, схаваўся пад коўдрай.
Неўзабаве мама зноў заглянула ў спальню, сказала больш строга:
– Юраська, спознішся!
Трэба ўставаць. Хлопчык споўз на падлогу.
– Рабі, рабі фіззарадку! – паспяшае мама.
Раз, два – і ўсё, зроблена.
– Мыцца будзеш, ці, можа, не? – з іроніяй глядзіць на малога мама.
– Буду...
Юраська патупаў да мыцельніка.
Не пазнаць сёння Юраську. Сам на сябе не падобны.
– Ці не захварэў ты, сынку? – насцярожылася мама.
– Захварэў, – схлусіў хлопчык.
А яму проста не хацелася ў садзік. І сам не ведаў – чаму.
Тут паказаўся тата.
– Сёння ў садзік салдаты прыедуць, – прамовіў тата.
– Праўда? – засвяціліся вочы ў Юраські.
І ён хуценька пачаў апранацца.
– Я ўжо сабраўся…
– Ты хоць мяне пачакай, – кажа тата і ўсміхаецца разам з мамай.
ДЖЭНТЛЬМЕН
Міхаськаў дзядуля, калі быў яшчэ зусім не дзядулем, а маладым хлопцам, пасля заканчэння інстытута ў Мінску жыў і працаваў пэўны час у далёкай і сонечнай Туркменіі, дзе можна сустрэць нават у горадзе вярблюда і круглы год ласавацца вельмі смачнымі дынямі і кавунамі.
Вярнуўся адтуль дзядуля з бабуляй, якая, вядома, на той час таксама не была бабуляй. І – з нардамі. Гэта гульня такая. І хоць прайшло ўжо шмат часу, а нарды захаваліся. Больш таго, гульня стала сямейнай.
Міхаська таксама хоча навучыцца гуляць у нарды, але ён пакуль умее лічыць толькі да дзесяці. Затое ён хораша падкідвае над дошкай кубікі. Учора хлопчык дапамагаў гуляць бабулі, а сёння сеў каля дзядулі. Падкіне два кубікі за яго, а ў самога вочкі хітравата свецяцца.
– Выйграй, бабуля, у дзядулі, выйграй! – просіць унук і ажно пляскае ў аладкі .
На гэта бабуля, лагодна ўсміхнуўшыся, заўважае:
– Ты ж з дзядулем гуляеш, а хочаш, каб я выйграла.
Хлопчык маўчыць, не ведае, што адказаць. Яно ж і сапраўды так.
Выручае, як заўсёды, дзядуля:
– Мужчына расце! – кажа ён не без гонару і гладзіць малога па галоўцы.– Джэнтльмен!..
СЛЁЗЫ
Маша сядзела побач з татам на канапе. Тата глядзеў тэлевізар, яна таксама. Хоць перадача і для дарослых пра паляўнічых. Дзяўчынка зусім і не думала глядзець тэлевізар, яна гуляла са сваімі лялькамі, аднак як толькі пачула стрэл і ўбачыла сусліка, які стаяў на задніх лапках і трывожна зыркаў вачыма па баках, не разумеючы, відаць, што адбылося, падсела да таты: зацікавілася.
Дзяўчынка бачыла на экране тэлевізара дзядзьку паляўнічага, ён другі раз пачаў цэліцца ў звярка з вінтоўкі, калі той зноў паказаўся з травы і стаяў, як і перад гэтым, на задніх лапках і разглядваў, што робіцца навакол. Звярок зусім не здагадваўся, якая бяда можа здарыцца з ім. І тады дзяўчынка не вытрымала, гукнула:
Хавайся, суслік, хавайся!..
Суслік, аднак, не пачуў дзяўчынку. Не схаваўся. Маша сядзела побач з татам і хлімкала: ёй надта шкада было прыгожага і бездапаможнага звярка.
Тата выключыў тэлевізар і моўчкі выцер слёзы на твары дзяўчынкі .
ВЫРАТАВАЛЬНІЦЫ
Сяброўкі Насця і Верка вярталіся са школы. Стаяў цёплы, сонечны восеньскі дзень. Якраз пара такая – бабіна лета, таму ў паветры плавалі-калываліся тонкія павуцінкі. Настрой у дзяўчынак быў добры. Яны ўяўлялі, як хуценька зробяць урокі і адразу ж выбегуць на двор – хапае тут розных гульняў-забаў. Але што гэта такое? Ці пачулася? Дзяўчынкі спыніліся, пераглянуліся, а затым прыслухаліся: быццам недзе побач жаласліва мяўкаюць кацяняткі? Так, так: гэта яны. Толькі не адразу адшукалі іх Насця і Верка. Ага, вунь дзе тыя – паміж металічнымі гаражамі дзяўчынкі нарэшце ўбачылі жывых камячкоў. Тыя, пэўна ж, зусім нядаўна з’явіліся на свет, былі яшчэ голыя і сляпыя. Аднак надта ж пацешныя!
– Маму шукаюць, – сказала Насця.
– А дзе ж яна можа быць? – здзівілася Вера, а потым сама ж і адказала: – Відаць, пайшла ежу шукаць. Каб потым накарміць малачком сваіх дзетак.
— Ты здагадлівая, Верка, – пахваліла сяброўку Насця. – А, ведаеш, давай што зробім? Прянясем ежу кошцы. І абавязкова вады. Бо гаражы – паспрабуй дакраніся – нагрэліся на сонцы, і кацяняткам паміж імі няма, мусіць, чым дыхаць. Толькі як жа мы яе туды пададзім, ежу і ваду?
Насця і Верка па чарзе нават паспрабавалі падабрацца да кацянятак – дзе там! Зусім вузкая прарэха паміж гаражамі. Аднак, рашылі, пакуль не гэта галоўнае: спярша трэба збегаць дадому, прынесці ежу, а потым што-небудзь прыдумаецца. Не бывае безвыходных сітуацый. Так і зрабілі. І яшчэ яны зрабілі вось што: Насця забегла ў дзіцячы садок, ён якраз побач, і прывяла за руку сваю маленькую сястрычку Ірынку. Той нават не трэба было праціскацца паміж гаражамі – яна прайшла да кацянятак, нібы па тратуары. Паставіла слоік з вадой, а побач паклала кавалачак каўбаскі і хвосцік рыбы.