Голуб Цішка ўважліва выслухаў дзяўчынку, пачысціў дзюбай пяр’ё і паляцеў. Дзяўчынка памахала яму і пачала думаць, што прыгатаваць Цішку на вячэру. Прыдумала. Але нават бабулі Валі не прызнаецца, чым будзе частаваць Цімку.Тайна.
– А мая ты Любка-галубка! – прыгарнула бабуля ўнучку да сябе і пацалавала. – І не гавары, не трэба… Галоўнае не ў гэтым, чым накорміш ты свайго самага прыгожага голуба. Мне радасна, што ты расцеш добрай дзяўчынкай.
МАЛЫ І СТАРЫ
Малы – гэта хлопчык Міколка, а стары – ягоны дзядуля Міколка: як клікалі таго ў дзяцінстве, калі быў такім, як цяпер унук, так і клічуць сёння. Прывыклі. Два Міколы, адным словам. Бабуля звяртаецца да кожнага з іх вельмі проста: малы і стары. Калі спатрэбіўся ёй нечага ўнук, то кліча:
– Ты дзе там, малы?
А дзядулю так:
– Ты дзе там, стары?
Яшчэ, бывае, калі два Міколкі набедакураць – ну, гэта калі з яе боку глядзець, бабульчынага, вядома ж, -- то яна абыякава махне рукой, буркліва скажа:
– Што малы, што стары!.. Ай, што з вамі паробоіш?.. Ідзіце ешце, пакуль каша не астыла.
Не тое, бач ты яе, зрабілі. Але ты, бабуля, пачакай, пачакай трошкі... Зробім для цябе і іншае нешта. Усяму свой час. Што тады скажаш, а?
Так думае ўнук і дапамагае дзядулю: яны рыхтуюць бабулі падарунак да 8 сакавіка. Падарунак робяць ужо колькі дзён сваімі рукамі, зачыніліся ў пакойчыку, і майструюць. Бабуля зазірне, бывае, моўчкі паглядзіць на малога і старога, ціхенечка прычыніць дзверы, а сама сядзе на канапу, шчасліва ўсміхнецца : калі яе Міколкі заняты карыснай справай, то яна не нарадуецца. Так захапіліся, бач ты, ажно не заўважаюць, што яна не-не ды і выгляне з дзвярэй, моўчкі дзівіцца на іх. Хіба ж, думаеце, і бабулі не сумна без сваіх Міколкаў? Яшчэ як.
У дзень свята ўнук прачнуўся раней, чым дзядуля. Адразу раскатурхаў таго, паказаў позіркам на дзверы: пара на кухню, сняданак рыхтаваць трэба. Дамаўляліся ж, ці забыўся? Дзядуля плюснуў вачыма: зразумеў, ага, і выслізнуў з-пад коўдры. Сняданак рыхтавалі потайкам, асцярожна, каб не грымець посудам, а размаўлялі паўшэптам: сёння бабулін дзень, то няхай адпачне. Толькі ж бабуля пра ўсё здагадалася, яна ўжо і сама хацела ўстаць з ложка, але рашыла не перашкаджаць сваім Міколкам.
Аднак усё ж яна потым не вытрымала: «Нешта яны там доўга корпаюцца? Ды, ніяк, і на патэльні падгарэла штосьці ў іх?.. Ай!.. Што малы, што стары!..» І ўсхапілася.
Калі бабуля нарэшце падфранцілася і паказалася на кухні, стол быў застаўлены ежай. А дзядуля кіўнуў унуку: давай, Міколка, падарунак.
Што за падарунак зрабілі два Міколкі сваёй любімай бабулі – не гэта самае важнае. Больш за ўсё смяялася бабуля, калі прачытала на прыгожай шкатулцы, якую падаў ёй унук: «Ад малога і старога».
А калі ўсміхаецца бабуля, ды яшчэ чмокае па чарзе ў шчаку сваіх Міколкаў, значыць, падарунак ёй вельмі спадабаўся.
ХТО ВЫПІЎ ВАДУ
Як толькі прыгрэла на дварэ сонейка, кот Антон аблюбаваў сабе месца на падаконніку: зусім абляніўся, толькі грэецца і грэецца, ад задавальнення ажно вусамі шавеліць. Марыйка пагладзіла Антона, ён падзякаваў:
–Мяў!
І падставіў сонейку зноў сваю пыску. А дзяўчынка палівае з гарлачыка вазоны з кветкамі – іх на кожным падаконніку цяпер багата з’явілася, паставілі сюды нават і тыя, што ўзімку на стале былі, падалей ад халодных шыбак: няхай таксама пялёсткі лашчацца на сонейку, як і кот Антон.
Антону ўсё ж надакучыла ляжаць, пачаў прасіцца, каб дзяўчынка выпусціла яго на двор. Калі ласка. Марыйка зрабіла гэта хуценька, і працягвала далей паліваць кветкі. І тут толькі яна заўважыла, што перастаралася: пацякла з аднаго вазона вада, ажно лужына ўтварылася. І якраз на тым падаконніку, дзе толькі што ляжаў кот. Дзяўчына падумала, што трэба ўзяць анучу і выцерці ваду, а потым загулялася і забылася. Калі ўспомніла, вады ўжо не было. Хто б яе мог выпіць? Кот Антон? Дык ён недзе яшчэ на дварэ ходзіць.
Спярша Марыйка разгубілася, бо не ведала, на каго і падумаць. А потым яна пра ўсё здагадалася. Паглядзела на сонейка, усміхнулася яму і паківала пальчыкам:
– Я ведаю, што гэта ты выпіла вадзічку. На здароўе, сонейка!
МАБІЛЬНАЯ ВЫДАТНІЦА
Ірынка вярталася са школы. Як толькі дзяўчынка зайшла ў салон аўтобуса, адразу ж дастала з прыгожага футлярчыка мабільны тэлефон, прабегла вачыма па адрасах: каму б, каму б патэлефанаваць на гэты раз?.. І не проста патэлефанаваць - пахваліцца, якая яна сёння разумніца, якая яна сёння выдатніца!.. Маці, вядома ж, не падыходзіць: яна і так даведаецца, калі разгорне дзённік... А вось Святланцы, суседцы, можна: няхай пазайдросціць. А заадно няхай даведаюцца і пасажыры, з кім яны едуць.
- Прывітанне, Святланка! - пачынае Ірынка гаманіць і паважна водзіць галавой па баках, нібы ўпэўніваецца, ці ўсе пасажыры падрыхтаваліся яе слухаць .- Ну, як ты там? А я вось са школы еду... Сёння, як і заўсёды, дарэчы, быў мой дзень... Ты здагадлівая, Святланка! Хвалю. Дзве дзесяткі. Па мове і геаметрыі. Паслухай, Святланка... - На гэтым месцы дзяўчынка замоўкла і пачала хаваць тэлефон у футлярчык: на яе - твар у твар - глядзела настаўніца Аксана Пятроўна. Ірынка ўся запунсавелася, разгублена кіўнула - прывіталася: сёння яе, толькі цяпер успомніла дзяўчынка, не было ў школе на ўроку геаметрыі, кажуць - хварэе. І вось такая нечаканая сустрэча ў аўтобусе. Ды яшчэ ў самы непатрэбны час - калі яна, вяртаючыся са школы, любіць пахваліцца, якая яна выдатніца. Якая ж яна выдатніца на самой справе, з усіх пасажыраў ведала толькі Аксана Пятроўна.
Добра, што прыпынак.
Чырвоная ад сораму, Ірынка вышмыгнула на брукаванку.
МУРАШКА
Петрыку роўна столькі год, колькі і павінна быць, каб пайсці сёлета ў першы клас. Шэсць. Нават ў лесе, збіраючы з сястрычкай грыбы, ён думае пра школу. Сястрычку завуць Алай, яна жыве ў горадзе і вучыцца ў каледжы, а на канікулы прыехала да бацькоў у вёску. Вядома ж, і да Петрыка.
Хораша ў лесе. Вусціша. Толькі, калі прыслухацца, чуваць, як спяваюць птушкі ды шапочуць дрэвы. Кошык з грыбамі носіць Ала, а Петрык толькі паспявае аглядаць грыбныя мясцінкі. Ён добра запомніў іх: учора яны таксама былі тут, і хлопчыку асабліва цікава, ці выраслі баравічкі з тых карэньчыкаў, якія пакідалі, акуратна зразаючы грыбы сцізорыкам. І засмучаўся, калі нічога не знаходзіў. Затое радаваўся, убачыўшы крамяны баравічок недзе крыху ўзбоч.
Калі грыбоў насабіралі брат з сястрычкай поўны кошык, спыніліся каля мурашніку. Петрык зацікавіўся: вунь яны якія працавіценькія, мурашкі! Сапраўды, імкліва так снуюць узад-уперад, кожная спяшаецца некуды. А сястрычка сказала Петрыку:
– Годзе, нам пара дахаты. Дождж будзе.
– А ты адкуль ведаеш, што ён будзе? – стала цікава хлопчыку.
– Мурашкі зачыняюць свае вокны і дзверы, – патлумачыла яму Ала.– Бачыш, усё меней і меней дзірачак у мурашніку робіцца... А калі пачнецца дождж, усе яны пахаваюцца ў сваіх пакойчыках, і дождж будзе ім ні па чым.