Выбрать главу

Бадай, канцу свету наканавана хутчэй прыспець, чым ім расшчапіць вусны, гэткі ён, першы Сашкаў з Люсяй пацалунак, смачна-ўтрапёны. Люся схіляе голаў, мкнецца вырвацца з ягоных абдоймаў, але як ён можа цяпер яе адпусціць?

— Пачакай... Яшчэ... – кажа і адчувае, як ні то дужэе, ні то, наадварот, слабее, перакрапаная павуціннем трывогі ад усведамлення, што вось зараз, крый Бог, усё яно, ледзьве пачаўшыся, і скончыцца, ягоная вызваленая ўрэшце ад абрыдлых правінцыйных табу воля.

Вечарына ў самым разгары, і паўз рэдкія галінкі адцвілага бэзу, што атуляе з усіх бакоў таямніцу іхняга першага з Люсяй мілавання, бачна, як вальсуюць на памосце – у клубе занадта горача – порсткія маладыя пары. Паперадзе ўсіх імпэтна танчыць, мяняе раз-пораз партнёраў Лёля. Сёння яна як ніколі ў гуморы: усмешка не сыходзіць з твару, а сама яна як не вылузнецца з сукенкі. Час ад часу яна кідае пагляд акурат у тое месца, дзе стаяць Сашка з Люсяю, і выраз ці то радасці, ці то нейкага таемнага, адной ёй ведамага змыслу слізгае па яе вуснах, бяжыць хваляю па шчоках, павольна знікае ў прадонні падцененых тушшу вачэй. Яна кідае на іх пагляд, і Сашка адчувае, як сцінаецца пад ім міжвольна, уздрыгвае, бы патрывожаная подыхам вятрыска гронка бэзу ўгары, ценькае Люсіна цела.

— Чаму ты яе баішся? – пытаецца ён, і пытанне ягонае патанае ў мелодыі чарговага танца. Што Люся асцерагаецца Лёлі, яму вядома даўно, але чаму так – яны ніколі не высвятлялі. І цяпер, калі ўсё гэтак добра між імі ўсталявалася і растварылася дарэшты ў хвалях пяшчоты заўсёдная боязь непаразумення, ён адчувае, што можа, прынамсі, мае якое-ніякое права пра тое запытацца.

— З чаго ты ўзяў, што баюся? – Люся адкідвае голаў, і твар яе відочна хмурнее. – Вось яшчэ... — Яна прыгінаецца пад голлем, хутка – ён нават не паспявае зразумець, што здарылася, — шыбуе прэч з кустоўя.

Ён кідаецца Люсі наўздагон, мкнецца загаварыць, але яна ўпарта адмоўчваецца. І толькі ўжо на падыходзе да двара быццам спахопліваецца, адорвае яго знэнджаную нечаканаю зацятасцю істоту літасціваю ўсмешкай.

— Памятаеш, ліст табе калісьці пісала? Пра Поўнач – памятаеш? Дзе ён?

— Божа, ліст, ты б яшчэ што прыдумала запытацца... Калі тое было! Гадоў дзевяць прамінула, сама меней...

— Калі б ні было, – кажа яна і кранае пальцамі клямку весніц. Ён хоча спыніць яе, каб прадоўжыць размову, але дарэмна. Люсін твар робіцца непранікальным, і сухмень яе зрэнак, колькі яшчэ хвілін таму вільготна-прыязных, ашаламляе яго выразам нясветна-вусцішнае адстароненасці.

Шэпт то аддаляецца, то, наадварот, бліжэе – быццам хтосьці гуляе ў хованкі, а што за правілы ў той гульні і кім і дзеля чаго яна змыслена, нізавошта не здагадаешся. Ён вызірае ў вакно, каб паглядзець, хто там. Дзве няясныя плямы-постаці бялеюць на тле дрэваў няпэўнымі абрысамі, дружна падымаюцца, сунуцца з двара. Трэцяя, гэткая ж няясная, як і тыя дзве, што толькі што патанулі, атуленыя цямрэчаю, за рогам Зюзяльковага дома, вымыкаецца з шэрані, зладзеявата шмыгае ў прагалак паміж баракам і шыхтам скрыняў для тарпы, з няўмольнасцю лёсу, што конча вырашыў учыніць Сашку іспыт на трываласць натуры, набліжаецца да вакна.

— Люся?

Постаць замірае, дзве рукі ўспырхваюць па-над падваконнем, перакрыжоўваюцца абручам на ягонай шыі.

— Ат, далася яна табе, гэтая Люсіндора, гэтая ...

— Лёля?

Рукі слабеюць, быццам збянтэжаныя нотаю расчаравання ў ягоным голасе, паволі ападаюць долу. Але праз імгненне зноў узлятаюць — цяпер ужо каб і яго сцягнуць на дол, сашчэпліваюцца на ягоных перадплеччах.

Ён саскоквае на зямлю і акурат трапляе ў Лёліны абдоймы. Яна сцішана хіхікае, моўчкі, быццам гэтая начная прыгода была загадзя між імі ўзгодненая, цягне яго за руку з двара ў тым накірунку, дзе зніклі колькі хвілін таму плямы-постаці і дзе ўздымаюцца па-над соннымі забудовамі ліпы прысадаў.

— Куды? Што ты надумалася?

— Спужаўся?

Цемра імкліва радзее, дзве цьмяныя постаці порстка, толькі шашчыць, чуваць, пад нагамі сухое голле, кідаюцца ў розныя бакі, заміраюць у зарасніках бэзу.

— Ну, годзе вам хавацца, каханкі, — кажа Лёля і шпурляе ў гушчар адзін за адным колькі каменьчыкаў. – Выходзьце ўжо!

Яна дастае з сумачкі ліхтарык, са смехам, што больш нагадвае шатанскае хрыпенне, водзіць пукам святла па кустоўі. Водзіць настойліва і доўга, аж пакуль не натыкаецца пасярод яго на зніякавелыя, вінаватыя твары Люсі і Вітака.