Выбрать главу

Што стары назірае за ёю з пакоя, яна не сумнявалася. Адчувала ягоны пагляд хутчэй усім целам, чым вачыма – такое ўжо аднойчы было з ёю, падчас першага яе наведвання ў заснежаны А., неўзабаве пасля выпадкаў з Лёляй ды Наталляй. Калі яна брыла вулкаю да цягніка, а ён, тады яшчэ значна маладзейшы, спрытнейшы ды жвавейшы, чым цяпер, цікаваў за ёю цераз фіранку, і гэткае ж, як зараз, адчуванне таемнага ягонага змыслу працінала яе свядомасць прадчуваннем чагосьці да вусцішу, да дрыжыкаў кепскага.

Тады ўсё абышлося, бо яна проста з’ехала з А., а як будзе зараз? Ці дастаткова абачлівай яна была ўвесь гэты час, што ён тут жыў, каб не выклікаць падазрэнняў наконт уласнае персоны? Ці здолела гэтак пераадолець сваю нянавісць, каб, удаючы прыязнасць, няўрокам не пасеяць да сябе недавер? Якая гэта пакута – удаваць кагосьці іншага і з дня ў дзень штохвіліны думаць пра тое, каб падман не раскрыўся.

Рука яе міжвольна пацягнулася да кішэні халата. Што, калі ён насамрэч, як падалося ёй, паспеў-такі пашнарыць па кішэнях, калі яна пайшла на дол прыбіраць вазу, ды прачытаць на пасведчанні аб рэабілітацыі сям’і яе дзявоцкае прозвішча? Ад заплечных справаў майстра што заўгодна можна чакаць. Колькі разоў давала сабе слова не насіць больш тое пасведчанне ў кішэні, пакідаць дома, ды што зробіш, калі да такой ступені ўелася звычка. Маці заўжды насіла яго пры сабе на ўсялякі выпадак і яе навучыла ў маленстве. Маўляў, ці мала што здарыцца, то хай будзе заўсёды для надзейнасці паперчына пад рукой... Вось і носіць, лічы, паўстагоддзя.

Хоць, папраўдзе, карысці з яе, гэтай паперчыны... Сям’ю Гарнакоў рэабілітавалі ў 56-м, вунь колькі часу сплыло. Тым больш што і пасадзілі бацькоў (яна сама ўжо ў лагеры нарадзілася) ні за што ні пра што — за царкоўны шлюб. Хтосьці з суседзяў з нейкай помсты, няйначай, паведаміў у органы, і закруцілася... У дзень вяселля забралі маладых, нават як след з крэўнымі не дазволілі развітацца. І сем гадоў з гакам – кату пад хвост. Гэта калі на тое, што пасля давялося перажыць, не зважаць...

Яна мінула наўскос пляц, за якім адразу, праз агароджу, пачыналіся жылыя дамы, шмыганула ў абсаджаны хвоямі цёмны, замглёны шэранню прагалак брамы. Азірнулася наастатак і скаланулася ад нечаканасці: святло ў Зелянухавым пакоі на тле астатніх цёмных вокнаў не проста гарэла, а было такое яркае, што ажно нават зводдалеку сляпіла вочы, — непапушчы як у А. напрыканцы дня, калі змрок апускаўся на баракі для зняволеных і магутны пражэктар нечакана заліваў наваколле не тое пукам — вадаспадам святла.

Яна пасунулася да пліты ў спадзеве хоць крыху сагрэцца, але дарэмна: цагліны былі зусім халодныя. Такія халодныя, што нават здаліся ёй больш халоднымі за паветра ў пакоі. Яна легла дагары, упетрылася паглядам у святло пражэктара за вакном, што лілося з вышкі на тэрыторыю склада, на суседнія баракі, на шыхт хвояў з хваінаю-спарышом пасярэдзіне з прыладжанымі між камлямі арэлямі. Святла было так шмат, што здавалася, яго хопіць не толькі каб асвяціць наваколле, а і напоўніць цяплом настылыя за дзень будынкі баракаў.

І сапраўды, нібыта стала цяплей. Але толькі яна пачала сагравацца, як Паўлік заквіліў у зыбцы ў сваім закутку за фіранкаю, просячы нечага, голасна заплакаў. Яна злезла з тапчана, падалася да дзіцяці, тыцнула руку ў зыбку. Пялюшка пад братам была мокрая, воблачка пары падымалася ад яе ўгору і адразу ж таяла, астуджанае сцюжаю, у паветры па-над зыбкаю.

Яна выцягнула пялюшку з-пад Паўлікавага цела, падсунула пад бок замест яе сухую, глянула на ходзікі. Палова дванаццатай, звычайна ў такі час маці ўжо дома. Змена заканчваецца толькі апоўначы, але жанчыны-напарніцы адпускаюць яе з тартака крыху раней, каб даць магчымасць хоць крыху больш пабыць з дачкою і Паўлікам, бо а пятай уранні пачынаецца новая змена і ў чатыры яна ўжо адыходзіць. Пакідае ім з братам рэшту пайка і сыходзіць на ўвесь дзень, і яны застаюцца ўдваіх аж да яе прыходу. Такі парадак усталяваўся пасля таго, як бацьку перавялі ў іншы лагер, і доўжыцца ён вось ужо амаль паўгода.

Наогул, усё не так блага. Адзінае, што даймае яе, Люсю, нават больш, чым даймаюць заўсёдная адсутнасць маці і сцюжа, — смурод ад Паўлікавых пялюшак. Але куды ад яго дзенешся: пакой зусім невялічкі. То трэба трываць, не заўсёды ж брат будзе малы, калісьці падрасце і пачне сам прасіцца на гаршчок.

Кароткі хісткі цень прабег па шыбіне, маці таропка, быццам ад кагосьці ўцякала, выбегла з-за хвояў на пляц, аслепленая пражэктарам, захінула даланёю вочы ад святла. Мужчынская постаць дагнала яе, схапіла за крысо ватніка, пацягнула да сябе. Яна вырвалася з рук мужчыны, не марнуючы ні хвіліны, шмыганула ў прагалак між хвояў. Мужчына – цяпер, калі ён стаяў тварам да барака, Люся пазнала ў ім бацьку Зелянухі Вадзькі з адміністратыўнага дома — незадаволена зморшчыўся, штосьці злосна жэкнуў ёй наўздагон, пераскочыў праз гурбіну, памчаўся прэч.