Маці ўвайшла ў пакой, узялася распальваць грубку. Але заплакаў Паўлік, і яна кінулася да яго. Выцягнула з-пад малога пялюшку, пачала шнарыць у закуцці ў пошуках сухой. Сухой, аднак, не аказалася, і яна пачала хуценька распранацца. Распрануўшыся, абкруціла мокрую пялюшку вакол аголенага пояса, ускінула наверх швэдар і ватнік, і гузак на яе скроні (адкуль ён, учора ж не было?) разгладзіўся, зрабіўся не такім страхавітым, як напачатку, калі яна толькі ўвайшла, і вочы прыкметна пасвятлелі.
Яна гатавала ежу ды мацала гузак на скроні, і выраз заклапочанасці на яе твары то гусцеў, то, наадварот, радзеў, прытуплены, мабыць, думкамі аб новых, што чакалі заўтра, клопатах. Але яна была побач, і рэзкае святло ад пражэктара больш не поўніла Люсіну істоту трывогаю, і хвойка-спарыш з арэлямі між камлямі наўзбоч суседняга барака здавалася ёй куды больш прыветнай, чым дагэтуль. Супакоеная, яна так моцна заснула, што нават не чула, як маці паднялася, каб зняць з пояса падсохлую пялюшку ды ўхутаць ёю Паўліка.
Як маці сышла ўранні на працу, яна таксама не чула — толькі лёгкае рыпенне маснічыны пад нагамі ды мяккі, бы хтосьці шмаргануў вяхоткаю, дотык вуснаў да ілба. А калі прачнулася, у пакоі было зусім светла. Але не ад пражэктара. Проста дзень стаяў на дварэ, і бясконцы, як заўсёднае чаканне маці напрыканцы змены, снег валіўся густою завесаю з неба на зямлю і хвоі, поўніў беллю прагалкі паміж баракамі.
Луста хлеба, варанае яйка і шклянка астылае гарбаты – звыклы паёк — чакалі на стале. Але есці не хацелася, і яна вырашыла спачатку пакарміць брата. Прыслухалася, як ён там: з-за фіранкі не даносілася ні гуку. Яна паднялася, каб паглядзець Паўліка, падскокам хіснулася да малога.
— Паўлік, до спаць, — сказала і адшморгнула фіранку. – Час снедаць.
Брат спаў так моцна, што нават не адазваўся ані гукам, як рабіў тое заўсёды, на яе пазоў. Яна падышла бліжэй, каб пабудзіць яго, датыкнулася далонню да шчакі.
Шчака была халодная і белая, як снег за вакном. І гэткая ж халодная, як шчака і ўсё цела, была пялюшка пад Паўлікавым бокам.
Яна апромеццю выскачыла на двор, рынулася да суседняга барака, дзе жыла свякрова адной з напарніц маці цётка Галя Кудзельская. Спадзеў, што за гэты час брат апрытомнее, не пакідаў яе. Але калі яны з цёткаю Галяй вярнуліся, Паўлік па-ранейшаму прыкмет жыцця не падаваў. Цётка Галя роспачліва заенчыла, пабегла да тартака па маці, а Люся засталася ў пакоі, і снег усё ішоў ды ішоў, і здавалася, яго неўзабаве стане так шмат, што не тое што ад цётчыных слядоў, а і ад суседніх будынкаў абапал двара не застанецца напаміну.
Разам з маці прыйшлі яшчэ дзве жанчыны, адна з іх незнаёмая, другая — нявестка цёткі Кудзельчыхі Ліда. Маці ўхутала Паўліка ў прасціну, у разгубленасці застыла з целам на руках пасярод пакоя. Затым жанчыны і цётка Галя ўзялі прасціну за рагі, памалу панеслі ношку на двор. Але навошта і куды — не сказалі, і Люся правяла рэшту дня ў чаканні, што яны, мабыць, вось-вось вернуцца разам з братам.
Але яны не вярнуліся. І ёй нічога не засталося, як сядзець пры вакне ды глядзець, як патанае пад пластамі снегу самотная хвоя-спарыш ды менее, менее, чэзне пад снегам ніз сцяны барака насупраць.
Ёй хацелася конча дачакацца маці, каб спытаць, куды яны занеслі Паўліка, але яна не дачакалася. З’ела хлеб, спачатку свой, затым братаў і, як толькі запаліўся на вышцы і асвяціў усё наўкола пражэктар, кульнулася на тапчан, радая, што гэтак во неспадзеўна паболела ежы і пачысцела ў пакоі паветра, бо не смярдзіць болей мокрымі Паўлікавымі пялюшкамі, моцна заснула.
Яна ўключыла тэлевізар, не чакаючы, калі з’явіцца на экране карцінка, – навошта, праграма «ANIMAL PLANET» – адзінае, што яна глядзіць апошнім часам — пайшла ў кухню па гарбату. Падсела да стала, на якім з раніцы грувасцілася горка прыдбанага для заўтрашняе выправы з Зелянухам да ракі харчу ды прыправаў, адхлюбнула з кубка раз, другі. Хацела ўжо падняцца, каб пайсці зноў у пакой, як раптам убачыла на дварэ постаць.
Мужчына стаяў на ходніку, прыхінуўшыся плячом да газетнага шапіка, і паліў цыгарэту.
Канечне, ён, Аляксандр Зянонавіч, Сашка, хто ж яшчэ, падумала яна і засталася сядзець пры вакне. Падумала, што, можа, няблага было б запрасіць яго зайсці, але тае ж хвіліны адагнала спакусу прэч.