Выбрать главу

Запрашаць? З якое нагоды? Вось скончыцца ўся гэтая мітрэнга з Зелянухам, тады, можа... І то ці варта? Вунь жа не адказаў два гады таму на яе ліст, а пэўна ж, атрымаў яго. Не пажадаў адказаць – такой бяды, казаў той, вольнаму воля. Зрэшты, меркаваць проста, а вось на справе... Як бы двое адмалку ні зрасліся, бы тыя спарышы, душамі, чаго ўсё тое вартае, калі целы – урозь... Што тая хваінка-спарыш у А.: карэнне і ніз камля агульныя, сам жа камель ды ствалы – кожны па сабе. Цела ж, вядома, без душэўнае спажывы, як і душа без цялеснае, – пустая абалонка, не болей.

Але найбольш сумненняў у яе наконт собскага знешняга выгляду: як-ніяк пяцьдзесят восем кабеціне. Ды і занятак, што ні кажы, накладвае адбітак. Тры гады з вантузам пад пахай і вядром ды швабраю ў руцэ – не жартачкі. Быў бы ён жанчынай – усё прасцей тады было б. Як вось з Лёляю. Шэсць год таму (яна тады яшчэ на пошце рабіла) прыслала ліст, прасіла прабачэння за прадаўнюю прыкрасць. І яна адпісала, і ўжо дамовіліся спаткацца. Шкада, не лёс быў: памерла Лёля за месяц да спаткання, а то, глядзіш, і добрае што магло б між імі наладзіцца... І, напэўна, наладзілася б, калі ўжо за гэтулькі год пра той яе (ды і свой, напэўна) паскудны ўчынак ля студні нікому не распавяла...

Яна дапіла гарбату, пайшла зноў у пакой.

На экране львіца Тора ляжала ў зарасніку побач з дрэвамі, высочвала здабычу. Па тым, як напружылася ўся яе істота, ды па шчыльна сціснутай пашчы драпежніцы было бачна, што хвіліна пачатку атакі зусім блізка. Гэтым разам ахвяраю мусіла стаць цяля, матка якога, аднарогая буйваліха, ва ўчорашняй серыі ўсмерць забіла рогам аднаго з дзіцянят Торы, калі тая адлучылася да вады, а цяпер сама выправілася ў спадзеве спатоліць смагу да бліжэйшага ручая, пакінуўшы цяля сярод кустоўя.

Гэтыя перадачы пра жывёл! Яна прызвычаілася глядзець іх не так даўно, з паўгода таму, як толькі падключылася да спадарожнікавага тэлебачання. І з таго часу не прапускае ніводнай серыі. Глядзіць уранні, удзень, увечары, абы вольная хвіліна. Глядзіць з такім утрапеннем, што, здаецца, неўзабаве сама, наглядзеўшыся ўсяе тае жорсткае экзотыкі, абрасце поўсцю ды ператворыцца ў звера, а то, глядзіш, і рыкне па-львінаму. Глядзіць з такім імпэтам, так унікліва, што ўжо ўпаўне магла б быць кансультантам па фаўне ў якім-небудзь запаведніку, ва ўсялякім разе аленя пуду ад антылопы куду адрозніць так лёгка, быццам усё жыццё побач з імі пражыла.

Але асабліва даспадобы ёй тыя перадачы, дзе на паляванне выходзяць не звяры, а людзі. Чаму? Было б проста адказаць: хто ж ведае. Так адказаць – значыць, пакрывіць душою, як крывяць тыя, што ў пашанотным ужо нават узросце, шукаючы дурняў, даводзяць іншым, быццам не разумеюць вытокаў уласных учынкаў. Усе ўсё ведаюць, усе ўсё разумеюць. Іншая рэч, ці гэтак тыя вытокі прывабныя, каб жадаць дзяліцца веданнем пра іх з іншымі.

Так і з гэтымі праграмамі пра паляванне... Бо яна не проста іх глядзіць, яна імі – без перабольшання жыве. Яна глядзіць, як знешне сімпатычны чалавек з выкшталцонымі манерамі дэманструе з экрана без аніякіх пакутаў сумлення галаву забітай хвіліну таму прыгажуні антылопы або аленя, і яе ўласныя пакуты з нагоды колісь учыненага ёю зла здаюцца ёй на тле ўсяго таго калі не марнымі, то дакладна мізэрнымі. Яна слухае прыемны, наліты абертонамі гонару ад перамогі над безабароннаю жывёлінай дзе-небудзь у Кеніі ці ў Замбіі прывабны голас паляўнічага і міжвольна адчувае сябе часткаю пераможнай сілы. Яна глядзіць на пераможцу і бачыць у ім сябе. Яна быццам бачыць сябе вачыма старонняга чалавека, і, што вельмі ёй важна, той чалавек не асуджае яе. І рашучасць выканаць сваю ролю да канца, паставіць апошнюю кропку ва ўласнай гісторыі поўніць яе. Нават калі, як тым птушанятам пярэстае казаркі, што, рызыкуючы жыццём, скачуць са скалы, з радзіннага гнязда следам за бацькамі ў памкненні да вады, давядзецца рынуцца стоць галавою ў самы небяспечны, непрадказальны вір.

Яна выключыла святло, асцярожна падсунулася да вакна. Адпяла даланёй шырэй фіранку, зірнула на дол. Але там ужо нікога не было, толькі пара слядоў вяла паўз намецены ветрам друз ад ходніка да брамы дома адпачынку.

А ўсё-такі цікава, чаму ён не адказаў тады на яе ліст? Проста не пажадаў ці, можа, збаяўся, што яна прад’явіць (смяхоцце, па гэтулькіх гадах!) нейкія прэтэнзіі? Ці, можа, не дазволіла жонка? Зрэшты, ён ніколі жаданнем пісаць не вылучаўся. Не тое што яна: хоць бы той першы ліст у маленстве ўзяць, у якім яна апісвала Поўнач ды гісторыю Паўлікавай смерці і які потым гэтак адгукнуўся ёй праз Лёлю.