Выбрать главу

Тора ашчэрыла пашчу, пазяхнула, легла на пясчанік побач з ручаём, і жоўтыя вочы яе зліліся колерам з фарбамі пустэльні.

Яна выключыла тэлевізар, затым святло, легла на канапу. Уявіла, што яна Тора, і мроя лісліваю ласкай абвіла яе голаў, стаілася ў звілінах глуздоў: што з таго, што невысокі той рачны абрыўчык. Затое пад ім, мабыць, шмат камення, і, пэўна ж, яно зусім не такое мяккае, як пясчанае дно абмялелай за лета студні...

Яна выйшла на двор і па нязвыклых Лёліных паводзінах – кінулася да яе, бы да роднай, калі такое было? – адразу зразумела: штосьці дзеўцы трэба. Але што?

Лёля дастала з кішэньчыка нейкую зжоўклую паперчыну, тыцнула ёй пад нос:

— Ліст, дзе ты ўсё распавядаеш Сашку пра жыццё з маткаю і братам у лагеры. З гэткім лістом, варта аддаць яго куды след, не тое што ў інстытут – у самае задрыпанае ПТВ не возьмуць. Дык не ўзносся высака, а ідзі во з Вітакам. А тады, як вернецеся, і ліст аддам.

Вітак вымкнуўся з-за альтанкі, наблізіўся да іх, абдаў перагарам.

— А што, пайшоўшы, рабіць маем? – спанталічаная Лёліным нахабствам, спытала яна.

— А гэта ўжо мяне не датычыць. Хочаце – біцеся, хочаце – мілуйцеся, хочаце – хоць пацеры адмаўляйце, мне не абыходзіць.

Вітак стаў упобачкі, і дотык ягонай далоні апёк яе плячо. Яна хацела скінуць ягоную руку з пляча, але вырашыла не спяшацца: не такая ж ужо яна ў рэшце рэшт бездапаможная, каб у выпадку чаго не даць рады адбіцца ад нецвярозага.

Зрушыліся яны з Вітакам з месца, пасунуліся ў накірунку танцпляцоўкі. Мінулі прысады, вось і да клуба ўжо блізка, рукой падаць. І тут хапель Вітак яе ўпоперак ды ў хмыз бэзавы, дзе перад тым яны з Сашкам цалаваліся, павалок. Завалок у сярэдзіну кустоўя і трымае, як воўк казу перад раздраннем. Трымае за плечы ды пазірае скоса ў бок сцежкі, быццам чакае каго, ды перагарам смуродлівым яе абдае.

І тут хтосьці яшчэ з’явіўся на сцежцы. Хацела яна паглядзець, хто там, але ж як даць рады ў цямрэчы, ды яшчэ паўз хмыз, пазнаць? Хоць галасы быццам і знаёмыя.

І толькі калі ліхтарыкам пачалі вадзіць са сцежкі па кустоўі, пазнала яна прыхажаяў: Лёля, а з ёю Сашка.

Кроў ударыла ёй у голаў: Сашка з Лёляй? Ды ці не ў змове яны? Хацела ўбок куды шмыгануць, каб незаўважнаю застацца, ды ногі падранцвелі, не жадаюць слухаць.

Сашка збег адразу, ледзь іх з Вітакам сярод кустоўя пабачыўшы. Неўзабаве і Лёля, нацешыўшыся, відаць, збянтэжанасцю яе, пайшла. І вось і Вітак яе адпусціў, быццам толькі і трымаў дзеля таго ў кустоўі, каб тыя двое іх разам пабачылі. Тут і зразумелы ёй стаў д’ябальскі, нялюдскі Лёлін змысел.

Як было такое перажыць? Думала за Сашкам следам бегчы, каб растлумачыць яму ўсё, ды сорам не пусціў.

Доўга-доўга, ледзь не да світанку цягалася, растузаная прыкрасцю, па наваколлі. А як першы раз певень кукарэкнуў, пайшла дахаты з цвёрдым намерам ліст той дзевяцігадовае даўніны, у якім пра Поўнач Сашку распавядала і які Лёля абяцала аддаць, калі пойдзе яна з Вітакам, запатрабаваць. Як абяцала – то хай жа і аддасць!

Пастукала Лёлі ў вакно. Выйшла Лёля.

— Ліст узяла? Давай!

— Які ліст? Я ж пажартавала, што ён у мяне. Я яшчэ тады, калі малыя былі, чытала яго, а пасля і не бачыла ніколі. Якая ты даверлівая. Вось і плаці за гэта. Сашка твой на цябе зараз, пасля таго, як з Вітакам у хмызе заспеў, і не зірне ніколі.

Сказала так і да студні (папіць ёй гэтак конча захацелася) пайшла.

І вось ля студні яны, і вось нахінаецца Лёля, каб вядро ў зрубе адчапіць з цвіка. Нахінаецца, каб дацягнуцца рукой да вядра, шнарыць рукою па сцяне, і ўсё дарэмна.

А ёй нібыта варажына-шатан глузды засціў. Глянула на Лёліны лыткі, што агаліліся напалову над зрубам (віднець акурат пачало), і замест іх мокрае цела маці з абгорнутымі наўкола пояса Паўлікавымі пялюшкамі перад сабою ўбачыла. І так ёй нясцерпна захацелася да тых малочна-белых, са шнарамі ад гумак вышэй каленяў лытак датыкнуцца, што ажно сама спалохалася таго жадання.

А Лёля ўсё кешкаецца з вядром, ніяк не дасць рады адчапіць. То так павернецца, то гэтак, а ўсё непярэліўкі. Цела — над зрубам, плечы і галава – у зрубе, і сукенка ўсё вышэй і вышэй падкасваецца, і ногі снегу паўночнага ў А. пры хваіне-спарышы бялей.