Выбрать главу

Як датыкнулася да тых ног лёгенька-лёгенька, як узмылі ўгору – нічога амаль у памяці не засталося. Адно, што засталося, — гэта як калодзеж раўнуў, быццам прымаць старонняе не жадаючы, ды як рэхам глухім наваколле на міг ад падзення старонняга таго ў прадонне агаласілася. І – усё.

Пастаяла яна крыху ля студні ды пасунулася дахаты. Дабрыла да двара, глядзь: Сашка ў альтанцы сядзіць. Зайшлося сэрца ад жадання падысці, а ў вуха нібыта нашэптвае хтосьці: не трэба, не трэба, не спяшайся. Пайшла ў пакой, на ложак кульнулася ды і пракачалася без сну да рання.

Уранні паднялася – гармідар на дварэ, вэрхал. Суседзяў цягаюць па адным на дазнанне, а ёй – каб знак хто падаў ісці. Сядзіць яна, чакае. Паўдня гэтак сядзіць ні жывая ні мёртвая, дзень, вечар. Заснула – сон сасніўся. Быццам гоняцца за ёю нейкія людзі, а яна, каб уратавацца ад іх, у неба ўзлятае. І лятае там, лятае... А на доле маці-нябожчыца ўдзвюх з цёткай Галяй Кудзельскай сігналы перасцярогі па чарзе ёй, як толькі наблізіцца каторы з пераследнікаў, падаюць.

А назаўтра прыйшлі па яе. Ды нядоўга мучылі-дапытвалі. Так, сполахам лёгкім абышлося. Яна б ужо, папраўдзе, з пярэпалаху таго ды з пакутаў сумлення і рада была б арышту, але, казаў той, — не лёс. Пераначавала, а ўранні, ледзь золак заняўся, да цягніка, сёе-тое з майна, пасведчанне аб рэабілітацыі ды аблігацыі бабуліны ў заплечнік запхнуўшы, пасунулася.

Куды далей, што, якім чынам – ні пра што не думала, нічога сама сабе не загадвала. І толькі як ужо састаў падышоў да паўстанка, схамянулася ў одуме, і А. з заснежанаю хвояй-спарышом, якім адмалку трызніла, ды твар цёткі Галі ўзбрылі ёй у голаў.

А. дык А., падумала і скочыла ў вагон.

Яна прахапілася ад дрэмы, зірнула на ходзікі: палова адзінаццатай, у гэткі час яна звычайна спіць. Падумала, што няблага было б раскласці канапу, як пачула з вуліцы нейкі гук. Адхінула фіранку, каб паглядзець, што там, але дарэмна: пагляд утыкнуўся ў густую завесу цемры, застыў на вершаліне хвоі па-за будынкамі дома адпачынку. І тае ж хвіліны амаль зноў саслізнуў долу, прынаджаны кропкаю святла ад цыгарэты. Нехта цёрся ў прагалку між брамаю і ходнікам і няспешна, раз-пораз падносячы да вуснаў цыгарку, паліў.

Зноў ці не ён, падумала яна і напружыла зрок у спадзеве хоць што-небудзь выхапіць вачыма, што пацвердзіла б прыпушчанне. Але цемра была занадта густая, а ўспышка ад цыгарэты, калі чалавек падносіў яе да рота, занадта слабая, каб яго пазнаць. І ўсё ж... хай бы ён і быў.

Як яны цалаваліся тады ў хмызе наўзбоч танцпляцоўкі! Яна іх, тыя пацалункі, і зараз – бес у рабрыну — зрэдчасу згадвае. Згадкі прыходзяць раз-пораз так неспадзеўна, што яна літаральна ад іх дранцвее. Дранцвее і доўга-доўга пасля не можа вярнуцца ў яву. Стаіць, бы заспеты градабоем сярод поля вандроўнік, і бязгучна варушыць вуснамі ў адчайным жаданні прымусіць стрэлкі часу спыніцца на тым прамінулым імгненні. Варушыць вуснамі і думае пра тое, як шкада, што ад пацалункаў не нараджаюцца дзеці. Гэта адзінае шкадаванне, якое выяўляе яе слабасць. І яна беражэ яго ў сабе як сведчанне другой сваёй, няспраўджанай, ды не забітай дарэшты сутнасці.

Але наўрад гэта ён. З чаго б яму тут цэлы вечар цікаваць? Ды і энергетыка, падказвае ёй інтуіцыя, у гэтага зусім інакшая: занадта злавесная, ці што, каб быць ягонай.

Чалавек кінуў цыгарэту, і яна, апісаўшы ў цямрэчы дугу, упала па той бок тыну. Гэткі ж, як і напачатку, калі яна толькі прачнулася, гук, быццам хтосьці тыцнуў цвёрдым у глебу, данёсся праз шыбіну да яе вушэй, спарадзіў іншую здагадку. Фара аўто прарэзала змрочную гусціню, слізганула па ходніку, высвеціла ногі незнаёмца з кульбаю наўзбоч і знікла па-за дрэвамі.

Яна паўзіралася яшчэ колькі часу ў цемру, захінула фіранку, расклала канапу.

«Авохці! То каб хто пад вокнамі, а то во — двое адразу!» — падумала і наравіста, як колісь у маладосці тое рабіла, трасянула галавой у спадзеве як хутчэй пазбавіцца трывожнага, як тады, падчас першага спаткання з Зелянухам у А., прадчування.

А. сустрэў яе з абыякавасцю незнаёмца. Пасля пакутлівых перажыванняў з-за разрыву з Сашкам і ад’езду з дому гэта было першае яе новае ўражанне, таму яна вырашыла не марнаваць часу і адразу накіравалася ад станцыі шукаць патрэбнае месца. Яна прайшла каля вярсты ўздоўж чыгуначнага палатна і трапіла ў падказаны адным з мінакоў раён. Раён месціўся ў нізябіне і ўвесь быў забудаваны хрушчоўкамі. Ён заўжды асацыяваўся ў яе памяці са снегам, а цяпер было лета, так што выглядаў ён непазнавальна, прынамсі, зусім не так, як яна памятала. Так непазнавальна выглядаў, што сумнеў ахапіў яе: ці туды яна трапіла, куды мкнулася? Разам з тым інтуіцыя ёй падказвала, што прыйшла правільна.