Выбрать главу

Яна падышла да маладой жанчыны, якая развешвала ў двары бялізну, і сказала, што шукае. Жанчына здзіўлена глянула на яе і адказала, што гэта акурат тут. Маўляў, баракі знеслі пяць год таму, і вось якраз на месцы гэтае пяціпавярхоўкі насупраць месціўся адзін з іх.

Яна зірнула на будынак. Ён бліснуў ёй насустрач вокнамі, але ніякага знаку на гасціннасць не падаў. Тады яна вырашыла абысці яго наўкола. Павінна ж што-небудзь застацца, што яна пазнала б, падумала і ступіла за рог дома.

Адразу за домам пачынаўся яр. Гэта давала надзею, бо пры бараку, дзе яны колісь жылі з маткаю і Паўлікам, яр таксама быў. Усцяж яра цягнуўся падковаю, паўтараў ягоныя звілістыя лініі шыхт паўночных хвояў. Яе ўвагу міжвольна прыцягнула адна з іх напрыканцы шыхта. Яна падышла бліжэй, і тут яе сумнеў канчаткова развеяўся. Гэта была тая самая хваіна-спарыш, толькі значна падрослая, яна пазнала яе па жалязяцы між камлямі, да якой звычайна дарослыя мацавалі для дзятвы ўлетку арэлі.

Усцешаная, што вандроўка сюды, на Поўнач, не была дарэмнай, яна вярнулася да дома, каб запытацца ў жанчыны, ці не ведае яна цётку Галю Кудзельскую. «Ведаю, — адказала тая. – Але цяпер яе няма, бо яна з’ехала да сына ў Саратаў і вернецца ў А. толькі напрадвесні».

Навіна расчаравала яе, бо пазбаўляла магчымасці сёе-тое распытаць пра маці і пра тадышняе іх жыццё ў А..

Яна спытала, ці не здае хто-небудзь паблізу кватэру. »Якраз я і здаю, — адказала жанчына. – Я жыву адна, у мяне двухпакаёўка, і вам было б у мяне няблага». Жанчына спытала, дзе яна працуе, і яна адказала, што яшчэ не працуе, але мае намер уладкавацца куды-небудзь, напрыклад, паштаркай у аддзяленне сувязі. Жанчына сказала, што плата за пакой будзе невялікая, бо ёй сумна адной і яна даўно падшуквае каляжанку дзеля баўлення часу, і павяла яе ў кватэру.

Яна паказала гаспадыні аблігацыі і папрасіла памарудзіць з аплатаю жытла да пачатку тэрміну іх пагашэння, што вось-вось павінен быў пачацца. Жанчына згадзілася. Назаўтра яны выправіліся ўдзвюх на пошту, дзе якраз рабіла гаспадыніна сваячка, і яе ўзялі паштаркаю. Так яна засталася ў А..

Удзень яна разносіла па кватэрах газеты і лісты, увечары, калі заставаліся сілы, блукала па мясцовасці. Відарысаў у наваколлі, якія яна магла дакладна ўзгадаць з маленства, было няшмат. Але тыя, што згадваліся, выклікалі ў ёй такую буру эмоцый, што яна пасля тых шпацыраў доўга не магла заснуць. Дадавала маркоты і расстанне з Сашкам, якога яна згадвала штодня і пра сустрэчу з якім марыла кожную хвіліну.

Аднаго разу яна так задумалася падчас прагулянкі, растузаная ўспамінамі, што не заўважыла, як забрыла на могілкі. Паманулася адшукаць магілку брата Паўліка, але не дала рады: клады былі занадта вялікія, да таго ж многія магілкі на іх – без помнікаў. А калі яна дома спытала ў Наталлі, гаспадыні, як усё-такі знайсці братава захаванне, тая ў адказ толькі махнула рукой: якое захаванне, хутчэй за ўсё ляжыць твой брат дзе-небудзь у яры, тады так шмат мерла тут люду, асабліва дзяцей, што было не да пахаванняў. Здаралася, што і ў зямлю нябожчыка не закопвалі, такая яна была каляная, а прысыпалі снегам ды і пакідалі пад гурбаю.

Увесь гэты час ёю ніхто не цікавіўся, і яе тое цалкам задавальняла. Як і роўныя адносіны з Наталляй, што ўсталяваліся між імі ад першага дня і якія, бадай, толькі штосьці экстраардынарнае магло парушыць. Яна распавяла сваёй гаспадыні збольшага пра сябе (апроч студні, вядома). Наталля ўспрыняла яе гісторыю спакойна, і гэта нібыта давала надзею на яшчэ большае паразуменне надалей. Наколькі яна тады памылялася, паказаў час. Што да неспадзянак кшталту спраўджання асобы, то іх яна не баялася: пасведчанне аб рэабілітацыі заўсёды было пры ёй.

Праз тры месяцы пасля яе прыезду ў А. начальніца пошты папрасіла яе падмяніць на працы занямоглую паштарку з суседняга ўчастка. Яна згадзілася, і клопатаў ды беганіны ёй значна дадалося. Яна прапрацавала на два ўчасткі два тыдні і ўжо амаль дачакалася вяртання каляжанкі, як здарылася нечаканае. Яна панесла ў адну з кватэр тэлеграму і спаткалася там з Зелянухам, старым знаёмцам. Тым, што быў за наглядчыка ў лагеры і прыязджаў у мястэчка ў дзень смерці маці. Якога яна бачыла з маці на пляцоўцы млына перад тым, як маці загінула.

Ён яшчэ не паспеў адчыніць дзвярэй, а яе ўжо быццам абдало сцюжаю. Ён стаяў у дзвярах і разглядаў яе ва ўпор з такой настойлівасцю, што ёй тае ж хвіліны захацелася збегчы куды падалей. Яна глядзела на яго і не ведала, як сябе паводзіць: ці то загаварыць, нагадаць, што яны знаёмыя, ці то змаўчаць. А ён усё свідраваў ды свідраваў яе неверагодна блакітнымі сваімі вачыма, быццам сіліўся ўплішчыцца паглядам у думкі. На нейкі міг ёй нават здалося, што ён пазнаў яе. Страх загнанага звера, гэткі самы, як у той дзень, калі ён прыязджаў у мястэчка і аб нечым угаворваў маці, а тая не пагаджалася з ім, мільгнуў у блакітных вачах, і яна скураю адчула небяспеку, што зыходзіла ад усяго ягонага лядашчага цела. Яна вырашыла нізавошта сябе не называць. Тут ён спытаў, як яе завуць. «Мілай», — адказала яна, інтуітыўна адарваўшы палову ад свайго поўнага – Людміла – імя і пайшла прэч.