Выбрать главу

Вось так, пракантаваўшыся паўдня на станцыі, яна з’ехала тады з А.. Хвоя-спарыш, адзіны матэрыяльны напамін з яе маленства, праводзіла яе маркотным шапаценнем голак, ды стрыклівы, не менш стрыклівы ад крапівы вакол тае хвоі пагляд Зелянухі кальнуў з-за фіранкі наўздагон у спіну, калі яна праходзіла з валізаю паўз ягоны дом.

Яна ўзняла голаў, зноў глянула на ходзікі: палова дванаццатай. Акурат ці не гэткаю во парою сышла яна тады без капейчыны, але з аблігацыямі ў кішэні на станцыі па дарозе з А. ды і захрасла ў чужым гарадку на без малога трыццаць гадоў. Нават на трыццаць два, калі браць пад увагу, што, уладкаваўшыся ўжо на працу ў дом адпачынку, не-не ды і вярталася ў гарадок, зазвычай увесну ці ў восень, каб то магілку мужа дагледзець, то забраць сёе-тое з пакінутых у цёткі Кудзельчыхі рэчаў.

З мужам ёй пашчасціла, безумоўна, хоць і выйшла за простага каюра, даглядчыка сабак. Пётра Баговіч (так звалі каюра) чалавек быў добры, а галоўнае – аднае з ёю крыві, з аселых на Поўначы ссыльных беларусаў. І разумеў яе. Калі яна, да прыкладу, дзесяць год таму надумалася ўзяць да сябе нямоглую цётку Галю, сын і нявестка якой загінулі ў аўтааварыі, не тое што словам не запярэчыў, наадварот, памагаў даглядаць старую, як мог. Шкада, рана памёр, але тут ужо каму як наканавана.

Ад цёткі Галі яна тады шмат чаго даведалася пра сваё з маці жыццё ў А. падчас высылкі. Нават пра такія дробязі, як матчыны гузакі на скронях напярэдадні смерці Паўліка, якімі яе, аказваецца, усё той жа Зелянуха ўзнагародзіў, жаноцкае прыхільнасці дамагаючыся. А яшчэ пра тое, як ён мітусіўся пасля расстрэлу Берыі, баяўся, каб каторая з жанок не заявіла куды след, ды паляцеў расшукваць адну з найбольш ім пакрыўджаных – Любу Гарнак.

Вось тады, даведаўшыся пра ўсё, яна і вырашыла папомсціцца...

Але што значыць – вырашыла? Рашэнне само прыйшло, і значна раней, яшчэ ў дзень сустрэчы са старым падчас яе першай вандроўкі ў А. І якая ёй справа да ўсіх гэтых мудрагелістых разваг пра марнасць помсты ды наступстваў, якімі яна абарочваецца для таго, хто помсціць? Гэта праўда, на свеце шмат людзей, і з соцень, тысяч, дзясяткаў тысяч заўсёды ёсць шанц выбраць найбольш табе сімпатычных. Але ж і міма подласці праходзіць не выпадае. Ёсць рэчы, якіх не ўнікаць трэба, а наадварот, — набліжацца да іх, каб не даць ім мажлівасці паўтарыцца ў прышласці. Так што і не дараваць – таксама навука. І яе яна спасцігла дасканала. І цяпер дакладна ведае: яе час настаў.

Настаў... Яна гэтак часта, з гэткімі падрабязнасцямі складала ў галаве план помсты, што ён урэшце стаў неад’емнаю часткай яе сутнасці. Яна так доўга выношвала ды песціла той план у глуздах, што ён, напэўна, ужо нізавошта, нават каб яна таго вельмі пажадала, яе не адпусціў бы. Як не адпускала яе ўсе гэтыя гады адчуванне віны з-за Лёлі. Якому яна, праўда, навучылася-такі збольшага даваць рады, забіваючы сябе працаю ды рознымі альтруістычнымі ўчынкамі, за што тут, у гэтым заштатным доме адпачынку, яе і клічуць усе не іначай, як маці Тэрэзай. І гэта калі не выкупляе дарэшты (вядома ж, не!) былых яе правінаў, то хаця б робіць іх у яе ўласных вачах не такімі злавеснымі. А калі і гэтага недастаткова ёй для самазаспакаення, яна ўключае тэлевізар і глядзіць праграмы пра паляўнічых.

Сёння чацвёрты тыдзень, як яна наблізілася ўшчыльную да ажыццяўлення сваёй задумы. Бо тры тыдні таму ў доме адпачынку з’явіўся, нарэшце, Зелянуха.

Ён прыехаў уначы, і яна была першая, з кім ён сутыкнуўся ў прыёмным пакоі. Ён не пазнаў яе, ды і яна яго, прызнацца, — з цяжкасцю: мінула гэтулькі гадоў. Ён пасяліўся на паверсе, дзе яна за прыбіральшчыцу, і вось яна ўжо тры тыдні прыбірае ягоны пакой. Яны нават, можна сказаць, у пэўным сэнсе пасябравалі, як могуць пасябраваць два пажылыя, з розніцай у нейкія два дзесяткі гадоў, чалавекі. Такія адносіны расслабляюць яе, і яна, каб не паддацца старэчай абаяльнасці Зелянухі, змушае сябе ўяўляць яго калі не монстрам, дык хаця б нягоднікам. Гэта няцяжка, варта толькі ёй згадаць эпізоды з аповеду цёткі Галі пра тое, якую ролю адыграў ён у жыцці маці ў лагеры, ды прыпушчанне наконт вытокаў трагедыі на млыне. Нічога гэтага сам ён, вядома, не ведае і калі і ўведае, дык не раней, як у апошнюю сваю хвіліну. А яна, гэтая хвіліна, не за гарамі.

Заўчора ён прапанаваў ёй выправу на прыроду напрыканцы ягонага тэрміну адпачынку. Яна згадзілася. Не адразу, памулялася крыху дзеля прыліку, але згадзілася. І па тым, як загарэліся ягоныя вочы, яна зразумела, што для яго яе згода чамусьці вельмі важная. Гэта яе насцярожыла: ці не вядзе і ён якуюсь гульню? Ад гэтых пенітэнцыярыстаў-адстаўнікоў што заўгодна можна чакаць. Ці не вызнаў ён выпадкам, хто яна, і ці не ладуе якую-небудзь пастку? Што, калі злаўчыўся-такі пашнарыць учора ў кішэнях халата?