Ды ў любым выпадку пікнічок адбудзецца.
Яна добра ведае мясцовасць і прапануе пайсці да ракі. Туды, дзе самы высокі, стромы бераг і наўкола шмат віроў. Яны раскладуць вогнішча, і, пакуль ён будзе вудзіць з абрыву рыбу, яна зоймецца прыгатаваннем перакусу. Затым пакліча яго есці, але ён, захоплены ўдалым клёвам, нават яе не пачуе. Тады яна падыйдзе да яго, каб паклікаць зблізку. Крок, другі, трэці, вось ён усё бліжэй, бліжэй... Ён будзе стаяць да яе спінаю і з утрапеннем маладзёна, што ўпершыню выйшаў на ловы каханкі, глядзець, як гайдаецца на вадзе паплавок. Ён будзе такі кранальны ў сваёй зачараванасці хараством хвіліны ды чаканні ўзнагароды за цярплівасць, што ёй захочацца да яго датыкнуцца.
І яна падыдзе і датыкнецца – лёгенька-лёгенька, як колісь да Лёлі. Так лёгенька, што ён і зразумець нічога не паспее. Яны будуць стаяць так блізка адно да аднаго, што яна будзе чуць ягонае дыханне, бачыць, як пульсуе жылка на ягонай старэчай, у шызаватыя пупырышкі, патыліцы. І калі што пойдзе не так, як след, яна тут жа выправіць аблуду. Не, не скочыць з адчаю на дол, гэтага яна ніколі не зробіць, ні-ко-лі — не дзеля таго гэтулькі гадоў чакала! Яна — датыкнецца да яго, і вецер – адзіны сведка доўгачаканай дзеі — падхопіць ягоны крык і разнясе рэхам па бязлюдным наваколлі, як колісь разнёс ейны па ваколіцы млына.
Яна датыкнецца, і гэта будзе першая яе параза, якую яна прыме без горычы і шкадавання. Цень якой, у адрозненне ад папярэдніх, ні на хвіліну не азмрочыць рэшту адпушчаных ёй лёсам гадоў. І за мажлівасць якой удзячнасць яе Богу будзе такой вялікай, што яна нават сходзіць у святыню ды шчыра-шчыра, як толькі зможа, да Яго памоліцца. Толькі б даў вытрымку не саступіць у апошнюю хвіліну, як колісь у А., на мокрым тым Наталліным балконе. Чаму яна тады сышла? Збаялася? Аказалася не гатовай да гэткага ўчынку? Можа быць...
Штосьці шорхнула на дварэ, быццам хто шпурнуў у сцяну з расшпару жменю пяску, і працяглы енк руберойднае аббіўкі балкона агаласіў наваколле. Яна паднялася, каб паглядзець, што там, адшмаргнула фіранку.
Вецер на дварэ быў такі моцны, што ажно згіналіся ледзь не напалам пры ходніку кустоўе і маладыя дрэўцы.
«Дажджу толькі не хапала», — падумала яна і націснула кнопку тэлепульта.
Экран успыхнуў, абрысы пустэльні калыхнуліся на даляглядзе зыбкім мроівам, адцяняючы самотна-ўтрапёную постаць Торы наўзбоч ракі з высокім, метраў у дзесяць абрывам, у колькіх кроках ад якога знайшлі пад дрэвам ратунак ад бязлітаснага сонца аднарогая буйваліха з цялём.
Львіца смачна пазяхнула нібы ў прадчуванні ўдалага палявання, выгнула спіну дугою, пасунулася краем берага да абрыву. Але тут жа знікла з поля зроку, бо на экране з’явілася застаўка, і знаёмы голас вядоўцы па-за кадрам абвясціў канец серыі.
«Мабыць, гэта апошняя», — падумала яна і незадаволена – вось жа конча ім, гэтым вядоўцам, перапыняць дзею на самым цікавым – выключыла тэлевізар.
Яна прачнулася а шостай. Дакладней, не прачнулася, а прахапілася ад забыцця. Бо праз ноч амаль не заснула, толькі ўжо на самым дасвецці на колькі хвілін змежыла павекі ды акунулася ў кароткую цяжкую дрэму.
На дварэ было светла, але бязлюдна. І зусім, надзіва, бясхмарна. Гэта дадало ёй гумору. Яна хуценька злезла з канапы, пачала апранацца. Падумала, што няблага было б глытнуць перад адыходам кавы або гарбаты, пасунулася ў кухню. Але запальваць пліту не стала. Наліла ў кубак астылага ўчорашняга кіпеню, густа засаладзіла варэннем. Ужо падняла кубак, каб выпіць, але ўзгадала, што шэсць дзён не прымала, занятая думкамі аб выправе на прыроду, лекаў ад страўніка, зноў паставіла кубак на стол. Вылузнула з пласціны пігулчыну, сунула ў рот, запіла вадою з гарбатніка. І толькі накіравалася ў ванны пакой, каб пачысціць зубы да навесці збольшага марафет на твары, як азваўся тэлефон.
У слухаўцы не чутно было ні гуку, але яна не сумнявалася: тэлефануе Зелянуха. І, пэўная, што не памыляецца, бадзёрым голасам сказала:
— Выходжу праз пяць хвілін, чакайце мяне на дварэ, Васіль Іванавіч.
На тым канцы лініі, аднак, працягвалі маўчаць, і гэта крыху збіла яе з тропу: а раптам і не Зелянуха тэлефануе, а хто іншы?
Але гэта быў ён, што і пацвердзілася ў наступную хвіліну:
— Не забудзьцеся прыправу для юшкі. І хлеба паболей вазьміце. Раптам не захочуць кляваць на чарвяка... Ды і я сам без хлеба – ні кроку, такая звычка.
Яго голас гучаў спакойна, але неяк нязвыкла ціха, гэта яе насцярожыла.
— Вы кепска сябе адчуваеце?