Выбрать главу

— Не, з чаго вы ўзялі? Проста недаспаў, мабыць...

— Ну, гэта не страшна, галоўнае – каб імпэт да лоўлі быў. Як нага?

— Нішто.

Ён паклаў слухаўку гэтаксама нечакана, як і патэлефанаваў. І зноў яна, як перад пачаткам размовы, адчула сябе так, быццам яе акунулі з галавою ў бязважкасць.

Што ў яго наўме? Чым скончыцца ўся гэтая яе авантура? Што, калі пойдзе ўсё зусім не так, як яна плануе?

Яна выняла з лядоўні падрыхтаваны звечара правіянт, хуценька склала ўсё ў сумку. Падумала, што няблага было б прыхапіць і гарэлкі, пасунулася ў пакой да шафачкі. Пстрыкнула па дарозе пультам тэлевізара ў надзеі ўбачыць хоць кавалак чарговае серыі з жыцця львоў, але ёй не пашанцавала. Серыя, відаць, ці то толькі што скончылася, ці яшчэ не пачыналася. Тора з разяўленаю пашчаю схілілася на застаўцы перад магутным, вялізным, як гара, старым львом-адзінотнікам у памкненні абараніць львяня ад небяспекі.

Цяпер можна было і вырушаць з кватэры, але яна не спяшалася. Старанна абгледзела сябе з усіх бакоў у люстэрку і тады толькі падалася да дзвярэй.

І ўсё адно штосьці было не так. Але што?

Пагляд яе слізгануў па пакоі, запыніўся на грудцы вопраткі пры рабрыне канапы. Ну, канечне ж, пасведчанне аб рэабілітацыі, як яна магла забыцца?

Яна пераклала пасведчанне з кішэні халата ў кішэньчык кофты, пайшла на пляцоўку.

На дварэ акурат перад яе вокнамі двое мужчын у жэкэгоўскай апратцы торкалі ў ямкі пры ходніку невысокія, сантыметраў пад шэсцьдзесят, саджанцы хваінаў. Следам за імі сунулася кабеціна з вядром і ашчадна, быццам тут наўкола бракавала вады, палівала з конаўкі саджанцы рудаватаю жыжай, і знябожаныя сушшу тонкія іглістыя дубчыкі порстка ўздрыгвалі пад вадзянымі струмянямі.

Яна прайшла паўз тройцу, мінула браму, папраставала да корпуса дома адпачынку.

Зелянухі на дварэ не было. Яна пачакала колькі хвілін, зірнула на ягонае вакно, але нічога не ўбачыла, апроч гардзіны, і пайшла ў будынак.

У калідоры на другім паверсе было ціха, толькі з-за Зелянухавых дзвярэй даносіліся гукі радыё.

Яна пераклала сумку з правай рукі ў левую, стукнула костачкамі пальцаў па аўшаку.

— Чакаю вас, Васіль Іванавіч, — сказала і стукнула яшчэ раз – па аббіўцы. – Без чвэрці сем, пара адыходзіць. А то гэтак і ўвесь клёў прапусцім.

— Адыходзіць дык адыходзіць, — азваўся ледзь чутна стары і расчыніў дзверы.

Пагляды іх сустрэліся на імгненне, адцягненыя тупатам у сталоўцы, куды толькі-толькі пачала збірацца на змену абслуга, цьмянымі пытальнікамі завіслі ў паўзмроку калідора.

— Што вы так ціха гаворыце, быццам чаго перасцерагаецеся? – спытала яна паўжартам, аддаючы яму сумку з правізіяй.

— А мала што, – гэтак жа паўжартам адказаў ён і лёгка перакінуў сумку цераз плячо. – Раптам – скрозь вушы? Ну, Міла Сцяпанаўна, здзіўляеце вы мяне. Не вучылі вас ніколі асцярожнасці, ці што?

IV

Дарашэнка расчыняе дзверыну, ціха, каб не пабудзіць няўрокам каго з суседзяў, высоўваецца на балкон. Вятрыска вее з-за рога будынка, казытлівым бесянём слізгае па шыі, валасах, улагоднены сонечнымі прамянямі, што ўсё настойлівей прабіваюцца на дол праз рэдкую, амаль празрыстую завесу хмарак, суцішваецца ў прагалку паміж вакном і плітою балкона.

На дварэ свежа, але не холадна і галоўнае — на дождж, які адзіны можа стаць перашкодаю для абяцанага Алушынага прыезду, быццам не паказвае.

Што жонка мае намер наведаць яго ў доме адпачынку, Дарашэнка даведаўся напярэдадні ўвечары з тэлефоннае размовы з ёю. Нэля едзе ў М. па тавар для фірмы, гэта якраз па дарозе, вось Алуша і вырашыла скарыстацца нагодаю пабачыцца з ім. Пабудзе ў доме адпачынку паўдня, а на зваротным шляху Нэля зноў яе забярэ з сабою.

Дзве постаці, адна бездакорна роўная, бы гатычная калона, другая прыкурчаная і пры кульбе, мільгаюць пад брамаю, таропка прастуюць ходнікам у накірунку сцежкі, што вядзе да ракі.

Ён думае, што няблага было б аклікнуць іх, але не паспявае. Хтосьці ляпае дзвярыма, і голас медсястры працінае відочна пасвяжэлае праз расчынены балкон паветра пакоя:

— Ціск будзем сёння мерыць, Аляксандр Зянонавіч? Не?

Ён хоча адмовіцца ад працэдуры, каб хутчэй вярнуцца на балкон ды павіжаваць з вышыні за выпраўшчыкамі, але перадумвае: што з таго віжавання? Похапкам вызваляе з-пад кашулі локаць, абыякава, быццам усё яшчэ знаходзіцца ў думках на доле з Зелянухам і Мілай Сцяпанаўнай, кладзе руку на стол.

Ігруша стэтаскопа віскоча раз-другі нібы ў знак пратэсту, змірыўшыся з моцаю рукі, пакорліва аціхае ў спрактыкаванай далоні медычкі.

— Сто трыццаць на дзевяноста, даражэнькі. Норма.