Медсястра адыходзіць, і ён зноў застаецца адзін. Выходзіць на балкон, зіркае на дол.
Дзве постаці абмінулі ўжо сажалку, мерна зыбаюцца абрысамі на тле кустоўя.
Санлівасць раптам ахоплівае яго, і ён вяртаецца да ложка. Кладзецца не распранаючыся паверх накрыўкі, змежвае павекі. «Было не адмаўляцца ад мабільніка, а то вось прыедзе Алуша знячэўку, а я – ніякі, быццам усю ноч дзесьці бадзяўся», — думае і правальваецца ў сон.
Прачынаецца ён ад гуку клаксана. І хоць ні Кірыкавага аўто, што выслізнула, пакуль ён спаў, з-пад брамы пад самае вакно, ні пасажыраў у ім ён не бачыць, адразу здагадваецца: Алуша з Нэляю. Сапраўды, гэта жонка і Нэля. Ён яшчэ не паспявае збольшага апаласнуць пад кранам твар, як жанчыны ўжо ў пакоі. Абедзве выглядаюць здарожанымі, да таго ж Нэля, – рэдкі выпадак — нешта не ў гуморы.
— Штосьці здарылася? – ачомаўшыся ад пачуцця няёмкасці, што вось у гэткім непрэзентабельным выглядзе сустракае гасцей, пытаецца ён.
— Ай, не кажы! – Нэля махае рукой, сядае на зэдаль. – Андрэйка мой ... Дурань! Казала ж: не лезь у гэты дурацкі страйкавы камітэт, дык не... Знайшоўся хтосьці, данёс куды след, і вось ужо – маем непрыемнасці. Мала таго, што фінансавую праверку фірмы ўсчалі, дык яшчэ па тэлевізары на ўсю краіну ў пазаўчорашніх навінах зняславілі, ледзь не здраднікамі радзімы аб’явілі. Амаль шэсць дзясяткаў чалавеку, а розуму...
Яна падхопліваецца, нервова ходзіць з кута ў кут.
— Ну, можа, усё яшчэ і абыдзецца, — кажа Алуша. – Не хвалюйся гэтак, машыну ж весці...
— Ага, лёгка сказаць: не хвалюйся! Я б таму даносчыку — не ведаю, што зрабіла б. Далібог, яйцы паадрывала б. Зрабіў паскудства, і хоць бы што яму, як не героем пачуваецца, два вечары запар не сыходзіць з экрана...
— І халера з ім. — Алуша дастае з сумкі пакецікі кавы, адданая схільнасці да слоўнае замежчыны ды поўная жадання хоць крыху развесяліць сяброўку, звяртаецца да мужа: — Саша, як наконт кохі[4]? Ці тут у вас праблема з варам?
— Можна ў сталоўцы папрасіць, — адказвае ён.
— Ну, піце сабе свой кохі, а я паехала, — маркотна кажа Нэля і ідзе да дзвярэй.
Яна адыходзіць, і Дарашэнка з Алушаю застаюцца ўдваіх. Быццам у чаканні, хто першы загамоніць, моўчкі сядзяць, забыўшыся пра намер папіць кавы, насупраць адно аднаго хвілін пяць, аж пакуль не абзываецца з калідора, абвяшчаючы поўднік, раздатчыца Зінаіда. Тады адначасна падымаюцца з месцаў, радыя неспадзеўнаму ўмяшальніцтву старонняга, падаюцца ў калідор.
«Вось, усяго тыдзень мінуў, як не бачыліся, а нібыта чужыя адно аднаму», – жахаецца Дарашэнка, сутаргава падшукваючы ў думках тэму для далейшае размовы. Алуша, аднак, апераджае яго.
— У Ігара, ведаеш, нібыта наладжваецца з абаронаю, — кажа і бярэ яго пад руку. – Пры Нэлі не хацела табе казаць, дык цяпер скажу... Чын адзін са службаў, з тых, што на размову яго выклікалі летась перад паездкаю на сімпозіум у Швецыю, абяцае паспрыяць. Не за так, канечне, сам разумееш, давядзецца хлопцу адпрацоўваць. Але ж хоць нейкая надзея...
— Адпрацоўваць? – агаломшана перапытвае ён. – Як гэта? Хочаш сказаць — будзе стукачом?
— Ды супакойся, нічога страшнага. Усялякую ж справу па-рознаму можна рабіць...
Ён хоча запярэчыць, але не паспявае. Раздатчыца Зінаіда заўважае яго са сталоўкі праз расчыненыя дзверы, нецярпліва вабіць да сябе. Яна вялікая прыхільніца тэлесерыялаў, а праз чвэрць гадзіны акурат пачынаецца чарговая серыя, і ёй карціць як хутчэй скончыць працу.
— Толькі жанчыне дадзена гэтак адчуваць, толькі жанчыне, — кажа Алуша і са шкадаваннем глядзіць на экран, дзе курчацца ў перадсмяротным любоўным экстазе змарнелыя целы персанажаў яе ўлюбёнага, бачанага-перабачанага «Начнога парцье». – Каханне, што па-над усім, — хіба мужчына, які б ні быў ён тонкі ды далікатны, такое зразумее? Наогул, мужчына такі фільм наўрад і зрабіў бы. Калі б нават і вельмі захацеў. Малайчына гэтая Кавані[5]. Праўда, Нэля?
— Ну, вядома, — з выглядам чалавека, які не дасць рады ўцяміць, з чаго гэтулькі эмоцый, адказвае Нэля. Яна толькі што ўвалілася ў пакой пасля ўтомнага шляху з М. і зараз прагна прыгублівае раз-пораз з гарляка бутэлькі прыхоплены ў прыдарожнай забягалаўцы напой. – На тое яны і мужчыны, каб уносіць у жыццё каліва чэрствасці ды грубасці. Хоць, з іншага боку, вось Макс гэты з фільма, да прыкладу, — хіба не ўзор абыходлівасці ў дачыненні да каханкі?
— Садыст, нягоднік, забойца! – прамаўляе Алуша, і ў голасе яе выразна чуецца захапленне. – Але ж затое які рызыкант!
— І віжам умее даць рады, — вяртаючыся да ранішняй гамонкі пра набалелае, кажа Нэля.