Яна падыходзіць да вакна, за якім зноў дождж сячэ па лістоце кустоўя, што ўжо нават і не ўздрыгвае ў марным памкненні працівіцца стыхіі, глядзіць на зацягнуты пленкаю шэрані — неўзабаве ноч – хвойнік удалечыні. Яна ўзіраецца ў дрэвы, што то цьмянеюць, то, наадварот, святлеюць на тле небасхілу, і здаецца, што нічога болей важнага за тыя хваіны на памежжы святла і ценяў зараз для яе не існуе. Яна свідруе вачыма знябожаныя непагаддзю дрэвы, і адстаронена-няўлоўная таемнасць яе пагляду і намёку на жаданне шчырасці з кім бы то ні было не дакляруе.
Машына меддапамогі падрульвае да будынка, прыпыняецца побач з уваходам у корпус. Другая, міліцэйская, абганяе яе, утыкаецца перадам у сходы ганка. Двое мужчын у цывільным вылазяць з салона, дружна, бы па камандзе, запальваюць па цыгарэціне. Зелянуха мкнецца вылезці з аўто следам за імі, але яму падаюць знак, каб заставаўся на месцы, і ён пакорліва ўцягвае зноў у салон разам з кульбаю высунутую напалову вонкі нагу. Маладзейшы з мужчын кідае ў сметніцу ледзь раскураную цыгарэту, ідзе ў корпус. Другі, старэйшы, што вельмі з твару ды паставы кагосьці Дарашэнку нагадвае, застаецца пры аўто.
Дарашэнка стаіць на балконе наўзбоч ганка, і ўсё, што дзеецца ля аўто і «хуткай», яму добра бачна. Ён сіліцца ўгледзець у салоне паставу Мілы Сцяпанаўны, але зрабіць гэта цераз танаванае шкло немажліва, і яму нічога іншага не застаецца, як чакаць. Але і чакаць доўга не выпадае, бо маладзейшы з хаўруснікаў заўважае яго са сходаў паміж паверхамі, адчыняе фортку, гучна, быццам баіцца, што на доле яго не пачуюць, кажа старэйшаму:
— Тут на балконе чалавек, таварыш Бібік, можа, з ім паразмаўляць? Можа, ён што бачыў...
Старэйшы ўздымае голаў, глядзіць у задуменні хвіліну-другую на Дарашэнку.
— З балкона? Адсюль да ракі вярсты тры, калі не болей, — адказвае сіплаватым голасам і адмоўна круціць галавой. – Ды і не стаяў жа ён там, на балконе, цэлы дзень. Ну, ты даеш, Галыга!
Галыга падымаецца ў калідор, ідзе да пакоя абслугі і праз колькі хвілін зноў збягае на дол – з халатам Мілы Сцяпанаўны ў руцэ. Мужчыны па чарзе абмацваюць халат, нічога не знайшоўшы, кідаюць яго ў салон.
Зелянуха зноў падае голас, штосьці кажа ім, высоўвае з салона кульбу.
— Не-не, — спыняе яго Бібік і, счакаўшы хвіліну, пакуль стары ўцягне кульбу назад, зачыняе дзверку аўто, загадвае кіроўцу «хуткай» ад’язджаць.
«Хуткая» скранаецца з месца, паварочваецца бокам да будынка, і Дарашэнка выразна бачыць праз шыбіну на лежаку накрытае прасцінаю цела. Мяркуючы па абутку, што вытыркаецца з-пад рога прасціны, — цела жаночае. Але разлядзець яго больш пэўна не даць рады, бо аўто дазнаўцаў ужо мчыць наперад, засланяе сабою і шыбіну, і руку ці то медыка, ці то санітара ў белым, што таропка нагінаецца над целам, каб прыкрыць ногі прасцінаю.
— А я дык і не сумнявалася, што гэтак скончыцца, — кажа раздатчыца Зінаіда і падцінае танюткія, быццам усохлыя з-за недахопу плоці, што ўся пайшла на фармаванне іншых частак неабдымнага, альбжымага[6] – Алушына слоўка — цела, вусны. – З такога сяброўства калі што добрае атрымлівалася? У вочы – сю-сю, у вачах жа – спрэс нянавісць... Вось ён яе, гэты старэча, і ўходаў. Вось паглядзіце: ён забойца, швэнда буду, калі не пацвердзіцца маё прыпушчанне.
Зінаіда заўсёды ўсё ведае, таму і на гэты раз ёй даюць веры без залішніх ваганняў. Балазе, што і навіну пра смерць прыбіральшчыцы яна даведалася першая. І цяпер ахвотна дзеліцца ёю з кожным, хто таго ні пажадае. Хоць ужо, папраўдзе, нікога, хто б быў не ў курсе справы, у корпусе, відаць, няма.
— У пастарунак ні за што, так сабе не пацягнуць, — рэзюмуе наастатак раздатчыца, і гэта – апошняя кропля, пасля якой ні ў каго нават каліва сумневу наконт Зелянухавай вінаватасці ў смерці Мілы Сцяпанаўны не застаецца. Тым больш, што ўжо гадзіны тры мінула, як аўто дазнаўцаў і «хуткая» ад’ехалі ад будынка, а яго ўсё няма і няма. Значыць, штосьці такое ёсць: хто б гэтак доўга трымаў у пастарунку невінаватага, тым больш старога ды ў дадатак не надта здаровага чалавека?
«Штосьці ёсць», — думае Дарашэнка і брыдзе калідорам да свайго пакоя. Думае, што няблага было б як след адаспацца, але класціся яму зусім не хочацца, і ён выходзіць на балкон. І адразу натыкаецца паглядам на кропку святла ўдалечыні. Кропка няўхільна большае, і вось тое самае аўто, у якім Галыга з Бібікам павезлі надвячоркам Зелянуху, спыняецца ля ганка. Стары вылазіць з яго, памалу ступае па жвіры да ўвахода ў корпус.
— Дойдзеце самі, ці памагчы, дзядуля? – пытаецца праз прыспушчанае шкло кіроўца, і Зелянуха грэбліва – адчапіся, маўляў, што за глупствы – адмахваецца ад запытанта кульбаю.