Дарашэнка колькі хвілін узіраецца ў аўто, затым вяртаецца да тэлевізара, у тупым здранцвенні ўтаропліваецца вачыма ў экран, дзе львіца мчыць па пустэльні з намерам упаляваць эмпалу. І хоць адлегласць паміж драпежніцай і ахвяраю то меншае, то, наадварот, павялічваецца, здаецца, зыход гонкі сумненняў не выклікае. І ўсё ж у апошні момант эмпале ўдаецца-такі ў нейкім неверагодным скачку пазбегнуць кіпцюроў пераследніцы, і яна, збіўшы львіцу з панталыку собскімі спрытам ды адвагаю, знікае ў прырэчным зарасніку. Тора са шкадаваннем глядзіць колькі хвілін услед уцякачцы, з выглядам істоты, за якою заўжды будзе апошняе слова, брыдзе ў логава прайда.
Гэта – апошняе, што Дарашэнка бачыць. Дрэма, цяжкая, як хмары за вакном, авалодвае ім, і ён паступова правальваецца ў сон. Адна з думак, што мільгае ў ягонай галаве ў гэты кароткі паміж яваю і забыццём момант, – пра тое, што дарэмна ён усё-такі не паразмаўляў з Мілаю Сцяпанаўнай. Ды пра тое, як чамусьці яму карцела, калі стаяў апошні раз на балконе, скочыць на дол і датыкнуцца да Зелянухі – лёгка-лёгенька, як колісь павуцініна да шчакі ў кароткую пару бабінага лета на вузкім лапіку пожні пры альтанцы насупраць кватэры дзядзькі Зюзялька і цёткі Карусі.
І калі Зінаіда ўваходзіць у ягоны пакой быццам каб штосьці запытацца, а насамрэч болей з ахвоты пагаманіць пра страхавітае здарэнне з Мілай Сцяпанаўнай, ён ужо так моцна спіць, што жанчыне нічога не застаецца, як расчаравана ўздыхнуць ды пакінуць яго ў спакоі.
Цягнік спыняецца, і Дарашэнка паспешліва – стаянка ўсяго пяць хвілін, а пасажыраў даволі шмат – улазіць у гарачы, напалены сонцам за дзень тамбур, ідзе калідорам да вызначанага правадніцай купэ. У абвешаным усцяж вокнаў гронкамі штучных кветак калідоры яшчэ гарачэй, як у тамбуры, і думка, што то будзе за ноч у гэткай задусе, дарэшты псуе ягоны і без таго маркотны настрой.
Рашэнне з’ехаць з дома адпачынку дачасна, не дабыўшы тэрміну пуцёўкі, выспела ў яго неўпрыцям, само сабою. Яно, мабыць, і някепска, што выспела, бо неўзабаве мінае год кантракту на працу ў тэхнікуме, і трэба афармляць усе паперы нанова, то няхай будзе на тыя турботы дзён з запасам. Апроч таго, і сумнеў наконт сынавай дысертацыі, абарона якой прызначана на наступны аўторак, не дадае ахвоты адпачываць.
У купэ цемнавата і амаль пуста, толькі з лежака насупраць ягонага месца звісае на дол жаночая рука з бранзалетам на запясці. Жанчына ўздымае голаў, і гучны, з адмысловаю інтанацыяй выкліку голас дзеўкі з прычоскаю ні то Б’ёрк, ні то маладой Пугачовай, той самай, што ехала тры тыдні таму ў сталіцу да каханка-суценёра, напаўняе купэ:
— Вы, дзядзька? Ну ж сустрэча! Хваліцеся, як адпачылі?
— Дзякуй, добра. А вы як? Вяртаецеся дахаты? Надакучыла ў вялікім горадзе?
— Якое там! – Дзяўчына падхопліваецца з лежака, сядзіць колькі хвілін моўчкі нібы ў здранцвенні, затым зноў пачынае гаварыць: — Пакуль я ў бацькоў гасцявала, Артурчык, гад балотны, з сяброўкай маёй, Анжэлкай, скруціўся. То не заставацца ж мне трэцяй! Але і выдала абодвум на развітанне, доўга будуць памятаць. Будуць памятаць паскуднікі, не хутка забудуцца!
— А самі што будзеце рабіць?
— А што мне, прыткнуся дзе-небудзь. У камерцыі, да прыкладу, можна... Вунь сястра мая з мужыком каторы год курэй возяць з Расіі на продаж – прыбытковая справа. У Турцыі, кажуць, таксама няблага на зборы ўраджаю можна зарабіць. Пару месяцаў напрыканцы лета парабіў і адпачывай сабе рэшту года. Або ў Маскву падацца, там ёсць дзе разгарнуцца. А не выгарыць нідзе — дома справу адчыню, ахвотных зарабіць дзяўчат вунь колькі наўкола, толькі прапануй. Досвед маю, што ды як, дам рады. Паглядзім... А на іх заяўлю куды след пра б...і іхні бізнес, хай пацягаюць разумнікаў...
Яна гаворыць хутка, і выраз яе твару штохвіліны робіцца ўсё больш помслівым, і ўрэшце ён, спопелены злосцю, ператвараецца ў непрыгожую, пачварную маску.
Дарашэнка куляецца ніцма на ляжак, стараючыся не слухаць, што гаворыць дзеўка, бо гаварыць яна, адчувае, можа доўга, адварочваецца тварам да сцяны. Надзіва, і яна адразу ж змаўкае.
Колькі хвілін мінае ў цішыні, затым цішыню нечакана пранізвае слабы ўсхліп. Ён такі па-дзіцячы жаласны і так няўмольна набірае з кожнаю хвіляю моцы, што Дарашэнку робіцца не па сабе. Ён мяркуе, што б сказаць дзяўчыне такое, каб супакоіць яе, але не знаходзіць слоў. Глыбей унурваецца шчакою ў падушку, намагаецца ўспомніць, як зваць (вось жа казала колісь Люся, а ён забыўся) Зелянухавага сына.