Думка пра тое, якая гэта нялёгкая справа – здзяйсняць учынкі ў адпаведнасці з узростам, яшчэ хвіліну трымае яго ў палоне, павольна чэзне ў нетрах растузаных падзеямі тыдня глуздоў.
Просты-просты раман
— О, хіба я не сказала?
Але… а як вы думаеце, чаму вы ўсе тут сабраліся?
Алан Бэнэт. Няпросты чытач.
— Што ж, тады і распачнем, мабыць, нашу ўрачыстасць, — голасам, з якога прабіваўся вонкі старанна прыхаваны за будзённасцю фразы лёгкі, ледзь улоўны прыгук хвалявання, сказала Вольга Андрэеўна, дырэктарка ліцэя, і падала маладому чалавеку пры пульце знак уключаць музычнае суправаджэнне. Хлопец схіліўся над пультам, бадзёрая старасвецкая мелодыя шуганула з развешаных у міжваконнях і па-над сцэнаю дынамікаў, разлілася па аздобленай партрэтамі дзеячаў культуры розных эпох – першадрукар часоў Сярэднявечча, музыка пары Рэнесансу, пісьменнік-адраджэнец пачатку мінулага стагоддзя, мастак міжваеннай пары, скульптар эпохі расцвілага сацыялізму, знакаміты дырыжор урадавага аркестра часу цяперашняга – зале.
«Сама меней гадзіны на паўтары ўсё гэта разлічана, — маркотна падумаў прэзідэнт і акінуў паглядам купку апранутых у нацыянальныя касцюмчыкі дзяцей пры сцэне. — Калі не надаўжэй». Ён скасіў вочы ўбок, асцярожна, каб не патрапіць у такой невыгоднай позе ў аб’ектыў тэлекамеры, што акурат у гэтую хвіліну насоўвалася на рад, дзе ён сядзеў, глянуў на дырэктарку. Позіркі іх скрыжаваліся – на імгненне, не болей. Але яму, вопытнаму наведніку імпрэзаў падобнага кшталту, і гэтага караценькага мігу, каб ацаніць унутраны стан жанчыны, было дастаткова. Хвалюецца, канечне, нябога, як жа, ды хто на яе месцы ў прысутнасці такой сябрыны не хваляваўся б! Ён павярнуўся да дырэктаркі тварам, каб падбадзёрыць яе ўсмешкаю, але прыпазніўся. Вольга Андрэеўна ўжо адвяла пагляд, штосьці ціха тлумачыла суседу, мужчыну ў шэрым касцюме-тройцы – здаецца, сакратару нямецкай амбасады.
Музычны ўступ доўжыўся хвілін пяць. Але вось прагучаў апошні яго акорд, мелодыя сціхла. Зала ўзварухнулася. На залітую святлом сафітаў сцэну адзін за адным пачалі выбягаць падперазаныя пасамі дзеці ў стылізаваных пад даўніну, аздобленых арнаментамі ільняных кашульках-вышыванках, штоніках і андарачках. Згодна з праграмай наступным нумарам меўся быць літмантаж — цвік дзеі, мяркуючы па тлустасці шрыфту, якім гэтая частка канцэрта была ў праграме пазначаная. Дзеці пасталі паўкругам ля мікрафона, літмантаж пачаўся. Прэзідэнт адхінуўся плячыма на спінку крэсла, сцішана адкашляўся ў насоўку. Тыдзень таму, у час выязной нарады з кіраўнікамі рэгіёнаў ён крыху прастудзіўся і, нягледзячы на інтэнсіўнае лекаванне ў паўзах між бясконцымі паседжаннямі ды нарадамі, усё ніяк не мог з тае лёгкае, але дакучлівае прастуды выкараскацца.
Выступ дзяцей перасягнуў усе чаканні. І ў плане ўмельства дэкламавання вершаў, і ў плане рэжысуры ўсё было амаль бездакорна. Госці, сярод якіх вылучаліся адметнасцю вопраткі святары абедзвюх галоўных у краіне рэлігійных — праваслаўнай і каталіцкай – канфесій, па чарзе падыходзілі да дырэктаркі, дзякавалі за цікавую вечарыну, хвалілі дзяцей, рабілі закіды наконт магчымасці наведацца ў ліцэй яшчэ. Звыклая, відаць, да гэткіх кампліментаў жанчына адорвала прысутных удавана збянтэжанай і разам з тым крыху паблажлівай, хітраватай усмешкай: маўляў, канечне, абавязкова запросім, як толькі што – дык адразу, не сумнявайцеся... Затым, як і было загадзя дамоўлена перад пачаткам імпрэзы, яна дала слова прэзідэнту.
Яго прамова была кароткай, літаральна некалькі сказаў наконт вартасці падобных мерапрыемстваў у справе мацавання самасвядомасці нашых людзей – даходліва, без лішняга пафасу, падкрэслена сціпла, быццам мімаходзь. І ўсё адно ў плане зместу гэта было штосьці новае, адрознае ад чутага з ягоных вуснаў раней. Таму спіч, нават гэткі куртаты экспромт, бачна было, выклікаў у прысутных жывое зацікаўленне. Выслухаўшы на свой адрас колькі віншаванак з нагоды ўдалага выступу, прэзідэнт падышоў да дырэктаркі. Хваляванне дасюль яшчэ, відаць, не пакінула жанчыну, ледзь заўважнымі плямамі чырвані прабівалася на ілбе і шчоках, нагадвала пра сябе лёгкім тарганнем павек.
— Ну, вы задаволеная, як усё прайшло, Вольга Андрэеўна? – спытаў ён і датыкнуўся пальцамі да рукі дырэктаркі. Ад нечаканасці яна сумелася, тонкая кніжка ў мяккай вокладцы выслізнула ў яе з тэчкі, паляцела тарчма на дол. Жанчына памкнулася падняць кніжку, але прэзідэнт яе апярэдзіў.
— Алан Бэнэт[7]? – сказаў, выпростваючыся ды трымаючы кніжку перад сабой. — Што за ён? Не чытаў такога, здаецца… Не будзеце супраць, калі пагартаю?