Выбрать главу

— Думаю, неўзабаве будзе можна. Тыдзень-другі, і можна пачынаць, — адказаў памочнік і з жалем, быццам развітваўся з чымсьці невыказна дарагім, зірнуў употай на том Жэнэ.

У адрозненне ад рамана Бэнэта, твор француза ад першых старонак зрынуў прэзідэнта ў шок. «Маці Божая кветак», дай ты рады! Пры такім узнёслым, пранікнёным назове – гэткае апушчэнства! Што ні раздзел, то сексуальнае вычварэнства, і ўсё гэта — на тле бясконцых разважанняў пра Боскае. Дык мала таго, што полавы апушчэнец гэты Жэнэ, яшчэ, аказваецца, і невыпраўны злодзей, клептаман, цібрыў усё, што дрэнна ляжыць. Адно і ведаў, што красці і туляцца па вязніцах за крадзяжы ды ў пошуках усё новых любоўных прыгодаў з мужынамі. Цікава, ці прачытала гэты ягоны твор Елізавета? Хутчэй за ўсё прачытала, ды аўтар «Няпростага чытача» з этычных меркаванняў палічыў за лепшае пра тое не згадваць. Як-ніяк каралева, і што то за прыклад быў бы для люду паспалітага? А можа і не чытала, у іхніх Букінгемах-Віндзорах, у атачэнні манаршай сям’і, і сваіх вычварэнцаў кшталту Жэнэ, калі прэсе веры даваць, не бракуе. Што ні асоба, то з ухілам у непатрэбшчыну, што сярод жанчын, што сярод мужчын, месяца не мінае без чарговага скандала. А ўжо пра парламентарыяў і казаць не выпадае.

Прэзідэнт уявіў васьмідзесяцігадовую каралеву (прыкладна гэтулькі, паводле ягоных разлікаў, мела споўніцца Яе Вялікасці на час выхаду ў свет у 2007 годзе твора Бэнэта) за чытаннем Жэнэ, і смех міжвольна здушыў яго горла. Цікава, што думала старая лэдзі падчас той чытанкі? Мяркуючы па рэакцыі на імя француза, як падаў яе аўтар «Няпростага чытача», не надта камплексавала.

Ён схаваў кніжку ў шуфляду стала, ступіў да дзвярэй з намерам спусціцца ў сад ва ўнутраным дворыку будынка, каб там адысці крыху ў самоце і ад справаў, і ад чытання, і ад навеяных ім думак.

— Што-небудзь трэба, спадар прэзідэнт? – збянтэжаны ягоным нечаканым з’яўленнем, выгукнуў памочнік.

— Галава штосьці баліць, мабыць, перапад ціску, — машынальна зманіў прэзідэнт і з выразам суровасці на твары, быццам і не вясяліўся колькі хвілін таму, дачытваючы апошнія старонкі твора Жэнэ, патэпаў калідорам да сходаў.

Фрагмент размовы супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта на носьбіце праслухоўвання на аб’екце №3-П (памяшканне прыбіральні No3 у будынку Адміністрацыі) са справаздачы супрацоўніка Камітэта дзяржбяспекі «Калістрата» ў галоўнае ўпраўленне ведамства ад 15 студзеня 2015 года:

— Ну, і як табе гэты французскі раманчык пана Жэнэ? Шык той яшчэ, ці не праўда? Шэдэўр!

— Мудня з кутасамі, хе-хе… А табе як? Спадабалася, бачу… Спадабалася ж? Прызнайся!

— Не кажы… брыдоцце… Ды якое… Але ж паліць хочацца – вушы вянуць. Цыгарку маеш з сабой? Участуй!

— Што, зноў цешча кішэнных на тытунь не выдзеліла? На … запальніцу на, прыпальвай, пакуль я шчодры…

— Шчодры! Мала ты ў мяне цыгарак «перастраляў»? Ага… Забойная кніжэнцыя, нічога не скажаш… Яшчэ той бестселер… пк-пк-пк…

— Я і кажу… дах у нашага шэфа, няйначай, едзе… Дакладна, едзе…

— Думаеш, сапраўды чытае ён гэтага вычварэнца Жэнэ?

— А то не! Для чаго ж тады замаўляў, калі не чытаць? Дурню ясна — чытае. Яшчэ як чытае…

— Мала што, можа, так, дзеля куражу пацікавіўся… Вось які я, маўляў, прасунуты — чытаю, бля, цікаўлюся, не тое што вы ўсе, цемната…

— Ага, дзеля куражу! Нішто сабе кураж! А гэтага, харашунчыка свайго, перакладчыка, побач уссадзіў, узняў на такую вышыню – таксама дзеля куражу? Гомікаў тут нам не хапала… Жонка, мусіць, не дае як след, во і вар’яцее…

— Думаеш, гушкаюцца?

— А то! На тое ж яна і жонка.

— Пры чым тут жонка? З Арсенькам... Што, калі як-небудзь падказаць жонцы пра тое?

— Падказаць? А што — гэта ідэя… пф-пф-пф… Дым нейкі ў тваіх цыгарэтаў, фу…

— Кепскія – свае палі. Дым яму паганы…

— Годзе, не злуй, так сказаў… Дык наконт падказкі… У інтэрнэт во можна ўкінуць маленькі допісік… Там увадначас дасціпнікі падхопяць і панясуць… Ма-аленечкі такі допісік, у колькі радкоў…

— Сапраўды, няблага было б… Мовы яму закарцела… Трасцы табе, а не мовы! Тры гады засталося да пенсіі, дык не дасць спакойна дарабіць… Мову я яму пачну вучыць на шостым дзесятку… Курам на смех…

— Што ж, ты начальнік – я дурань, я начальнік – ты дурань… Загадае – і будзеш вучыць, нікуды не дзенешся. Крукам будзем усе сядзець…

— Яшчэ паглядзім, хто там крукам, а хто ракам… Куранят па восені, казаў той, на хер, лічаць… Але маўчок – ні слова каб нікому, пра што гаманілі!

— Магіла… Свіння лычам не ўкапае…