Выбрать главу

Зала зноў суцішылася. Дождж на дварэ скончыўся, кроплі больш не грукалі па бляшаных пласцінах стокавых надваконных брылёў, і гэта надавала цішыні вусцішны, нават злавесны характар.

Прэзідэнт акінуў залу паглядам, і яна здалася яму гэтым разам яшчэ больш безаблічнай, чым на пачатку паседжання. Прыязныя вочы аднадумцаў неяк неўпрыкмет растварыліся ў агульнай масе, і на першы план зноў высунуліся тыя, якія гэтак не глянуліся яму на пачатку імпрэзы, якія ў менш абавязковай сітуацыі і бачыць яму, бадай, не надта хацелася б.

— Выканаць свой абавязак перад гісторыяй — гэта, канечне, цудоўна. Ды вось толькі ці своечасова ўсё тое будзе? – зноў узяў слова прэм’ер-міністр. — Пытанне няпростае: адно давядзеш да ладу, другому, наадварот, — шкоду зробіш. Паўгода засталося да пачатку выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, ці не адпужаем мы выбарцаў такім радыкальным крокам? Можа, усё-такі крыху пачакаць з гэтым моўным пытаннем? А тым часам...

— ...Прадоўжыць знаёмства з лепшымі набыткамі сусветнай словатворчасці, — паспяшаўся падаць голас са свайго месца ў сярэдзіне залы шэф ідэалагічнай службы і дадаў, гледзячы запытальна на старшыню літаратурнай суполкі, заўсёды насцярожанага чалавека з арліным паглядам сіцылійскага мафіёзі: — Вось я чытаў дзесьці, што ў Англіі зараз усе чытаюць Бэнэта, а ў Францыі зноў папулярны пісьменнік Жэнэ. А вы, спадар старшыня, як наконт Бэнэта і Жэнэ – чыталі іхнія творы?

Старшыня літсуполкі памкнуўся прадэманстраваць зацікаўле-насць тэмаю, але выгляд яго, асабліва торганне цягліц твару, сведчыў, што ні таго, ні другога з названых аўтараў ён не толькі чытаў, а нават і прозвішчаў такіх, хутчэй за ўсё, не чуў.

— Ну, я асабіста не чытаў... на жаль… Хоць яно, канечне, і нядобра, але дзе ж там за ўсім усочыш, столькі ўсяго паўсюль друкуецца... Зрэшты, можа, і чытаў калі, ды не магу гэтак во адразу ўзгадаць…

— Пра Бэнэта не ведаю, а француз, кажуць, цікава піша, — прыйшла на дапамогу шэфу рэферэнтка старшыні, бухматая дама з брошкаю ў выглядзе сэрца на грудзях. – Мой муж акурат зараз чытае Жэнэ, дык вельмі ж ім захапляецца. Такая, маўляў, там моўная стыхія, такое незвычайнае заглыбленне ў нетры чалавечае натуры...

У сярэдзіне залы хтосьці юрліва хіхікнуў, але тут жа сціх, перарваны наступнаю рэплікай прэзідэнта:

— Вось-вось, стыхія, і менавіта моўная… Дык і працягнем нашую гамонку пра мову. Пра нашу мову. Дакладней – скончым. Кажаце, спадар прэм’ер, выбары на носе? Ну, выбары — гэта, канечне, важна — згодны. Але чаму абавязкова трэба адно аднаму, я выбары маю на ўвазе і мову, супрацьпастаўляць? Мне, як дзейнаму пакуль што кіраўніку дзяржавы, гэта не зусім зразумела. І не думайце, што мы тут сёння сабраліся дарэмна. Якое б і ў што ні было там заглыбленне ў Жэнэ, я ніколі, ні-ко-лі гэтак, як сёй-той з вас, відаць, спадзяецца, не зраблю. Што да Бэнэта, дык… я ж – не каралева, пажыццёвага права на трон не маю, рана ці позна давядзецца сысці. Так што выбары выбарамі, а...

— Вам, канечне, вырашаць, — падтакнуў прэм’ер. – Нам што, вы галава: як скажаце, так і будзем рабіць. Хоць гэта і не значыць, канечне, быццам мы не патрыёты і рабіць будзем па-вашаму без належнага жадання, толькі таму, што вы загадалі...

— Рабіць будзем усё спакойна і метадычна, — сказаў прэзідэнт.

— Спакойна ўсё-такі? – радасна ўсклікнуў віцэ-прэм’ер.

— І метадычна, — удакладніў прэзідэнт. – Сякія-такія папраўкі ўнясем у Закон аб мовах з улікам таго, што гэтак шмат часу мінула ад яго прыняцця. Куратара прызначым для каардынацыі дзеянняў. Ёсць тут адзін талковы чалавек у мяне на прыкмеце, думаю, дасць рады. Але пра гэта пазней. А што да патрыятызму... Ну, што там... Вось, калі ласка, кожнаму карты цяпер у рукі на працоўным месцы, дэманструйце... — Ён пастаяў колькі хвілін моўчкі ля трыбуны, не зважаючы на скіраваныя ў ягоны бок агаломшаныя пагляды, няспешна пайшоў да вакна.

Дождж на дварэ амаль перастаў, і ачышчаны аблівахай ад снегу асфальт перад будынкам Адміністрацыі блішчэў, бы толькі што адшараваная венікам напярэдадні свята падлога ў вясковай хаце. Двое, ён і яна, стаялі пад парасонам на ходніку акурат пад вакном, заўзята аб чымсьці спрачаліся. Спрэчка пары была такая гарачая і рашучая, што запал яе імгненна перадаўся прэзідэнту.

— Але... а што гэта вы ўсе такія панурыя? — сказаў ён і імклівым крокам вярнуўся да трыбуны. – Я ж сказаў, ніхто вашага патрыятычнага запалу ўціскаць не збіраецца. Дык калі ласка, шаноўныя, у добры шлях! Калі ласачка!