— Ну, як сабе хочаш, — кажа Надзя.
— Як хочаце, — падтаквае дачцэ Ашрыта і шырока, ажно агаляецца добрая палова яе прадаўгаватых цукрова-белых зубоў, усміхаецца, адстаўляе на край стала адну з піял. – То няхай тады гэта будзе для Савельевіча.
Яна шнарыць вачыма па двары з намерам угледзець ВАВа, каб паклікаць яго на пачастунак, але дарэмна: суседа нідзе няма. Сабакі таксама не бачна, толькі з-за рога дома, ад загароджанай прэнтамі пляцоўкі для выбівання дываноў даносіцца бязладны брэх.
— Дарэмна ты адмовіўся паесці, тата. – Надзя выцягвае лыжкаю са слодычы круглую, велічынёй з грэцкі арэх, клёцку, са смакам глытае. — Вельмі файны гэты галібджам… Дарэчы, ты не будзеш супраць, калі мы з нашага хатняга патэлефануем у аэрапорт, замовім Ашрыце квіток?
— Я сплачу званок, — кажа Ашрыта і слізгае паглядам па сцяне, на якой вісіць малюнак з выяваю каровы з вянком на рогах – яе ж падарунак Надзі з нагоды нейкага нацыянальнага індыйскага свята. – Усё адно колькі набяжыць, не мае значэння…
Бацька Ашрыты, неслабы, відаць, бізнесовец, штосьці там мудруе ў сябе на радзіме з валютай, і, падобна, фінансавых цяжкасцей для дзяўчыны насамрэч не існуе.
— Перастань, Ашрытка, — адмахваецца Надзя і набірае нумар. – Квіток да Дэлі праз Маскву, калі ласка, на бліжэйшы рэйс, — кажа ў слухаўку, трымаючы перад сабою сяброўчын пашпарт. – Ашрыта Сусай Вікторыя. Аш-ры-та... Су-сай... Вік-то-рыя…
У дзеўкі напалову хрысціянскае імя, яна паходзіць з ваколіцаў Веланкані, вядомага на ўвесь Індастан цэнтра каталіцкага жыцця дзесьці паблізу Бенгальскае затокі. Мне карціць спытаць, ці датычыць тамтэйшых насельнікаў тое, што Альдзя распавяла пра індускі пахавальны абрад, але я не паспяваю. Ашрыцін мабільнік дробна трэнькае, і яна з радасным воклічам знікае ў пакоі.
Індуска вяртаецца ў калідор праз колькі хвілін. Усхваляванасць на яе твары ды валіза ў руках ( і як паспела даць рады спакаваць за гэткі кароткі час?) сумненняў не пакідае: бабулі горш.
— Выклічам таксі? – кажа Надзя і зноў садзіцца на тэлефон.
Пакуль дачка замаўляе аўто, Ашрыта дастае з кішэньчыка кофты фотку, падае мне.
— Мая бабуля, — кажа і торкае пальцам у паставу сівавалосай жанчыны ў каляровым сары, што стаіць побач з нейкім маладзёнам на фоне ці то кустоўя, ці то дывана з яго выяваю.
— А гэта хто? – больш з жадання падтрымаць размову, чым з цікаўнасці, пытаюся я. – Мабыць, брат твой?
— Не… Так, адзін чалавек, — адказвае яна і кладзе фотку ў кішэньчык. Яна робіць гэта з такім вясёлым бляскам у паглядзе, што мне робіцца не па сабе.
Дзеўкі вяртаюцца ў пакой, і на колькі часу ў кватэры запаноўвае цішыня. Але неўзабаве двор агалошвае гук клаксана.
Надзя і Ашрыта выходзяць на пляцоўку, і вось ужо абедзве ў двары, ля аўто. Іх развітанне такое доўгае і надрывістае, быццам яны развітваюцца сама меней на дзесяць гадоў.
Аднекуль з-за альтанкі з’яўляецца Савельевіч, падыходзіць да аўто, загаворвае з Ашрытай. Яна штосьці прамаўляе старому ў адказ, затым цалуе Надзю ў шчаку, нырае ў чэрава таксі. Машына вырульвае з двара, знікае за рогам дома.
Савельевіч тузае сабаку за ашыйнік, паказвае мне на мігі, каб выходзіў. Пяць гадзін, звыклы час нашых штодзённых сумесных прагулянак, і я цягнуся ў двор.
— Што ні край, то звычай, — кажа Савельевіч і засяроджана глядзіць у накірунку зніклага з поля зроку аўто.
— У смерці адзін звычай: сканаў – і бывайце, — кажу я не без разліку выклікаць старога – як правіла, ён занадта маўклівы — на больш працяглую размову.
Кусцістыя выцвілыя бровы суседа імкліва паўзуць угору, агаляюць неўразуменне ў бляклых, запарушаных друзам ад застарэлага кан’юнктывіту вачах.
— Пры чым тут смерць? Тут пра вяселле ідзе, а ён – пра смерць… Вяселле хоць дзе вяселле. Хоць у нас, хоць у Індыі, хоць яшчэ дзе...
— Якое вяселле? У дзяўчыны бабуля канае... Вы штосьці блытаеце, Савельевіч. Ці яна вам нічога не сказала?
— Нічога не блытаю, — кажа ён і шматзначна хмыкае.
— То пра якое вяселле вы кажаце?
— Пра якое... Хлопец у яе там, у Індыі. Але не хрысціянін, вось яе бацька і ўпёрся: маўляў, няма чаго з не адзінаверцам брацца... І выправіў дзеўку ў замежжа вучыцца, далей ад граху. У іх жа там строга з гэтым... Каставая няроўнасць і іншае... Дык вось цяпер, можа, як прыедзе, знойдуць якое паразуменне. А не знойдуць – без бацькавага блаславення ажэняцца. Так яна мне сказала.
— То, значыць, бабуліна хвароба для яе — толькі нагода, каб пабачыцца з каханкам? Але ж…