Выбрать главу

— А што, калі і нагода? Што тут кепскага? – кажа Савельевіч, і дакор у ягоным голасе на хвіліну збівае мяне з тропу. – Быццам адно другому замінае. Каб толькі такія злачынствы і былі на свеце, як гэтае!

Ён яшчэ штосьці хоча дадаць да сказанага, але не паспявае. Надзя высоўвае голаў у вакно, кліча суседа на пачастунак.

— Смачна то смачна, але на гэткім харчы, на пожні, ці ля статку, ці на тым жа заводзе пазавіхаўшыся, доўга не працягнеш. — Савельевіч дапівае юшку, адстаўляе піялу ўбок. – Вось людзі гэтыя індусы: на вуліцах спрэс ялавічына ў іх, а яны не каб наесціся ад пуза дармовага — салодкім перабіваюцца.

Стары падымаецца з-за стала, ідзе да дзвярэй. Ён пакінуў сабаку ў двары, і той цяпер раз-пораз агалошвае наваколле роспачлівым брэхам, кліча гаспадара. Ды і справа чакае Савельевіча: сёння акурат дзень народзінаў ягонай нябожчыцы жонкі, і ён збіраецца ехаць да яе на могілкі ў адведзіны.

Надзя праводзіць госця ў калідор, чакае, пакуль той абуецца, вяртаецца ў пакой.

— Ну, дык вось калі ў каго, да прыкладу, спіна баліць, а на клады яму ў гэты дзень трэба конча, што тады – ужо і не ехаць? – выпростваючыся, кажа ВАВ. – Гэтак, па-твойму?

— Савельевіч, пра што гэта вы? – дзівіцца з рэплікі старога Надзя. – Якая спіна? Якія клады?

— Я не табе гэта, а бацьку твайму, ВІ нашаму дарагому… Ён ведае, пра што.

— Ну вы даяце, дзядзькі, дай тут рады вас зразумець, — маша рукою Надзя і кідаецца зноў у калідор, бо там абзываецца званком тэлефон.

— Да пабачэння. Дзякуй за пачостку, — кажа Савельевіч і выходзіць на пляцоўку.

— Тата, цябе...

— Гэта я зноў. — Альдзін голас гучыць засяроджана, нават сурова. – Я ўсё пра тое ж... Яшчэ вось распытала ў суседкі наконт кватэры... Дык, аказваецца, і паперак не так шмат збіраць на афармленне. За тыдзень можна ўсё ўправіцца зрабіць, калі добра парупіцца... Ну, як ты, надумаўся што-небудзь? Не? Надумаешся – адразу скажы, чуеш? Не цягні ката за хвост. Чуеш ты мяне? Што маўчыш?

Мне хочацца паслаць яе куды падалей, і я ўжо ледзьве тое не раблю, як на вочы мне трапляе пакінутая дачкою побач з апаратам піяла з недаедзеным галібджамам. Я вывуджваю са слодычы клёцку, не зважаючы на нектар, што плыве па пальцах ды з пальцаў на падлогу, похапкам глытаю яе, затым яшчэ адну, і яшчэ…

— Прывітанне табе з Індыі! – кажу, праглынуўшы з паўдзесятка, і кладу слухаўку на месца.

Скупы перадзімовы прамень выслізгвае з-за даху суседняга дома, асвятляе на хвіліну Ашрыцін малюнак з каровай, што весела паміргвае мне з рамкі і зноў праз хвіліну сцінаецца ў паважнай самавітасці ў прагалку паміж вушаком і люстэркам.

Духі Нізіннае Мошы

Апавяданне

У той год спёка трымала ў сваіх чэпкіх абдоймах апошніх жыхароў Нізіннае Мошы і яе ваколіцаў без малога тры месяцы. Ад пачатку ліпеня і аж да сярэдзіны восені не крапнула на тамтэйшыя западзіны, узгоркі ды палеткі ані грама дажджу. Сасмяглая флора дачасна пабілася спрэс хваравітай, нязвыклай для гэткае пары года жаўцізною, а і без таго беднаваты на спажыўныя рэчывы паўночны суглінак дазвання зрудзеў, запёкся калянымі глыжамі, як запякаюцца імі пакінутыя кепскаю гаспадыняй на прыпеку на значна даўжэйшы час, чым патрабуе таго тэхналогія вырабу, галоўкі сыру. Калі ж няўрокам і дапінала да Нізіннае Мошы выпадковая, залётная аблачына, дык і яна прыносіла з сабою больш клопатаў, чым палёгкі. Невыносная гарачыня змянялася падчас навальніцы такім грымоццем і рэзрухам, што людзям нічога іншага не заставалася, як прасіць Бога аб літасці пакінуць усё як ёсць і не выпрабоўваць напрыканцы жыцця шаламі стыхіі. Тым больш, што перамены, хай і да лепшага, ім надта не абыходзілі: статку яны ўжо амаль не трымалі, а што да гародаў і тых шчадротаў, якімі тыя гароды могуць адарыць вясковага рупліўца ўзамен на пякельную працу, — то ці так ужо шмат трэба старому чалавеку? Пражыўшы жыццё ў вечным дбанні пра кавалак хлеба, цяпер, на схіле дзён сваіх, яны ўрэшце маглі крыху расслабіцца, павохкаўшы дзеля прыліку над расповедамі радыё- ды тэледыктараў пра газавыя, малочныя і іншыя войны краю з блізкімі і не надта блізкімі суседзямі, аддацца салодкай мане серыялаў або зваблівым згадкам з часоў мінулых. Рэчы менш зменлівыя, чым засуха, якая прыйшла ў тым годзе на мошаўскія абшары разам з летняю задухай, такія, як набыццё кавалка тканіны на сукенку ці на пінжак да дня адыходу ў лепшы свет або зграбнасць надпісу на помніку па тым адыходзе, уяўляліся ім куды больш надзённымі, куды больш вартымі клопату. Адзінае, бадай, што лучыла іх па-ранейшаму, як у дні маладосці, з мітуслівым светам, – хто б даў веры? — грошы. Ды яшчэ каліва гонару за ўласны, гэтак багаты на падзеі і добрыя ўчынкі жыццёвы досвед, упартая старэчая надзея, што вось аднойчы ж і ён, той досвед, каму-небудзь ды прыдасца, паслужыць калі не ўзорам паводзінаў, дык хаця б дарадцам у той ці іншай справе. Не ўяўляючы іншага жыцця, як тое, што адбылі яны тут, на бедных гэтых суглінках, апошнія жыхары Нізіннае Мошы і прыпушчаць не жадалі, што маглі б ставіцца да першага і другога ці распарадзіцца імі напрыканцы іначай, чым вымагала прадаўняя, пругкая, як напятая лёска вуды, калі таргае яе за зазуб з прынадаю неабачлівая рыбіна, завядзёнка продкаў.