І па сёння візітоўка Міжрэчча – срэбналістыя надвісленскія таполі. Такія высокія, што бачныя яны нават з адлегласці ў чатыры вярсты, з хутароў на латвійскім баку Дзвіны.
Мае бацькі пераехалі з прымежнай Вяты ў Міжрэчча, калі мне ледзь споўніўся год. І першым нашым, часовым жытлом тут акурат стаў сядзібны дом, які мы называлі пакоямі. Гэта было штосьці кшталту інтэрната. Усе памяшканні другога, драўлянага паверха дома былі занятыя сем’ямі або адзінокімі людзьмі, што пасяліліся тут у чаканні пабудовы ўласнае хаты. Так пачалася мая кароткая, але незабыўная міжрэчанская эпапея – у атачэнні прадметаў адмысловага ўзору сядзібнай архітэктуры XVII стагоддзя, што быў унесены ў міжваенны час польскім урадам у рэестр помнікаў агульнадзяржаўнага значэння. Зрэшты, ні пра сапраўдную вартасць сядзібы, ні пра тое, каму яна раней належала, мы тады не ведалі. Ужо значна пазней яе гістарычнае аблічча паўстала перад намі дзякуючы публікацыям краязнаўцы Вітольда Ермалёнка, які звярнуўся па неабходныя звесткі да вышукаў польскага даследчыка архітэктуры Рамана Афтаназі. А тады…
Лёс прэзентаваў нам раскошу спасцігаць радасці і недасканаласць свету ў атмасферы артэфактаў адметнага панскага дома, і мы з уласцівай дзяцінству непасрэднасцю ахвотна ёю карысталіся. Двухпавярхоўка з калонамі з абчасанага каменя, з абстаўленымі старадаўняю мэбляю пакоямі, з абліцаванымі цудоўнаю кафляй печамі, склепам і тузінам гаспадарчых памяшканняў, ацалелая дольная каменная частка лямуса[14] крыху воддаль, доўгія аборы ўздоўж вужакападобнай плыткай Вяткі, купальня ў месцы з дзіўнаю назваю Халуй, дубовыя, таполевыя, бэзавыя, язмінавыя ды арэхавыя алеі – усё гэта на паўтара дзесятка гадоў стала фонам нашых забаваў і гульняў, увайшло ў жыццё так трывала і натуральна, што, здавалася, будзе існаваць у ім вечна. Як і сама вёска, здольная шчадротамі прыроды нівеляваць нават самыя непрывабныя, а то часам і жахлівыя праявы сялянскага побыту. На якія мы тады, зрэшты, ахмеленыя рамантыкай волі і водарам экзатычных раслін і кветак, не надта і зважалі. Балазе горкую пігулку ў выглядзе жменькі выдадзенай бацькам на працадні сахарыны або пары галовак калянага кубінскага цукру ды бохана крамнага хлеба на чацвярых у Міжрэччы заўсёды без цяжкасці можна было падсаладзіць самаробнаю гарбатаю з духмяных зёлак або кампотам з ягадаў рассеянага ў наваколі букштыну[15] і барбарысу. Жорсткая безвыходнасць калгаснага жыцця на той час яшчэ не наклала на насельнікаў Міжрэчча адбітку ў выглядзе беспрасветнага п’янства і з каптуром кампенсавалася шчодрасцю прыроды. Ды, каб палюбіць нават такую прыроду дарэшты, аднае яе шчодрасці, відаць, было нам недастаткова. Можа, таму і сталася гэтак, што, аддаючы належнае спаконвечнай сялянскай карміцельцы, ніводзін з нас па сканчэнні школы лёсу з працай земляроба так і не звязаў.
Узрастанню душы спрыяе лагода, гартуе яе, безумоўна, — суровасць. Але і талая вада з растопленага на прыпеку снегу ці лёду, адсутнасць цацак або чаравікаў у кожную пару года, да ванітаў абрыдлая штодзённая кава з цукровага бурака — дробязі ў параўнанні з жорсткасцю натуры, якую назірае вясковае дзіця ў дачыненні да тых, хто з’яўляецца адзіным яго абаронцам, — уласных бацькоў. Дробязі, якія адных насамрэч гартуюць ды робяць дужымі, бы крэмень, другіх – наадварот, пераломваюць напалам, на ўсё жыццё пазбаўляюць волі і здольнасці да супраціву.
На тле сусветных катаклізмаў сюжэт пра тое, як у нейкага селяніна ў нейкім Міжрэччы захварэла карова і як ён, не бачачы іншага выйсця, збіраецца яе, адзіную запаруку хоць якога дабрабыту, прырэзаць не астылаю ад ранішняй ходкі па пожні касою, каб потым выкінуць у глухі яр на радасць навакольнаму звяр’ю ды птушкам, у большасці людзей, бадай, толькі выкліча ўсмешку. Узгадаванаму на сучасных вартасных крытэрыях чалавеку не палічыць за дробязь неймаверную каштоўнасць каровы ці авечкі для сялянскага двара эпохі кукурузнага свербу Мікіты Хрушчова гэтаксама цяжка, як цяжка прыняць усур’ёз стаўленне абарыгена афрыканскае пустэльні да свайго статку як да падставы для гонару ці, наадварот, ганьбы за ўзровень уласных фізічных ды разумовых здольнасцей у часе сённяшнім.
Гэткіх дробязяў у Міжрэччы, маляўнічым нагрувашчанні сялянскіх хатаў на тле замкнёнай прасторы калісьці бездакорнага, ды з кожным днём усё больш запусцелага сядзібнага дома-палаца, ніколі не бракавала.
*
Качанне яек у свята Вялікадня, гульні ў «штандар» і «шпіёнаў», кулоганне да пасінення ў рацэ, скокі з ільдзіны на ільдзіну падчас крыгаходу, лазенне па дрэвах, лоўля птушак на сіло з конскага воласу, галавакружныя спускі на санках і лыжах з высокіх, стромых гор і абрываў – усё было ў нас як звычайна ў большасці вясковых дзяцей. Праўда, часам гульні нашыя былі і даволі небяспечныя – вядома ж: якія варункі існавання, такія і гульні. Нашы, першага калена тубыльцаў-міжрэчанцаў, гульні, хоць і не выходзілі з межаў агульнапрынятага ўяўлення аб прыстойнасці ды чалавекалюбстве, былі даволі рызыкоўныя і часам нагадвалі балансаванне на мяжы з бядою. Што гэта за гульня – кінуць запалку на кладню сена ці саломы, а потым памануцца загасіць той агонь уласным целам? Так мы ўпотайкі ад дарослых рабілі ў лядашчых, пераробленых са старых клецяў пунях ды хлявах, так рабілі ў даўжэзнай, запоўненай па самы дах калгасным лёнам панскай аборы. Лёгкі шоргат запалкі аб пушку, хваля агню, і вось ужо ладны кавалак кладні ахоплены полымем, і ты куляешся на яго з маціцы, закрываеш сабою. Што будзе ў наступную хвіліну, табе няведама, як няведамы да часу і кошт гэткіх шалаў наогул. Падрабязнасці якіх неўпрыцям развярэдзяць глузды вусцішам здзейсненага праз тры-чатыры дзесяткі гадоў ды зробяцца шараговай дэталлю сюжэта у якім-небудзь «Удогу».